Поўная версія
Міхаіл Кавалёў

Арыенцірам у эканамічнай палітыцы павінны быць інтарэсы людзей, а не фармальныя паказчыкі

Меркаванні 03.03.2018 | 11:21
Міхаіл Кавалёў Міхаіл Кавалёў Дэкан эканамічнага факультэта БДУ

Арыенцірам пры рэалізацыі эканамічнай палітыкі павінны быць інтарэсы людзей, а не фармальныя паказчыкі. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў дэкан эканамічнага факультэта БДУ, прафесар Міхаіл Кавалёў, каменціруючы вынікі справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках работы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

"Прэзідэнт мае рацыю: большасць людзей не цікавяць паказчыкі інфляцыі, росту ВУП. Насельніцтва хвалюе, што можна купіць на зарплату. Таму, вядома, уся краіна, і вялікія, і малыя прадпрыемствы павінны прыкладаць намаганні, каб зарплата ў нас расла крыху хутчэй, чым гэта адбываецца цяпер, а цэны ўстанаўліваліся ў адпаведнасці з інфляцыяй і ні на капейку больш. Народ гэта вельмі хвалюе", - адзначыў Міхаіл Кавалёў.

Эксперт звярнуў увагу, што ў канцы 2017 года і ў бягучым годзе ўрадам было шмат што зроблена для стрымлівання інфляцыі і стварэння новых рабочых месцаў, і работа дае вынікі. На працягу 2018 года новыя высокапрадукцыйныя рабочыя месцы павінны з'явіцца ў тым ліку дзякуючы рэалізацыі дэкрэтаў нумар 7 і нумар 8, якія пасадзейнічаюць развіццю прадпрымальніцтва і лічбавай эканомікі. Так, у 2017 годзе экспарт камп'ютарных праграм склаў каля $1,2 млрд, а гэта 30 тыс. рабочых месцаў, дзе забяспечана высокая зарплата. "Па іншых галінах мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб больш прадаваць тавараў за мяжу і зарабляць грошы, павялічваць зарплату", - дадаў дэкан эканамічнага факультэта БДУ.

Першы месяц бягучага года паказвае, што ўдаецца захоўваць пазітыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы. Аб гэтым сведчыць і рост ВУП у студзені на 4,6 працэнта. Аб'ём прамысловай вытворчасці таксама дэманструе рост - ён павялічыўся ў студзені на 9,7 працэнта. "Я аптымістычна гляджу ў гэты год і думаю, што з улікам мэт і задач, якія сёння паставіў Прэзідэнт, урад справіцца і гэты год у нас будзе пераломным у эканоміцы", - рэзюмаваў Міхаіл Кавалёў.

Поўная версія