Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
14 сакавіка 2016, 16:50
Мар'яна Шчоткiна

Жыццёва важна выбраць аптымальную пенсійную стратэгію

Мар'яна Шчоткiна
Кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, старшыня ГА "Беларускі саюз жанчын"

Матэрыялы ў СМІ аб нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па пенсійнай тэматыцы літаральна ўзарвалі чытацкі рэйтынг па папулярнасці. Гэта было прадказальна і чакана - тэма хвалюе літаральна кожнага чалавека, паколькі закранае непасрэдна яго асабістыя інтарэсы. На разглядзе ў кіраўніка дзяржавы цяпер знаходзяцца тры варыянты, прапанаваныя ўрадам. Канчатковае рашэнне будзе прынята пасля іх шырокага абмеркавання. Яно ўжо ідзе поўным ходам. У водгуках чытачоў адзначыла для сябе новы паварот: у аснову асноў ставіцца ўжо не павышэнне пенсійнага ўзросту (на мой погляд, большасць жыхароў краіны падспудна даўно зразумелі, што яно непазбежна), а пытанні аб тым, як, калі і наколькі. І тут колькі людзей - столькі меркаванняў. Але, пагадзіцеся, меркаванні павінны грунтавацца на разуменні сітуацыі, а не зыходзіць з пастулата "хачу - не хачу". Карэспандэнт БЕЛТА звярнулася да міністра працы і сацыяльнай абароны Мар'яны Шчоткінай з просьбай расказаць аб тым, на якім сацыяльна-эканамічным скрыжаванні мы цяпер знаходзімся і якія магчымы варыянты.

- Мар'яна Акіндзінаўна, пенсійнае пытанне прынята лічыць ключавым у сацыяльнай сферы, што бясспрэчна і безумоўна. Але, на жаль, значна радзей гавораць аб тым, што гэта і пытанне эканомікі. А менавіта ж эканоміка - у звязцы з дэмаграфіяй - ставіць усе краіны свету перад неабходнасцю пенсійнага рэфармавання. І потым ужо гэта пытанне пераходзіць у палітычную плоскасць - плоскасць прыняцця рашэння. Вельмі хацелася б ведаць сацыяльна-эканамічную падаплёку беларускага пенсійнага пытання.

- Адна з важнейшых задач дзяржавы - забяспечыць выплату пенсій своечасова і ў поўным аб'ёме. Гэта ўжо ўспрымаецца людзьмі як аксіёма, бо дзяржава дакладна выконвае свае абавязацельствы. Аднак пытанне пенсійных выплат - гэта тэарэма, якую трэба даказваць... з улікам пенсійных адлічэнняў.

Выплата пенсій заўсёды фінансуецца работнікамі: менавіта яны ствараюць ВУП, доля якога накіроўваецца на матэрыяльнае забеспячэнне пенсіянераў. Таму любая пенсійная сістэма залежыць ад суадносін паміж працаздольнымі і пажылымі людзьмі, гэта значыць ад дэмаграфічнай структуры насельніцтва. І,вядома, ад работы эканомікі (у гэтым выпадку ўплыў аказвае фонд заработнай платы).

Давайце паглядзім, як вызначаецца сярэдні памер пенсіі. Уявіце сабе дроб: у лічніку - фонд заработнай платы, памножаны на страхавы тарыф, у назоўніку - колькасць пенсіянераў. Каб рэзультат (сярэдні памер пенсіі) быў вышэйшы, трэба або павялічыць лічнік - фонд заработнай платы і (або) страхавы тарыф, або зменшыць назоўнік (колькасць пенсіянераў). Вось такая, здавалася б, простая і зразумелая арыфметыка. Пытанне ў тым, якім чынам дасягаць выніку.

- Павышаць страхавы тарыф эканамічна немэтазгодна (ударыць па канкурэнтаздольнасці прадукцыі), фонд заработнай платы франтальна не павялічыцца (павінен адпавядаць росту прадукцыйнасці працы). Такім чынам, застаецца толькі змяншэнне назоўніка - і гэта азначае павышэнне пенсійнага ўзросту, паколькі прывядзе да змяншэння колькасці пенсіянераў. Зрэшты, усе краіны з высокай доляй пажылых людзей лічаць павышэнне пенсійнага ўзросту найлепшым выйсцем. Або, калі дазволіце, найменшай з бед ва ўмовах наспяваючых пенсійных рызык.

- Сапраўды, за апошнія дзесяцігоддзі колькасць пажылых людзей значна павялічылася. Як вядома, па крытэрыях ААН насельніцтва краіны лічыцца старым, калі доля асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых перавышае 7 працэнтаў. У нашай краіне - 14,2 працэнта.

Загадзя прашу выбачэння за мноства лічбаў, але яны лепш за словы ілюструюць дэмаграфічны зрэз грамадства. Зрэшты, удзельная вага асоб у пенсійным узросце ў агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі павялічылася з 13,6 працэнта ў 1960 годзе амаль да 25 працэнтаў у 2015 годзе і, паводле ацэнкі, да 2030 года складзе 30 працэнтаў. Калі цяпер кожны чацвёрты жыхар Беларусі - пенсіянер, то праз 15 гадоў гэта будзе ўжо кожны трэці (пры ўмове, што пенсійная ўзроставая планка застанецца на цяперашняй адзнацы). Прычым гэта будзе адбывацца на фоне зніжэння колькасці насельніцтва ў працаздольным узросце. Калі цяпер на 100 работнікаў прыпадае 61 пенсіянер, у 2020-м будзе 66, то ў 2030 годзе, як чакаецца, стане ужо 78.

Сваю ролю адыгрывае і тэндэнцыя росту працягласці жыцця ў Беларусі. Яна пазітыўная, не можа не радаваць. Але трэба ўлічваць звязаны з гэтым рост нагрузкі на пенсійную сістэму. Сярэдняя чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні з 2005 года павялічылася ў мужчын на 5 гадоў (з 62,9 да 67,8 года), у жанчын - больш як на 10 гадоў (з 67,8 да 78,4 года). Што, зразумела, вядзе да павелічэння пенсійных расходаў. І яны павінны быць забяспечаны ў поўным аб'ёме.

Неабходна ўлічваць, што ў бягучым пяцігоддзі змяненне ўзроставай структуры насельніцтва будзе вельмі інтэнсіўным. Дадатковая патрэбнасць у сродках на пенсіі ўжо ў наступным годзе можа скласці амаль 0,18 працэнта ВУП, да 2020 года - 0,69 працэнта, да 2030 года - амаль 2 працэнты ВУП. А гэта плюс амаль 20 працэнтаў да сённяшніх расходаў.

- Ці не разглядаецца магчымасць абмежавання пенсійных выплат для працуючых пенсіянераў? Гэта сэканоміла б сродкі бюджэту фонду сацабароны насельніцтва... Наколькі мне вядома, штомесяц на выплату пенсій працуючым пенсіянерам накіроўваецца больш як Br1 трлн.

- Цяпер у рэспубліцы прадаўжаюць працаваць 663 тыс. пенсіянераў. Дзеючы механізм выплаты пенсій працуючым пенсіянерам захоўваецца.

- Важным індыкатарам пенсійнага забяспечэння з'яўляюцца суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы работнікаў. Якая дынаміка гэтага паказчыка і прагноз на бліжэйшую будучыню?

- У выніку дэмаграфічных змяненняў гэты паказчык (так званы каэфіцыент замяшчэння) пачаў зніжацца: у 2001 годзе ён складаў амаль 45 працэнтаў, у 2008-м - 44 працэнты, у 2015-м - 41,7 працэнта. І калі пакінуць усё, як ёсць, нічога не змяняць, то для захавання стабільнай выплаты пенсій у сацыяльна прымальным памеры спатрэбяцца значныя фінансавыя ўліванні. Іх крыніцай - тэарэтычна - могуць быць субвенцыі рэспубліканскага бюджэту або больш высокія страхавыя ўзносы. Напрыклад, у Расійскай Федэрацыі пенсійны фонд часткова фінансуецца федэральным бюджэтам, а ў Нарвегіі выкарыстоўваецца нафтавы фонд. Але ў Беларусі такой магчымасці няма.

Павышаць жа страхавыя ўзносы немэтазгодна, паколькі гэта павялічвае нагрузку на наймальніка. Аб гэтым мы ўжо гаварылі ў пачатку нашай гутаркі.

- У мяне яшчэ пытанне: чаму раней не былі прыняты меры па адаптацыі пенсійнай сістэмы да зменлівых рэалій?

- Меры былі прыняты, і даволі значныя. Па-першае, уведзена прафесійнае пенсійнае страхаванне, датэрміновыя пенсіі па ўмовах працы паступова выводзяцца за рамкі агульнай пенсійнай сістэмы. Па-другое, з 2014 года для назначэння пенсіі значна павялічаны мінімальны стаж работы з выплатай узносаў - з 5 да 15 гадоў 6 месяцаў у бягучым годзе, а да 2025 года ён будзе паступова даведзены да 20 гадоў. Пры гэтым, дабаўлю, для сацыяльна слабаабароненых катэгорый - шматдзетных маці з пяццю дзецьмі, інвалідаў з дзяцінства і іх бацькоў - захаваны ранейшы 5-гадовы стаж. Па-трэцяе, на пяць гадоў павышаны пенсійны ўзрост для тых, хто не адпрацаваў мінімальнага страхавога стажу. Па-чацвёртае, уведзена правіла аб вылічэнні памеру пенсіі з абавязковым улікам звестак Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва аб заработку, з якога выплачаны страхавыя ўзносы, што садзейнічае легалізацыі даходаў.

Пакуль гэтых мер было дастаткова. Але цяпер трэба рухацца далей.

- Атрымліваецца, у якасці магчымых напрамкаў захавання ўзроўню пенсій не застаецца варыянтаў акрамя як павышэнне пенсійнага ўзросту.

- Мы павінны жыць не сённяшнім днём, а глядзець на дзесяцігоддзі наперад. Прымаючы такое рашэнне, з аднаго боку, мы запаволім і нават спынім рост колькасці пенсіянераў, а з іншага боку, затрымаем на рынку працы тых, хто цалкам здольны яшчэ забяспечваць сябе самастойна. Інакш кажучы, вельмі важна стабілізаваць колькасць грамадзян у працаздольным узросце.

Пенсійны ўзрост 55 гадоў для жанчын і 60 гадоў для мужчын на постсавецкай прасторы захоўваецца толькі ў Беларусі, Расіі і Узбекістане. Для ўсіх катэгорый насельніцтва ён быў устаноўлены больш як паўстагоддзя таму. А час, як вядома, далёка пайшоў наперад, сацыяльна-эканамічная і дэмаграфічная сітуацыя змянілася кардынальна, ды і самі людзі сталі зусім іншыя - і ў плане здароўя, і ў плане прафесійнага патэнцыялу.

Па шляху павышэння пенсійнага парога ідуць усе еўрапейскія краіны - з улікам дэмаграфічнай сітуацыі яны пераглядаюць умовы прадастаўлення дзяржаўных пенсій. Трэба канстатаваць, што і ў Беларусі склаліся сур'ёзныя дэмаграфічныя перадумовы для такога кроку. Для выбару аптымальнай стратэгіі павышэння пенсійнага ўзросту неабходна вызначыцца з адказамі на глабальныя пытанні: калі пачаць павышэнне; якімі тэмпамі; да якіх межаў. Прычым улічваць трэба не толькі фінансавыя, але і сацыяльныя аспекты.

- Пачнём з пытання "калі?". Урадам прапанавана зрабіць стартавым 1 студзеня 2017 года. Якая аргументацыя, можна даведацца?

- Гэта адзін з варыянтаў. Менавіта ў перыяд з 2017 па 2020 год колькасць асоб, якія дасягаюць пенсійнага ўзросту (55/60 гадоў), будзе значная - у 1,5-1,6 раза - перавышаць колькасць асоб, якія дасягаюць 16-гадовага (гэта значыць працаздольнага) узросту.

Можна, скажам, стартаваць і з 2018-га. Але тады трэба будзе дадаткова знайсці фінансавыя сродкі ў аб'ёме не менш як Br2 трлн на 2017 год. Далей - больш.

Цяпер пытанне аб тэмпах. Разглядаецца варыянт павышэння на 6 месяцаў штогод. І гэта, падкрэслю, самы павольны тэмп, які мы можам сабе дазволіць. Калі адкласці прыняцце рашэння па пенсійным узросце, тэмп давядзецца паскорыць, а гэта больш адчувальна для людзей. Скажам, павышэнне пенсійнага ўзросту штогадова на 1 год фактычна раўназначна яго павышэнню адразу да новай мяжы.

З наступствамі рэзкага павышэння можа не справіцца рынак працы.

- Атрымліваецца, калі з 2017 года пачаць плаўнае павышэнне пенсійнага ўзросту, то гэта будзе больш мяккай альтэрнатывай - і для людзей, і для рынку працы?

- Пры штогадовым павышэнні на 6 месяцаў адначасова для жанчын і для мужчын колькасць працаздольнага насельніцтва практычна стабілізуецца на сённяшнім узроўні (каля 5,5 млн чалавек) да 2030 года. Гэта галоўны аргумент.

Урадам прапанаваны тры асноўныя варыянты павышэння пенсійнага ўзросту. Першы - паступовае павышэнне ўзросту для мужчын да 63 гадоў, для жанчын да 58 гадоў; другі - да 63/60, трэці - да 65/60 гадоў. Гэтыя варыянты і вынесены на абмеркаванне грамадскасці.

Кожны з прапанаваных варыянтаў мае свае плюсы і мінусы. У цэлым жа фінансавыя і дэмаграфічныя эфекты па ўсіх варыянтах прыкладна аднолькавыя. Хоць прыняцце аднаго з першых двух варыянтаў прывядзе да таго, што захаваецца рэзерв для далейшага павышэння пенсійнага ўзросту ў будучым, калі ў гэтым будзе неабходнасць.

- А як наконт катэгарыяльнага прынцыпу?

- Незалежна ад выбранага варыянта адпаведна будзе зменены пенсійны ўзрост для ўсіх ільготных катэгорый. Тым самым будзе забяспечаны аднолькавы, роўны падыход.

- Нельга не закрануць пытанне магчымасці ўвядзення абавязковага накапляльнага элемента ў пенсійную сістэму. Ці будзе ў нас "доўгі" пенсійны рубель для фінансавага рынку?

- Трэба разумець, што ў існуючых умовах накапляльная сістэма нясе вялікія інфляцыйныя і інвестыцыйныя рызыкі. Гэта, дарэчы, прывяло да згортвання такіх праграм у многіх краінах свету. Напрыклад, у Чылі ўзніклі вялікія праблемы з гэтымі пенсіямі, а калісьці ж іх сістэма лічылася адной з самых прагрэсіўных у свеце. У Аргенціне наогул былі нацыяналізаваны пенсійныя накапленні ў сувязі з неабходнасцю выплаты знешняга доўгу. Поўнасцю ліквідавала накапляльную частку пенсіі Венгрыя, а Польшча і Славакія перавялі накапляльны элемент на добраахвотную аснову.

Дарэчы, накіраванне часткі страхавых сродкаў на накапленне прывядзе да дэфіцыту ў фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва. Хто іх запоўніць? Сёння 1 працэнт страхавых узносаў "каштуе" Br3,3 трлн.

- А калі ўвесці гэты элемент толькі для тых, хто пачынае працоўнае жыццё? І за кошт, скажам, толькі аднаго дадатковага працэнта з зарплаты маладога работніка?

- Праблема яшчэ і ў тым, што дзяржава павінна гарантаваць людзям захаванасць і прымнажэнне абавязковых пенсійных накапленняў. Каб разлічваць на рэальную аддачу ад інвесціравання пенсійных сродкаў, трэба высокае развіццё фінансавага рынку. Ды і ці маем мы права ўскладаць абавязковую дадатковую нагрузку на чалавека, няхай і 1 працэнт? Гэта ж прывядзе да зніжэння яго даходаў.

Упэўнена: накапляльныя механізмы павінны развівацца ў добраахвотным фармаце (вопыт Германіі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Францыі аб гэтым сведчыць даволі красамоўна). Цяпер такую магчымасць у нашай краіне прадастаўляюць тры страхавыя арганізацыі, у тым ліку адна дзяржаўная - "Стравіта". Перспектыўны і карпаратыўныя пенсійныя праграмы ад прадпрыемстваў. Сёння імі ахоплена больш за 46 тыс. работнікаў.

Несумненна, добраахвотнае пенсійнае страхаванне павінна развівацца. Але рашэнне павінна быць за самім чалавекам.

Алена ПРУС

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі