Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
06 лютага 2015, 18:50

Цуй Цымін: Перспектывы культурнага абмену паміж Кітаем і Беларуссю вельмі вялікія

Перспектывы культурнага абмену і супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю вельмі вялікія. Упэўненасць у гэтым выказаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін напярэдадні Свята вясны - Новага года па ўсходнім календары. Пасол расказаў аб важнасці культурных сувязей для паглыблення разумення паміж беларускім і кітайскім народамі, аб рэалізацыі двухбаковай праграмы культурных абменаў і аб тым, як праект па стварэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху будзе садзейнічаць развіццю культурных сувязей паміж дзвюма краінамі.


- Спадар Цуй Цымін, якое, на вашу думку, значэнне культурных абменаў паміж Беларуссю і Кітаем у кантэксце ўсебаковага развіцця беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння?


- Ва ўмовах імклівай глабалізацыі адбываецца ў цэлым небывалае ў гісторыі ўзмацненне ўзаемазалежнасці паміж краінамі. У якасці моста ўзаемаразумення і сувязнага звяна, што садзейнічае двухбаковым адносінам, усё больш важную ролю адыгрывае культурнае супрацоўніцтва.


За 23 гады з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю паслядоўна пашыраецца і паглыбляецца. Назіраюцца не толькі поўны палітычны ўзаемадавер і ўстойлівае эканамічнае супрацоўніцтва, але і складваюцца эфектыўныя механізмы культурнага абмену. Беларусь - гэта важная еўразійская дзяржава. У вашай краіны багатая культурная спадчына. Узровень дасведчанасці насельніцтва вельмі высокі, адукацыйны і культурны складнікі бесперапынна набіраюць абароты. Шматлікія культурныя мерапрыемствы ўзмацняюць узаемаразуменне паміж нашымі народамі. Варта асабліва адзначыць 2013 год, калі Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прынялі рашэнне аб вывядзенні кітайска-беларускіх адносін на новы ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства, пасля чаго культурны абмен і супрацоўніцтва дзвюх краін атрымалі новы імпульс у сваім развіцці.


- Якія асаблівасці развіцця кантактаў у сферы культуры паміж Паднябеснай і Беларуссю вы можаце адзначыць?


- Я вылучыў бы некалькі адметных рыс беларуска-кітайскага культурнага супрацоўніцтва. На маю думку, самае галоўнае - што культурнаму аспекту ўзаемадзеяння надаецца вялікае значэнне на ўрадавым узроўні як у Кітаі, так і ў Беларусі. Аб гэтым сведчаць факты. Так, згодна з Праграмай развіцця адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Кітаем і Беларуссю на 2014-2018 гады ўрады абедзвюх краін стварылі камітэт па супрацоўніцтве на ўзроўні віцэ-прэм'ераў, на аснове якога быў створаны падкамітэт культуры. Такім чынам, супрацоўніцтва ў сферы культуры атрымала надзейную палітычную падтрымку і гарантыі.


На працягу многіх гадоў у дзвюх краінах стваралася і цяпер існуе надзейная платформа для культурных абменаў. Краіны рэгулярна праводзяць фестывалі мастацтваў, фестывалі культуры, кінафестывалі, культурныя вечары. У 2014 годзе Беларусь наведаў дзіцячы мастацкі калектыў з горада Нанкіна для ўдзелу ў міжнародным дзіцячым фестывалі мастацтваў "Залатая пчолка", а беларускі мастацкі калектыў накіраваўся ў Кітай з візітам у адказ. У час такіх мерапрыемстваў дзеячы мастацтва абедзвюх краін умацоўваюць дружбу, многаму вучацца адзін у аднаго, пераймаюць вопыт і будуюць новыя масты дружбы і супрацоўніцтва.


У 2014 годзе ў Беларусі мы сумесна правялі пасяджэнні круглых сталоў "Кітай-Беларусь" па тэмах міжнароднага дыялогу культур. Маладыя беларускія кітаязнаўцы былі накіраваны ў Кітай з мэтай даследавання. Кіраўніцтва Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прымала ўдзел у міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў Кітаі. Самы вялікі і аўтарытэтны ў Кітаі Музей Гугун ("Забаронены горад") падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з беларускімі партнёрамі.


Хачу таксама падкрэсліць, што спектр двухбаковых культурных абменаў вельмі шырокі. Акрамя традыцыйных сфер, з'яўляюцца новыя напрамкі супрацоўніцтва, такія як журналістыка, спорт, медыцына. Гэта адкрывае новыя магчымасці. Вельмі важна, што праводзяцца не толькі забаўляльныя культурныя мерапрыемствы. Усё большае значэнне надаецца раскрыццю глыбіні культурнага зместу, пазнанню нацыянальных асаблівасцей, што актуальна ў кантэксце дыялогу цывілізацый.


- Спадар пасол, якія планы ў сферы культуры на 2015 год?


- Гэты год павінен стаць новым этапам усебаковага паглыблення культурнага супрацоўніцтва і абмену паміж Кітаем і Беларуссю. Падкамітэты культуры абедзвюх краін у другім паўгоддзі правядуць пасяджэнне, каб абазначыць усебаковы план дзеянняў у гэтай сферы. З нагоды памятнай даты 70-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі Кітай і Беларусь правядуць шэраг урачыстых мерапрыемстваў.


Мы надаём вялікае значэнне Дням культуры, якія пройдуць у сталіцах Кітая і Беларусі. Акрамя таго, упершыню ў Беларусі будзе арганізаваны цыкл кітайскіх мерапрыемстваў "Вясёлае Свята вясны". Яго адкрывае 6 лютага выступленне Нанкінскага тэатра песні і танца ў Белдзяржфілармоніі. Акрамя таго, пройдзе кітайская выстаўка, спецыяльна будуць арганізаваны мерапрыемствы для дзяцей.


Беларускі мастацкі калектыў у сваю чаргу накіруецца ў Кітай для ўдзелу ў міжнародным фестывалі мастацтваў "Сустрэчы ў Пекіне".


У лютым Кітай упершыню ў якасці пачэснага госця прыме ўдзел у XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, на якой прадстаўнікі кітайскіх выдавецтваў маюць намер правесці 35 розных мерапрыемстваў. На кніжны форум у беларускую сталіцу прыбудзе шматлікая дэлегацыя кнігавыдаўцоў, а таксама чатыры сучасныя кітайскія аўтары. У час выстаўкі чакаецца насычаная работа кітайскага стэнда: сустрэчы з пісьменнікамі і кнігавыдаўцамі, абмеркаванне перспектыў беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, знаёмства з сучаснымі кітайскімі творамі. Сярод кітайскіх гасцей А Лай - кітайская літаратурная велічыня, старшыня Сычуаньскага саюза пісьменнікаў, а таксама такія вядомыя пісьменнікі і паэты, як Лаа Ма, Сі Чуань, Сюй Цзэчэнь.


Акрамя таго, у гэтым годзе ў адпаведнасці з падпісаным міністэрствамі культуры мемарандумам аб узаемаразуменні плануецца заключыць пагадненне аб паскарэнні тэмпаў стварэння Цэнтраў культур у Беларусі і Кітаі.


- Як вы лічыце, ці ўнясе ўклад у развіццё беларуска-кітайскіх культурных сувязей рэалізацыя Кітаем буйнамаштабнага праекта па стварэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху?


- Сучасны свет - гэта свет пераўтварэння. Кітай пастаянна ідзе па шляху мірнага развіцця, выступае за дэмакратызацыю міжнародных адносін, за ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, стымулюючы станаўленне сістэмы міжнародных адносін, дзе ядром з'яўляецца ўзаемавыйгрыш, падтрымлівае ўзаемавыгадную адкрытую стратэгію. Сапраўды, цяпер кітайскі ўрад актыўна рэалізуе план стварэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Беларусь ад прыняцця ўдзелу ў эканамічным поясе Шаўковага шляху атрымае магчымасць не толькі ў поўнай меры рэалізаваць сваё выгаднае геаграфічнае становішча і спрыяльныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы, але і стварыць больш шырокую прастору для гуманітарнага супрацоўніцтва паміж народамі абедзвюх краін. Абодва бакі, і Кітай, і Беларусь, могуць актыўна прадаўжаць работу над раскрыццём патэнцыялу культурнага супрацоўніцтва з тым, каб культурны і эканамічны аспекты служылі надзейнымі крыламі, пры дапамозе якіх яшчэ вышэй узнімуцца кітайска-беларускія палітычныя адносіны, адкрываючы новую старонку Шаўковага шляху.


Аліна ГРЫШКЕВІЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі