Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
11 красавіка 2016, 14:14
Валерый Кавалькоў

Рашэнне па пенсійным узросце нельга было больш адкладаць

Валерый Кавалькоў
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны

Галоўная сацыяльная інтрыга апошняга часу вырашылася – у Беларусі прынята рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту. Такім чынам, з 2017 года пенсійная сістэма ўступае ў наступную – гістарычную, інакш не скажаш – фазу свайго развіцця. Да гэтай новай рэальнасці трэба рыхтавацца ўсім – грамадству, эканоміцы, дзяржаве. У інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў расказаў, каго закрануць навацыі ў першую чаргу, якія праблемы трэба вырашыць, чым абумоўлена павышэнне ўзросту выхаду на пенсію і якіх рызык гэта дасць магчымасць пазбегнуць.

- Валерый Валер'евіч, урадам былі прапанаваны тры варыянты. Аптымальным прызнаны той, які замацаваны ва ўказе Прэзідэнта аб удасканаленні пенсійнай сістэмы. З 1 студзеня 2017 года пенсійны ўзрост паступова – штогод на 6 месяцаў – павышаецца для мужчын да 63 гадоў, для жанчын – да 58 гадоў. Чаму захавана пяцігадовая гендарная розніца пенсійных парогаў? Трэба прызнаць, што гэта пытанне выклікала нават больш вострыя дыскусіі на форумах, чым уласна павышэнне пенсійнага ўзросту.

- У гэтых дыскусіях праціўнікі захавання пяцігадовай розніцы прыводзілі толькі адзін аргумент – дэмаграфічную статыстыку аб большай працягласці жыцця жанчын. А пры прыняцці гэтага варыянта былі ўлічаны палажэнні Канстытуцыі, нацыянальнага заканадаўства аб асаблівым клопаце дзяржавы аб жанчынах і іх павышанай сацыяльнай абароне. Што ж да дэмаграфіі, то працягласць жыцця мужчын расце – і нават больш высокімі тэмпамі, чым жанчын. Гэта пазітыўная тэндэнцыя захаваецца і ў будучым – такія прагнозы экспертаў.

- Колькі мужчын і жанчын, паводле ацэнкі, выйдуць на пенсію на паўгода пазней? Якая эканомія сродкаў ад гэтай меры?

- Аб эканоміі не можа быць гаворкі. Мы не можам дапусціць зніжэння памераў пенсій.

 

За апошні год колькасць жыхароў Беларусі, якія дасягнулі ўзросту 55/60 гадоў, павялічылася больш як на 40 тыс. (статыстыка датычыцца тых, хто стаіць на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацабароне). Цяпер налічваецца 2 млн 354 тыс. такіх пенсіянераў. Калі б не было прынята рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту, то ў 2018 годзе іх колькасць павялічылася б да 2 млн 445 тыс. – гэта плюс 90 тыс. чалавек. Дадаткова на выплату пенсій трэба было б знайсці ў 2018 годзе значны аб'ём сродкаў - каля 3,5 працэнта ад сённяшніх расходаў на пенсійнае забеспячэнне, у 2019-м - 5,2 працэнта, у 2020-м - 6,9 працэнта, а ў 2030-м – амаль 20 працэнтаў.

Цяпер аб колькасці тых, каго закране новая норма. Штогод гэта будзе каля 100 тыс. чалавек. За 2015 год органы па працы, занятасці і сацабароне назначылі 134,7 тыс. новых пенсій, з іх 104,8 тыс. пенсій па ўзросце. Для прастаты падліку - у год назначаецца больш як 100 тыс. пенсій па ўзросце. Пры павышэнні пенсійнага парога на паўгода палавіна ад гэтай колькасці штогод будуць выходзіць на пенсію на паўгода пазней, чым цяпер, другай палавіна - на год пазней.

- Вельмі многія людзі не разумеюць, што азначае на практыцы штогадовы паўгадавы крок...

- Жанчыны, якія нарадзіліся ў перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1962 года, і мужчыны, народжаныя ў перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1957 года, змогуць рэалізаваць сваё права на пенсію з ліпеня па снежань 2017 года – яны пойдуць на пенсію ў 55 гадоў 6 месяцаў і 60 гадоў 6 месяцаў адпаведна. Іх равеснікі, чый дзень нараджэння прыпадае на другое паўгоддзе 1962 і 1957 года, выйдуць на пенсію ўжо ў другой палавіне 2018 года - у 56/61 год.

Жанчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1963 года, і мужчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1958 года, змогуць выйсці на пенсію ў другім паўгоддзі 2019 года - ва ўзросце 56 гадоў і 6 месяцаў і 61 года 6 месяцаў. Тыя жанчыны і мужчыны, хто нарадзіўся ў другім паўгоддзі 1963 і 1958 года, выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі 2020 года - у 57/62 гады.

Жанчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1964 года, і мужчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1959 года, выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі 2021 года – ва ўзросце 57 гадоў 6 месяцаў і 62 года 6 месяцаў. Жанчыны і мужчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1964-га і 1959-га, выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі 2022 года - у 58/63 гады.

Паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту завершыцца, калі ў другой палавіне 2022 года на пенсію выйдуць мужчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1959 года, і жанчыны, якія нарадзіліся ў другой палавіне 1964 года.

Пры гэтым трэба звярнуць увагу, што ўзрост выхаду на пенсію будзе залежаць не толькі ад даты нараджэння, але і ад даты звароту за назначэннем пенсіі. Так, калі жанчына, народжаная ў другім паўгоддзі 1962 года (напрыклад у снежні), звернецца за назначэннем пенсіі не ў перыяд узнікнення права на пенсію (у снежні 2018 года), а пазней, скажам, у лютым 2019 года, то права на пенсію ёй можа быць прадастаўлена не раней, чым яна дасягне пенсійнага ўзросту, устаноўленага для жанчын у 2019 годзе (56 гадоў 6 месяцаў), інакш кажучы не раней за чэрвень 2019 года.

- Цікава, які ўзрост будзе лічыцца перадпенсійным? Цяпер гэта 53 гады - для жанчын, 58 гадоў - для мужчын, а наступныя гады?

- Па меры павышэння пенсійнага ўзросту будзе адпаведна павялічвацца і перадпенсійны ўзрост.

- Якія прадугледжаны гарантыі занятасці для работнікаў перадпенсійнага ўзросту? І ці зрушацца “ўзроставыя” межы гэтых гарантый разам з павышэннем пенсійнага парога?

- Ва ўказе нумар 180 змешчаны так званыя ахоўныя нормы для работнікаў перадпенсійнага ўзросту – кантракты з мужчынамі і жанчынамі гэтага ўзросту павінны заключацца як мінімум да агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту 55/60 гадоў. Паколькі гэтыя нормы ўжо скарэкціраваны, узрост для гарантый па занятасці таксама павялічыцца.

- Як новы пенсійны ўзрост і плаўныя тэмы яго ўвядзення (па 6 месяцаў з 1 студзеня кожнага года) увязаны з ёмістасцю рынку працы?

- Прыняты варыянт павышэння пенсійнага ўзросту не прывядзе да росту напружанасці на рынку працы.

Як вядома, пасля назначэння пенсіі большасць грамадзян прадаўжаюць працаваць яшчэ каля 5 гадоў. Сёння працуюць 663 тыс. пенсіянераў, або 25 працэнтаў ад іх агульнай колькасці. Паводле статыстыкі, у першы год пасля назначэння пенсіі прадаўжаюць працоўную дзейнасць амаль 68 працэнтаў жанчын і больш як палавіна мужчын. Цераз пяць гадоў пасля назначэння пенсіі прадаўжаюць працаваць 40 працэнтаў жанчын і 30 працэнтаў мужчын. Інакш кажучы занятасць сярод новых пенсіянераў даволі высокая. Улічваўся і выхад выпускнікоў на рынак працы: ад 95,8 тыс. чалавек у 2017 годзе да 78,3 тыс. чалавек у 2020-м. Акрамя таго, у адпаведнасці з указам нумар 78 плануецца штогод ствараць 50 тыс. рабочых месц за кошт новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Паводле ацэнак, усе гэтыя складнікі дадуць магчымасць захаваць магчымасці занятасці і для моладзі, і для старэйшага пакалення.

- А ці захаваюцца пенсійныя льготы?

- Так, у Беларусі захоўваюцца дзеючыя пенсійныя льготы па раннім выхадзе на пенсію сацыяльна слабаабароненых грамадзян, за работу ў нездавальняючых умовах працы, а таксама дзяржслужачым і ваеннаслужачым. Пры гэтым пенсійны ўзрост для льготных (датэрміновых) пенсій павялічыцца суразмерна павышэнню агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Тым самым будзе забяспечаны аднолькавы, роўны падыход да ўсіх катэгорый.

Наперадзе маштабная работа па рэалізацыі палажэнняў указа, бо пенсійны ўзрост і статус пенсіянера закранаюцца ў многіх сферах грамадскага жыцця і дзяржаўнага рэгулявання.

- Які чакаецца вынік ад павышэння пенсійнага ўзросту да 58/63 гадоў?

- Колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце фіксуецца на сённяшнім узроўні (амаль 5,5 млн чалавек). Колькасць занятых у эканоміцы да 2020 года захоўваецца практычна на 100-працэнтным узроўні да 2015 года (99,6 працэнта). Утрымліваюцца дзеючыя суадносіны колькасці людзей працаздольнага ўзросту і старэйшых за працаздольны да 2027 года (2,3 і 1).

- На думку Прэзідэнта, не варта абмяжоўвацца прымаемымі ў дзяржаўнай пенсійнай сістэме мерамі, павышэннем пенсійнага ўзросту. Якія навацыі яшчэ нас чакаюць?

- Хутчэй не навацыі, а развіццё дзеючых падыходаў. У прыватнасці, размова ідзе аб добраахвотным пенсійным страхаванні. У многіх развітых краінах (Аўстрыі, Бельгіі, Канадзе, Чэхіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Ірландыі, Венгрыі, Славеніі, Новай Зеландыі, Грэцыі) шырока распаўсюджаны дадатковыя карпаратыўныя пенсіі ад работадаўцаў, яны сталі важкай дабаўкай да дзяржаўных пенсій. Прычым гэта практыка настолькі развітая і прывычная для работнікаў і радотадаўцаў, што ўспрымаецца як абавязковы накапляльны элемент пенсійнай сістэмы. І гэта прытым што дзяржаўныя пенсійныя сістэмы ў гэтых краінах не ўключалі і не ўключаюць абавязковага накапляльнага ўзроўню.

Мэтазгоднасць пашырэння практыкі ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі прадугледжана і ўказам аб удасканаленні пенсійнай сістэмы. Інакш кажучы, работадаўцы, якія маюць фінансавыя магчымасці, павінны актыўней выкарыстоўваць такія падыходы. Немалаважная роля тут адводзіцца прафсаюзным арганізацыям.

- Нашу пенсійную сістэму людзі часта крытыкуюць, гэта не сакрэт. Аднак суб'ектыўнае ўспрыманне і рэальная ацэнка – рэчы розныя, паколькі кропкі адліку не заўсёды супадаюць.

- Нацыянальная пенсійная сістэма адпавядае агульнапрызнаным у міжнароднай практыцы крытэрыям.

Ужо больш як дзесяць гадоў суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй зарплаты (так званы каэфіцыент замяшчэння) падтрымліваецца на ўзроўні не менш як 40 працэнтаў. А гэта рэкамендацыя Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Паступова павялічваюцца суадносіны пенсій і бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) пенсіянера. На канец 2000 года пенсію ў памеры ніжэйшым за БПМ атрымліваў кожны трэці пенсіянер, сёння – менш за 1 працэнт.

На выплату пенсій у Беларусі апошнія гады накіроўваецца амаль 10 працэнтаў ВУП, што супараўнальна з сярэднімі расходамі ў развітых дзяржавах.

- Адваротны бок сацыяльных гарантый - нагрузка на эканоміку.

- Любая пенсійная сістэма непарыўна звязана з дэмаграфічнай сітуацыяй, рынкам працы і занятасцю, эканомікай краіны. Сёння перад Беларуссю, як, зрэшты, і іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, стаіць задача адаптаваць пенсійную сістэму да дэмаграфічных змяненняў. Трэба настроіць сістэму такім чынам, каб, з аднаго боку, яна прадастаўляла сацыяльна прымальныя пенсіі, з другога – была пасільнай для эканомікі і не абмяжоўвала эканамічны рост.

Многае ўжо зроблена. Скажу больш – ужо некалькі гадоў ідзе пенсійная рэформа. Адаптацыя пенсійнай сістэмы да новых рэалій праводзіцца спакойна, паступова, з замацаваннем прынцыпаў “Пенсія павінна зарабляцца”, “Чым большы стаж і заработак, тым вышэйшая пенсія”, “Чым пазней назначаецца пенсія, тым яна вышэйшая”. І гэтыя прынцыпы падтрымліваюцца нашымі грамадзянамі.

Адным з першых прыкметных крокаў стала ўдасканаленне падыходаў да прадастаўлення - ранняй пенсіі за работу ў шкодных умовах працы. Дарэчы, у іншых краінах пайшлі на даволі жорсткія рашэнні: датэрміновыя пенсіі былі або адменены, або скарочана кола работнікаў, якія маюць на іх права. У Беларусі ж прыменены максімальна мяккі падыход - створана асобная дадатковая прафесійная пенсійная сістэма.

Так, з 1 студзеня 2009 года ў рэспубліцы ўведзена прафесійнае пенсійнае страхаванне (ППС) работнікаў, занятых у нездавальняючых умовах працы. Для датэрміновых пенсій такіх работнікаў работадаўцам фарміруюцца асобныя сродкі. Тым самым датэрміновыя пенсіі па ўмовах працы паступова выводзяцца за рамкі агульнай пенсійнай сістэмы. І значыць, агульныя пенсійныя сродкі не будуць траціцца на датэрміновыя пенсіі.

У выніку колькасць датэрміновых пенсій у агульнай сістэме зніжаецца. Калі да ўвядзення ППС ільготнай была кожная чацвёртая новая пенсія, то на канец 2015 года - толькі кожная сёмая. Акрамя таго, агульнай сістэме пачалі пакрывацца расходы на датэрміновыя пенсіі: калі ў 2009 годзе пакрыццё са сродкаў ППС складала толькі 2,7 працэнта, то ў 2014 годзе - ужо 9,4 працэнта. Сёння маладыя работнікі ўжо могуць выбраць: фарміраваць права на датэрміновую пенсію або - замест гэтага - атрымліваць даплату да бягучага заработку ў памеры мэтавых узносаў (уведзена з 2013 года). Дарэчы, гэта магчымасць шырока выкарыстоўваецца.

Істотна павялічаны мінімальны стаж работы з выплатай узносаў, неабходны для назначэння пенсіі, - з 5 да 15 гадоў 6 месяцаў. Да 2025 года ён будзе паступова даведзены да 20 гадоў (павышаецца штогадова на паўгода). Тым самым практычна ўраўноўваюцца перыяды фарміравання права на пенсію і яе атрымання. Пры гэтым захаваны ранейшы 5-гадовы стаж для сацыяльна слабаабароненых катэгорый - шматдзетных маці з пяццю дзецьмі, інвалідаў з дзяцінства і іх бацькоў і інш.

На пяць гадоў павышаны пенсійны ўзрост для тых, хто не адпрацаваў мінімальнага страхавога стажу. З 2015 года ўведзена правіла аб вылічэнні памеру пенсіі з абавязковым улікам звестак аб заработку па даных персаніфікаванага ўліку. Гэта садзейнічае легалізацыі даходаў.

Каб стымуляваць людзей зарабляць пенсію, узмоцнены ўплыў на яе памер кожнага года працяглага стажу, высокага заработку грамадзян. У выніку максімальны памер пенсіі па ўзросце ў непрацуючага атрымальніка (пры стажы 40/45 гадоў, індывідуальным каэфіцыенце заработку 5,0 і вышэй) перасягае мінімальны памер гэтай пенсіі ў 3,1 раза, а сацыяльную пенсію тых, хто не выпрацаваў стаж, - у 6,1 раза.

Каб работнікі маглі больш паўплываць на памер будучай пенсіі, павялічана "прэмія" за адкладзены выхад на пенсію. Адмова ад пенсіі на 5 гадоў дае магчымасць павялічыць яе ў сярэднім у 1,7-1,8 раза.

- Прынятых мер аказалася недастаткова?

- Будучыя дэмаграфічныя змяненні будуць вельмі інтэнсіўнымі. Таму патрэбны больш сур'ёзныя меры. За апошнія дзесяцігоддзі ўзроставая структура насельніцтва Беларусі кардынальна змянілася. Удзельная вага людзей пенсійнага ўзросту ў агульнай колькасці насельніцтва павялічылася з 13,6 працэнта ў 1960 годзе амаль да 25 працэнтаў у 2015 годзе і, паводле ацэнкі, да 2030 года складзе 30 працэнтаў. Гэта будзе адбывацца на фоне зніжэння колькасці насельніцтва ў працаздольным узросце. Так, з 2017 па 2020 год колькасць асоб, якія дасягаюць узросту 55/60 гадоў, будзе ў 1,5-1,6 раза перасягаць колькасць маладых людзей, якія дасягаюць 16 гадоў (працаздольнага ўзросту). Цяпер на 100 работнікаў прыпадае 61 пенсіянер. Калі б рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту не было прынята, то ў 2020 годзе на 100 работнікаў прыпадала б 66 пенсіянераў, а ў 2030 годзе - ужо 78.

Трэба таксама ўлічваць і пазітыўную тэндэнцыю росту працягласці жыцця ў Беларусі. Пры гэтым, безумоўна, павялічваецца і перыяд атрымання пенсіі. За апошнія 8 гадоў перыяд атрымання пенсіі ў мужчын павялічыўся на 1 год, у жанчын - на 2 гады 3 месяцы. Зразумела, растуць і пенсійныя расходы.

Прывяду статыстыку, якая, лічу, будзе многім цікавая, паколькі сама па сабе змяшчае адказы на многія пытанні. Чаканая працягласць жыцця для мужчын - 68,5 года, але пры гэтым пасля дасягнення 60-гадовага ўзросту мужчыны жывуць у сярэднім яшчэ 15,5 года, пасля дасягнення 70 гадоў - 10,2 года. Чаканая працягласць жыцця для жанчын - 78,6 года, а для тых, хто дасягнуў 55-гадовага ўзросту - 26 гадоў, хто дасягнуў 60 гадоў - 21,8 года, хто дасягнуў 70 гадоў - яшчэ 14 гадоў. Лічбы гавораць самі за сябе.

З улікам дэмаграфічных прагнозаў важна захаваць колькасць грамадзян у працаздольным узросце і стабілізаваць (інакш кажучы не павялічваць) колькасць пенсіянераў. Гэта дасць магчымасць не дапусціць зніжэння ўзроўню пенсій - без перакладання адказнасці, звязанай з празмернай нагрузкай па ўтрыманні пенсіянераў, на нашых дзяцей.

Хачу падкрэсліць: рашэнне наконт пенсійнага ўзросту нельга было больш адкладаць. Упусціўшы гэты момант цяпер, у далейшым мы не змаглі б павышаць пенсійны ўзрост плаўна і паступова.

Алена ПРУС

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі