Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
22 снежня 2016, 10:51
Наталля Эйсмант

Прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі аб падрабязнасцях і прычынах гучных кадравых назначэнняў

Наталля Эйсмант
Прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі

Прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант расказала журналістам падрабязнасці аб прычынах гучных кадравых назначэнняў у кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, пастаўленых Аляксандрам Лукашэнкам задачах па абнаўленні ў гэтым дзяржаўным органе.

- Мы ўсе чулі, што кіраўнік дзяржавы перад тым, як агучыць сваё рашэнне аб назначэнні кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай, адзначыў, што пры прыняцці гэтага кадравага рашэння разглядаліся абсалютна розныя варыянты і прапановы, у тым ліку тыя, што гучалі ад прадстаўнікоў апазіцыі. Шмат хадзіла чутак аб магчымых кадравых рашэннях і ў інтэрнэце. Дык чаму ж выбар прыпаў менавіта на Наталлю Качанаву?

- Што датычыцца прычын гэтага назначэння, у першую чаргу трэба гаварыць аб асабістых якасцях Наталлі Іванаўны. Гэта чалавек калектыўны. І гэта якасць праяўлялася на ўсіх этапах яе дзейнасці ад намесніка старшыні гарвыканкама да віцэ-прэм'ера. І што немалаважна, менавіта так яе характарызавалі і былыя, і цяперашнія падначаленыя.

Безумоўна, Наталля Іванаўна вельмі прафесійны чалавек. Яна глыбока і падрабязна ўнікала і ўнікае ва ўсе пытанні і праблемы. І яна чалавек неабыякавы, надзейны, адданы дзяржаве.

Падсумоўваючы ўсе гэтыя якасці, Прэзідэнт і вызначыў Наталлю Качанаву як аптымальнага кандыдата для кіравання калегіяльным органам, якім і з'яўляецца Адміністрацыя Прэзідэнта. Менавіта гэты орган будзе непрадузята і прафесійна ацэньваць і адбіраць усе прапановы, ідэі і рашэнні, выносіць іх на разгляд кіраўніка дзяржавы.

- Яшчэ адно даволі нечаканае кадравае рашэнне - гэта назначэнне Максіма Рыжанкова першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Якімі аргументамі Аляксандр Лукашэнка кіраваўся пры прыняцці гэтага рашэння? Чаму менавіта Максім Рыжанкоў?

- Гаворачы аб назначэнні першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі, я адразу вызначыла б тры асноўныя моманты: па-першае, маладосць, па-другое, вопыт, па-трэцяе (асноўны момант), перспектыва.

Працуючы на самых розных пасадах - у дыпламатычнай сферы, у Нацыянальным алімпійскім камітэце, Максім Рыжанкоў зарэкамендаваў сябе як чалавек з вялікай колькасцю перспектыўных ідэй і прапаноў.

Па прычыне сваёй дзейнасці ён часта бываў за мяжой, шмат бачыў, знаёміўся з рознымі краінамі, іх спецыфікай і шмат сустракаўся з людзьмі. Гэта той самы карысны вопыт. Як бачыцца Прэзідэнту, зыходзячы з усяго гэтага Максім Уладзіміравіч можа прыўнесці ў работу Адміністрацыі нешта новае і цікавае. І, вядома, эфектыўна працаваць на замацаваных за ім напрамках. Гэта ў першую чаргу ідэалогія і арганізацыйныя пытанні.

- Як у цэлым кіраўнік дзяржавы бачыць работу Адміністрацыі Прэзідэнта, у якім напрамку неабходна ўдасканальваць яе дзейнасць, якія ў гэтым пытанні дадзены найбольш важныя даручэнні?

- Адміністрацыя Прэзідэнта, і гэта галоўнае, - думаючы, прафесійны і, вядома, калектыўны орган. Менавіта такім яго бачыць Прэзідэнт. Гэта палітычны штаб, але ён ні ў якім выпадку не павінен падмяняць сабой іншыя дзяржаўныя органы. Хутчэй, ён павінен быць магутным экспертным цэнтрам пры Прэзідэнце.

Як вы чулі, сёння перад новым кіраўніцтвам Прэзідэнт паставіў задачу падрыхтаваць план рэфармавання Адміністрацыі. Пры гэтым абсалютна дакладна, што асноўныя напрамкі дзейнасці за Адміністрацыяй застануцца. Гэта ідэалогія, кадравыя шматлікія арганізацыйныя пытанні, падрыхтоўка выступленняў Прэзідэнта.

Пры гэтым з сённяшняга дня новымі дадатковымі функцыямі надзяляюцца некаторыя службовыя асобы. Я гавару пра прэс-сакратара Прэзідэнта, а таксама пра памочніка Мікалая Корбута.

- Гаворачы аб неабходнасці рэфармавання і ўдасканалення работы Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнік дзяржавы вымавіў такое слова, як "абнаўленне". Што ўсё ж такі маецца на ўвазе?

- Думаю, што тэрмін абнаўленне цяпер як ніколі становіцца актуальным для нашай сістэмы дзяржорганаў у цэлым. Не дарэмна сёння ў час кадравых назначэнняў Прэзідэнт вельмі шмат увагі ўдзяліў менавіта пытанням аптымізацыі.

Што датычыцца непасрэдна Адміністрацыі, то ў першую чаргу Прэзідэнт хоча бачыць тут адданых дзяржаве людзей, здольных і жадаючых працаваць. Пры гэтым, калі мы гаворым аб абнаўленні, то зусім не абавязкова размова ідзе менавіта пра ўзрост чалавека. У першую чаргу мы засяроджваем увагу на энергіі, жаданні працаваць, працавітасці і працаздольнасці. Згадзіцеся, усе гэтыя якасці могуць быць уласцівы чалавеку ў любым узросце. Менавіта такім павінен быць работнік Адміністрацыі Прэзідэнта і ў цэлым дзяржслужачы, над узняццем статусу якога Прэзідэнт сёння таксама даручыў падумаць і папрацаваць асобна.

Уладзімір МАЦВЕЕЎ,

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі