Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
07 жніўня 2014, 16:53

Наталля Штэўніна: Колькасць пунктаў прыёму плацяжоў АРІП пасля падключэння "Белпошты" вырасце на 4 тыс.

АРІП - унікальны на тэрыторыі постсавецкай прасторы праект. Дзякуючы яму беларускія спажыўцы атрымалі магчымасць зручна і хутка аплачваць прадастаўленыя ім паслугі. Розныя сістэмы па правядзенні плацяжоў існуюць у Расіі, Украіне, Казахстане, краінах Еўрапейскага саюза, але ў асобных рэгіёнах. Беларуская адзіная разліковая і інфармацыйная прастора вызначаецца тым, што мае агульнадзяржаўны маштаб. На гэты час у АРІП можна аплаціць больш за 50 тыс. розных паслуг. Рынак практычна сфарміраваны, і цяпер у Нацбанку сур'ёзна займаюцца тым, каб павысіць якасць работы сістэмы да максімальна магчымага ўзроўню. Істотныя змяненні чакаюць АРІП ужо ў гэтым годзе. Больш падрабязна аб гэтым у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы Нацыянальнага банка Наталля Штэўніна.


- Наталля Міхайлаўна, нядаўна стала вядома, што плацежным агентам АРІП стала РУП "Белпошта". Чаго чакаць ад пашырэння сістэмы яе карыстальнікам?


- "Белпошта" стала плацежным агентам АРІП у маі 2014 года, як толькі быў падпісаны дагавор з банкам на выкананне гэтых функцый. Цяпер праводзяцца арганізацыйна-тэхнічныя работы. У "Белпошты" сваё праграмнае забеспячэнне, яго трэба дапрацаваць, каб можна было прымаць плацяжы праз АРІП. Акрамя таго, да АРІП неабходна падключыць вытворцаў паслуг, у якіх дагавор толькі з РУП "Белпошта" на прыём плацяжоў.


Пасля таго як гэта адбудзецца, колькасць пунктаў плацяжоў нашай сістэмы павялічыцца з 15 тыс. да 19 тыс. "Белпошта" - вялікі плацежны агент, толькі інфакіёскаў у яе амаль 800. Для карыстальнікаў АРІП яе далучэнне да сістэмы - гэта адназначны плюс. Колькасць месц, дзе яны змогуць ажыццяўляць плацяжы, павялічыцца адразу на 4 тыс.


Трэба адзначыць, што колькасць і сума плацяжоў, праведзеных праз АРІП, растуць. За I паўгоддзе іх было 127 млн на агульную суму Br12,5 трлн. А за ўвесь 2013 год карыстальнікі правялі 230 млн плацяжоў на Br17,8 трлн.


- Сістэма АРІП працуе адносна нядаўна, і перыядычна ў ёй адбываюцца збоі. Асабліва вызначыліся ў гэтым сэнсе красавік-май. Якія меры прымаюцца, каб непаладкі ўзнікалі як мага радзей?


- Збоі ў красавіку-маі былі звязаны з пераходам на новае прыкладное праграмнае забеспячэнне. Мы працавалі ў цесным кантакце з карыстальнікамі і на форумах, і ў кантакт-цэнтрах. Стараліся загадзя папярэджваць аб непаладках, аператыўна інфармаваць аб іх устараненні. Але ў сувязі з гэтым хацелася б звярнуць увагу нашых плацельшчыкаў: калі не ўдаецца аплаціць нейкую паслугу праз АРІП - гэта далёка не заўсёды азначае, што праблемы менавіта ў АРІП. Калі непаладкі ў самой АРІП, то, як правіла, наогул нічога аплаціць нельга. Справа ў тым, што АРІП знаходзіцца паміж плацельшчыкам (кліентам банка) і вытворцам паслуг. Даволі часта збоі ўзнікаюць на баку асобных банкаў і вытворцаў паслуг. Акрамя таго, калі ў якім-небудзь з 27 банкаў, што працуюць з АРІП, нельга заплаціць у касе, напрыклад, за мабільную сувязь, то вінавата ў гэтым зноў жа не сістэма. Калі ў АРІП адсутнічае аплата якой-небудзь паслугі, напрыклад, аплата ўтылізацыйнага збору, то пытанне тут таксама не ў АРІП. Мы зацікаўлены ў самым шырокім пераліку плацяжоў.


Нядаўна была зацверджана інструкцыя аб парадку функцыянавання адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы. У дакуменце прапісана, што вытворцы паслуг павінны інфармаваць Нацбанк аб сваіх збоях, каб мы валодалі аператыўнай інфармацыяй і правільна даносілі яе да плацельшчыкаў. Перапынкі ў рабоце АРІП прадугледжаны толькі на правядзенне тэхналагічных, прафілактычных работ. Праводзіцца яны павінны ў асноўным уначы і не ў так званы плацежны перыяд, калі людзі масава аплачваюць камунальныя плацяжы, гэта значыць з 15-га па 25-е чысло кожнага месяца.


- У дні аплаты камунальных паслуг у аддзяленнях банкаў збіраюцца чэргі, пры гэтым інфакіёскамі, напрыклад, карыстаецца не так шмат кліентаў. Прапануецца шмат мер, каб выправіць сітуацыю, аж да ўвядзення камісіі за наяўныя разлікі. Чаму вырашылі прыняць такія не вельмі папулярныя захады?


- Людзі часта не задумваюцца, што наяўныя грошы вельмі дарагія ў абслугоўванні. Па-першае, іх трэба надрукаваць, па-другое, наяўную грашовую масу трэба пастаянна чысціць, выключаць з абароту старыя і пашкоджаныя банкноты. Да таго ж арганізацыя і забеспячэнне работы разлікова-касавых вузлоў банкаў. Расходаў шмат. Дабаўце сюды рызыкі, звязаныя з рабаваннямі, фальшываманецтвам і гэтак далей. Таму разлікі наяўнымі павінны быць даражэйшымі, тым больш што ў Беларусі для таго, каб праводзіць безнаяўныя плацяжы, створана неабходная інфраструктура.


Што датычыцца камісіі, то канчатковага рашэння аб спагнанні платы пры наяўным разліку ў касах банкаў за паслугі ЖКГ няма.


Будзе праводзіцца інфармацыйная кампанія. У аперацыйных залах аддзяленняў банкаў будуць працаваць кансультанты, тлумачыць, як карыстацца інфакіёскам, як падключыць інтэрнэт-банкінг і іншае. Галоўнае, паказаць людзям, што гэта сапраўды зручна, дапамагчы ім пераадолець апасенні перад новымі тэхналогіямі.


- АРІП, наколькі мне вядома, у бліжэйшай перспектыве можа стаць гаспадарчаразліковай арганізацыяй. Калі сістэма выйдзе з балансу Нацбанка і што зменіцца пасля гэтага пераходу? Якія яшчэ змяненні чакаюць АРІП у будучым?


- Плануецца, што АРІП стане гаспадарчаразліковай арганізацыяй з 1 сакавіка 2015 года. Гэта будзе ўжо нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя ў форме ЗАТ, ёсць адпаведнае рашэнне праўлення Нацбанка. Але кардынальна нічога не зменіцца, яна па-ранейшаму будзе пад кантролем рэгулятара, якому будзе належаць блакіруючы пакет акцый.


Што датычыцца іншых змяненняў, то з 1 кастрычніка будзе ўведзена клірынгавая частка ў сістэме АІС "Разлік". Сутнасць у тым, што ў ёй будзе адбывацца ўзаемазалік сустрэчных патрабаванняў. Скажам, адзін з банкаў прыняў плацеж на карысць арганізацыі, рахунак якой адкрыты ў іншым банку. У сваю чаргу ў іншым банку былі аплачаны паслугі арганізацыі, якая абслугоўваецца першым банкам. Плацяжы поўнасцю або часткова перакрываюць адзін аднаго, АІС "Разлік" разлічвае чыстыя пазіцыі. Такім чынам, вал плацяжоў, якія банкі праводзяць (і не бясплатна) праз сістэму BISS, істотна зменшыцца. А гэта ў сваю чаргу знізіць сабекошт працэсу правядзення плацяжоў, зменшыць нагрузку на плацежную сістэму.


- Наталля Міхайлаўна, якім у цэлым вам бачыцца будучае АРІП?


- Лічу, сістэма будзе паспяхова развівацца і ў далейшым. Колькасць карыстальнікаў АРІП павялічваецца не толькі за кошт моладзі, але і пенсіянераў, якіх нельга забываць. Многія з іх могуць даць фору маладым, кажу гэта, зыходзячы са свайго вопыту. Асноўнай жа мэтавай аўдыторыяй АРІП з'яўляюцца і застануцца людзі пасля 30 і да 45. У іх адкрыты крэдыты-дэпазіты, ім трэба праводзіць вялікую колькасць плацяжоў, якую складана пры сённяшнім рытме жыцця трымаць у галаве, тым больш хадзіць з-за кожнага плацяжу ў банк.


Нацбанк забяспечвае работу сістэмы АІС "Разлік" у рэжыме 24 гадзіны ў суткі, сем дзён на тыдзень. Плацяжы актыўна праводзяцца нават глыбокай ноччу. У кругласутачным рэжыме працуе мытня, ідзе пад'ём па плацяжах за анлайн-гульні.


Нараканні на АРІП ёсць і, напэўна, будуць заўсёды, такая рэчаіснасць. Не ўсіх задавольвае цяперашні спосаб класіфікацыі паслуг. Кажуць, у рэгіянальным разрэзе дрэнна, але калі зрабіць у нейкім іншым, то, упэўнена, зноў знойдуцца незадаволеныя.


Як бы там ні было, АРІП дае магчымасць эканоміць нямала часу на правядзенні плацяжоў, і, мне здаецца, усё больш беларусаў гэта разумеюць. Чалавек, які хоць раз аплаціў паслугі праз АРІП у інтэрнэт-банкінгу, мабільным банкінгу і г.д., больш не вернецца для аплаты сваіх перыядычных плацяжоў (ЖКГ, мабільны тэлефон, інтэрнэт і г.д.) у касу.


Святлана САЎКО

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі