Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
07 красавіка 2014, 14:59

Надзея Ермакова: Для змянення курсавой палітыкі Нацбанка няма падстаў

Сітуацыя ў фінансавай сферы краіны выклікае асаблівы інтарэс у насельніцтва. Пакуль адны гадаюць, што будзе з курсам беларускага рубля, іншыя чакаюць, калі вырашыцца пытанне з забаронай выдачы крэдытаў без даведкі аб даходах. У эксклюзіўным інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова расказала аб перспектывах нацыянальнай валюты, а таксама растлумачыла, чаму ў краіне рана праводзіць дэнамінацыю, і падзялілася прагнозамі наконт інфляцыі на бягучы год.


- Надзея Андрэеўна, як вы ацэньваеце знешнія і ўнутраныя ўмовы для змянення курсу беларускага рубля?


- Нейкіх змяненняў у нашай курсавой палітыцы не будзе. Хто б і як бы ні нагнятаў абстаноўку, што мы павінны дэвальваваць свой рубель, ідучы за расійскім рублём, казахстанскім тэнге, украінскай грыўняй, мы на гэта не пойдзем. У нас ёсць усе падставы для таго, каб не праводзіць рэзкіх змяненняў, мы не бачым у гэтым неабходнасці.


Для Беларусі асноўная валюта, у якой ідуць разлікі, у якой узяты крэдыты - гэта долар. Калі мы будзем рабіць больш прывязку да расійскага рубля, то гэта не дасць нам станоўчага выніку - толькі адмоўны. Усё падлічана. Таму новых змяненняў у сваю палітыку мы не ўносім. Больш таго, нядаўна было прынята рашэнне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання на адзін працэнтны пункт. З 16 красавіка яна складзе 22,5 працэнта.


- Для беларусаў маючая адбыцца дэнамінацыя ўжо не навіна. Кіраўнік дзяржавы нядаўна зноў аб гэтым згадаў, падкрэсліўшы, што час для таго, каб ліквідаваць нулі, яшчэ не настаў, няма ўмоў. Растлумачце, аб якіх умовах ідзе размова?


- Інфляцыя не павінна вылічацца дзвюма лічбамі, гэта значыць трэба, каб яна была не вышэйшай за 10 працэнтаў. Гэта і ёсць самая галоўная ўмова. Раней на 2014 год інфляцыя прагназавалася на ўзроўні 11 працэнтаў, але цяпер падлічваем, што яна будзе большай - прыкладна 16-17 працэнтаў.


Пры такой інфляцыі праводзіць дэнамінацыю няма сэнсу. Усё роўна, калі прыйдзем да іншай, больш нізкай, інфляцыі, давядзецца яшчэ раз ліквідаваць нулі. А дэнамінацыя - тэхнічная працэдура, якая патрабуе значных грашовых затрат.


 - Як вы ацэньваеце бягучую сітуацыю на рынку рублёвых укладаў?


- Прыток укладаў у беларускіх рублях запаволіўся, але дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што і ў валюце таксама. Напэўна, цяпер настаў перыяд чакання. Наша задача - не дапусціць абясцэньвання ўкладаў у нацыянальнай валюце. Каб захаваць іх, трэба плаціць адпаведную працэнтную стаўку. Грошы ў нас пакуль дарагія і застануцца такімі да таго часу, пакуль будзе высокай інфляцыя. Усё да гэтага зводзіцца. Пры такой цане на рэсурсы складана гаварыць і аб змяншэнні кошту крэдытаў.


- Калі, дарэчы, трэба чакаць афіцыйнай забароны Нацбанка на выдачу крэдытаў без даведкі аб даходах?


- Цяпер я не магу назваць дакладную дату, але дакумент прыняты ўжо.


- Нацбанк выступіў у ліку распрацоўшчыкаў шэрага важных праектаў дакументаў. Сярод іх праекты ўказаў аб дзейнасці мікрафінансавых арганізацый, а таксама наконт ліміту плацяжу наяўнымі сродкамі для насельніцтва. На якой стадыі падрыхтоўкі яны знаходзяцца?


- Што датычыцца праекта ўказа аб абмежаванні разлікаў наяўнымі сродкамі, то ён пакуль у распрацоўцы. Наконт праекта ўказа аб дзейнасці мікрафінансавых арганізацый магу сказаць наступнае. Пасля таго, як аб ім было даложана кіраўніку дзяржавы, нашы эксперты дапрацавалі дакумент. Без заўваг ён перададзены ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Лічу, да канца гэтага месяца праект указа павінен быць разгледжаны.


У адпаведнасці з дакументам, не будуць мець права на жыццё, на законную дзейнасць мікрафінансавыя арганізацыі, якія прыцягваюць пазыкі ад насельніцтва, так званыя фінансавыя піраміды, і якія крэдытуюць насельніцтва, выдаюць пазыкі. Такая дзейнасць стане незаконнай. Мікрапазыкі яны змогуць прыцягваць і выдаваць толькі членам сваіх кааператываў, выступаючы ў якасці кас узаемадапамогі.


Святлана САЎКО

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі