Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
19 лютага 2016, 21:10

Мiжнародны дзень роднай мовы - пад эгiдай ЮНЕСКА

Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага будзе святкавацца ва ўсім свеце пад эгідай ЮНЕСКА. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў гісторыю абвяшчэння гэтага свята і тое, як яно будзе адзначацца ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы.

- Павел Паўлавіч, калі ў свеце пачалі адзначаць гэты дзень?

- Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day) быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года. Упершыню яго святкаванне адбылося ў 2000 годзе, такім чынам, штогод 21 лютага ён адзначаецца ў дзяржавах-членах і штаб-кватэры ЮНЕСКА.

Гэта дата была выбрана ЮНЕСКА ў знак памяці аб падзеях, што здарыліся ў горадзе Дака (сёння - сталіца Бангладэш) 21 лютага 1952 года. Тады ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты, якія выйшлі на дэманстрацыю, каб абараніць сваю родную мову, якую яны патрабавалі прызнаць адной з дзяржаўных моў краіны.

- Якія мэты ставіла перад сабой ЮНЕСКА, абвяшчаючы Міжнародны дзень роднай мовы?

- Галоўнай мэтай была пазначана неабходнасць дзейнічаць у інтарэсах культурнай разнастайнасці і шматмоўя.

Моўная праблематыка знаходзіцца ў асноўных мэтах дзейнасці ЮНЕСКА. Вядучая міжнародная арганізацыя лічыць, што мовы з'яўляюцца адным з мацнейшых інструментаў захавання і развіцця сусветнай матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны. ЮНЕСКА лічыць, што захады па садзейнічанні і распаўсюджванні родных моў ствараюць умовы для павышэння адукаванасці, забяспечваюць большую інфармаванасць праз мову аб культурных традыцыях народаў ва ўсім свеце на аснове ўзаемадзеяння, цярпімасці і дыялогу.

ЮНЕСКА заклікае ўсе краіны-ўдзельніцы праводзіць у гэты дзень разнастайныя мерапрыемствы з мэтай развіцця родных моў.

- Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава выступіла са зваротам з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. Якія асноўныя моманты змешчаны ў гэтым звароце?

- Ірына Бокава акрэсліла тэму святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў 2016 годзе, якая гучыць наступным чынам - "Якасць адукацыі, мовавыкладання і вынікі навучання". Гэта тэма, на думку кіраўніка ЮНЕСКА, падкрэслівае вядучае значэнне роднай мовы для павышэння якасці адукацыі і захавання моўнай разнастайнасці.

Генеральны дырэктар ЮНЕСКА адзначае неабходнасць заахвочвання шырокага выкарыстання роднай мовы ў працэсе выкладання і навучання, а таксама папулярызацыі і захавання розных моў.

Яна звяртаецца і да сучасных інфармацыйных рэсурсаў, падкрэсліваючы значную ўвагу ЮНЕСКА да заахвочвання моўнай разнастайнасці ў інтэрнэце, распрацоўкі мясцовага анлайнавага кантэнту, развіцця СМІ і павышэння інфармацыйнай адукаванасці.

- Як у штаб-кватэры ЮНЕСКА будзе адзначацца гэты дзень?

- У штаб-кватэры ЮНЕСКА 22 лютага адбудзецца тэматычнае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы. У ім плануецца ўдзел кіраўніцтва ЮНЕСКА, супрацоўнікаў сакратарыята арганізацыі, замежных паслоў, прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і недзяржаўных грамадскіх арганізацый.

У рамках гэтага мерапрыемства адбудзецца выступленне Пастаяннага прадстаўніка Бангладэш у ЮНЕСКА. Будзе абмяркоўвацца сучасны стан захавання і развіцця моўнай разнастайнасці ў свеце і падыходаў ЮНЕСКА да гэтага важнага пытання.

Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА таксама прыме ўдзел у святкаванні, якое адбудзецца ў штаб-кватэры арганізацыі.

Важна, каб у гэты дзень мы ўспомнілі нашых продкаў, дзякуючы якім нам перададзена родная беларуская мова - адна з самых мілагучных і прыгожых, і перад якімі мы сёння нясём адказнасць за захаванне яе для нашых нашчадкаў.

Мы павінны таксама адзначыць, што беларуская мова, як і культура, ніколі не проціпастаўлялі сябе іншым мовам і культурам, а з'яўляліся і з'яўляюцца часткай агульнаеўрапейскай, агульнасусветнай, як спадчынай, так сучаснасцю і, зразумела, будучыняй.

Аліна ГРЫШКЕВIЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі