Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
16 лютага 2015, 17:14

Міхаіл Русы: Інавацыі ў сельскай гаспадарцы, турыстычны і інвестпатэнцыял прадставіць Беларусь на "ЭКСПА-2015"

Менш як тры месяцы застаецца да адкрыцця сусветнай выстаўкі "ЭКСПА-2015" - буйнейшага міжнароднага форуму для дэманстрацыі тэхнічных і тэхналагічных дасягненняў. Упершыню выстаўка адбылася ў 1851 годзе ў лонданскім Гайд-парку. У гэтым годзе форум пройдзе ў Мілане пад дэвізам "Накарміць планету. Энергія для жыцця" і будзе прысвечаны галоўным чынам харчовай тэматыцы. Удзел у ім пацвердзілі ўжо больш за 140 краін, у тым ліку Беларусь. Аб тым, як вядзецца падрыхтоўка да выстаўкі, якія вынікаў чакае Беларусь ад удзелу ў ёй, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы.


- Міхаіл Іванавіч, да адкрыцця "ЭКСПА-2015" засталося зусім няшмат. Як ідзе падрыхтоўка да гэтага форуму? Што яшчэ трэба зрабіць?


- З таго моманту, як было прынята рашэнне аб удзеле Беларусі ў "ЭКСПА-2015", праведзена даволі вялікая работа. Сфарміраваны арганізацыйныя структуры, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку да гэтага маштабнага форуму, зацверджана канцэпцыя нашага ўдзелу ў ім, прыняты ўчастак для будаўніцтва нацыянальнага павільёна на будпляцоўцы выстаўкі. Мы заключылі дагавор з італьянскай кампаніяй, якая спраектавала павільён і паскоранымі тэмпамі яго ўзводзіць. Прадаўжаюцца фарміраванне экспазіцыі і распрацоўка праграмы мерапрыемстваў, плануемых да правядзення ў час выстаўкі. Таксама вядзецца падрыхтоўка візітаў у Італію беларускіх дэлегацый.


- Якая тэматыка беларускай экспазіцыі?


- Тэматыка нашай экспазіцыі цесна звязана з тэматыкай самой выстаўкі "ЭКСПА-2015". У адпаведнасці з нашай канцэпцыяй наведвальнікам беларускага павільёна будуць дэманстравацца найбольш значныя айчынныя інавацыйныя напрацоўкі ў сферах вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і якасных прадуктаў харчавання, прыродаахоўнай дзейнасці, падтрымання ўстойлівага развіцця грамадства і захавання біяразнастайнасці навакольнага асяроддзя. Таксама плануецца шырока прадставіць у Мілане эканамічны і турыстычны патэнцыял Беларусі, яе інвестыцыйную прывабнасць. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена гісторыка-культурнай спадчыне і спартыўным дасягненням рэспублікі, самабытнасці і багаццю яе кулінарных традыцый.


- Дзе размесціцца павільён Беларусі, якую плошчу ён зойме, і ў чым яго асаблівасць?


- Наш павільён узводзіцца ў цэнтральнай частцы пляцоўкі "ЭКСПА-2015" па суседстве з участкамі Літвы і Малайзіі. Агульная плошча выдзеленага арганізатарамі ўчастка пад забудову складае 1 147 кв.м. Амаль палавіну гэтай плошчы зойме нацыянальны павільён.


Наш павільён спраектаваны італьянскімі архітэктарамі ў адпаведнасці з арыгінальным дызайнерскім рашэннем беларускага аўтарскага калектыву "Кола жыцця". У аснове мастацкай канцэпцыі - дэманстрацыя асноўных багаццяў беларускай зямлі, якімі з'яўляюцца хлеб, соль і чыстая вада. Два корпусы павільёна, выкананыя ў форме ўзгоркаў, пакрытых натуральнай травой, будуць раздзелены патокам вады, над якім будзе размешчана стылізаванае кола вадзянога млына. У самім павільёне размесцяцца экспазіцыйная і канферэнц-зала, рэстаран нацыянальнай кухні, сувенірны магазін. Акрамя таго, на ўчастку будзе арганізавана сцэнічная пляцоўка для выступлення творчых калектываў.


- Якія галіны прадставіць Беларусь на "ЭКСПА-2015"? Ці зацверджаны пералік арганізацый, якія прадставяць рэспубліку ў Мілане?


- Беларуская экспазіцыя будзе складацца з некалькіх тэматычных раздзелаў, якія дадуць магчымасць прадставіць самы шырокі спектр галін беларускай эканомікі - ад здабычы калійнай солі да вытворчасці прадуктаў харчавання і напіткаў, а таксама агра- і экатурызм. Адным з ключавых элементаў стане дэманстрацыя здольнасці беларускай сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці забяспечыць высокі ўзровень бяспекі прадуктаў харчавання, а таксама ўкладу Беларусі як буйнога вытворцы сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі ў вырашэнне глабальнай праблемы харчовай бяспекі.


Што ж датычыцца пераліку ўдзельнікаў экспазіцыі, то цяпер ён фарміруецца нацыянальным выставачным аператарам - выставачным унітарным прадпрыемствам "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.


- "ЭКСПА" - унікальная пляцоўка для прыцягнення інвестараў. Зразумела, кожнае прадпрыемства-ўдзельнік будзе імкнуцца ўстанавіць як мага больш карысных кантактаў, паказаць свае магчымасці і перавагі. Якія галіны беларускай эканомікі, на ваш погляд, могуць найбольш зацікавіць замежных інвестараў? Якія буйныя праекты будуць прэзентаваны ў час форуму?


- Канцэпцыя нашага ўдзелу ў выстаўцы прадугледжвае правядзенне дзелавых мерапрыемстваў як на пляцоўцы нацыянальнага павільёна, так і за межамі выстаўкі - у Мілане і іншых гарадах поўначы Італіі. Улічваючы той факт, што гэта краіна не толькі мае ўнікальны гістарычны вопыт развіцця ўсяго спектра галін, звязаных з харчаваннем, але і з'яўляецца адным з вядучых вытворцаў абсталявання для сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці, асноўнай задачай такіх мерапрыемстваў стане прэзентацыя магчымасцей для ўдзелу італьянскага бізнесу, у прыватнасці сярэдняга і малога, у рэалізацыі праектаў па стварэнні і развіцці перапрацоўчых, у тым ліку экспартна арыентаваных, вытворчасцей прадуктаў харчавання і напіткаў на тэрыторыі нашай краіны.


Акрамя таго, асаблівы ўпор будзе зроблены на дэманстрацыю сур'ёзнага ўнутранага патэнцыялу навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх распрацовак Беларусі, здольнага падтрымаць працэс мадэрнізацыі нацыянальнага аграпрамысловага комплексу і сельскай гаспадаркі.


- На якія рэгіёны будзе арыентавацца наша краіна, прасоўваючы прадукцыю сельскай гаспадаркі і перапрацоўкі? Якія новыя рынкі могуць адкрыць беларускія вытворцы дзякуючы ўдзелу ў сусветнай выстаўцы?


- У адрозненне ад галіновых спецыялізаваных выставак універсальная выстаўка "ЭКСПА" - гэта перш за ўсё адукацыйнае мерапрыемства, мэта якога - прадэманстраваць найбольш перадавыя дасягненні навукі і тэхнікі, чалавечай думкі ў цэлым. Менавіта таму эфект ад удзелу краіны ў гэтым форуме не можа быць непасрэдна ўвязаны з далейшым ростам экспарту на канкрэтныя рынкі. Размова ідзе аб фарміраванні прывабнага іміджу краіны, данясенні да мільёнаў наведвальнікаў "ЭКСПА" інфармацыі аб яе навукова-тэхналагічным патэнцыяле, прывабнасці для замежных інвестараў і турыстаў.


Разам з тым тэма цяперашняй выстаўкі дае магчымасць наглядна прадэманстраваць сусветнай грамадскасці экспартны патэнцыял беларускай сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай і харчовай прамысловасці. Дарэчы, паводле інфармацыі арганізатараў "ЭКСПА-2015", імі прададзена ўжо амаль 7,5 млн білетаў.


- Беларусь прымае ўдзел у "ЭКСПА" не ўпершыню. Яна пацвердзіла ўжо свой удзел і ў наступнай выстаўцы, якая пройдзе ў 2017 годзе ў Астане. Якія чаканні звязвае Беларусь з гэтым форумам?


- Кожная выстаўка "ЭКСПА" арыентавана на дэманстрацыю дасягненняў чалавецтва ў пэўнай галіне. Так, на "ЭКСПА-2017", тэма якой - "Энергія будучага", гэтыя дасягненні будуць раскрыты ў трох вымярэннях, што адпавядаюць найбольш важным выклікам чалавецтву ў энергетычнай сферы: скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу, энергаэфектыўны лад жыцця, забеспячэнне ўсеагульнай даступнасці энергіі. Таму, як чакаецца, форум у Астане стане буйнейшай пляцоўкай для абмену сучаснымі тэхналогіямі і ведамі для вырашэння глабальных энергетычных праблем, а наш удзел у ім дасць магчымасць унесці свой уклад у агульную справу.


Акрамя таго, з улікам значнасці тэматыкі выстаўкі 2017 года для нашай краіны, а таксама назапашанага айчыннымі даследчымі цэнтрамі і прадпрыемствамі навукова-тэхналагічнага і вытворчага патэнцыялу ўдзел Беларусі ў форуме ў Астане будзе садзейнічаць эфектыўнаму пашырэнню іміджу рэспублікі на міжнароднай арэне як перспектыўнага і выгаднага партнёра па самым шырокім спектры напрамкаў супрацоўніцтва.


Таццяна ГРЫГАРОВІЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі