Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
07 мая 2014, 15:29

Ігар Фісенка: Беларускія турысты з 1 чэрвеня змогуць ездзіць у Турцыю без віз і якіх-небудзь збораў

Гэтымі днямі нарэшце стала вядома, што аб візах у Турцыю турысты з беларускімі пашпартамі могуць забыць з 1 чэрвеня бягучага года. Менавіта з гэтай даты ўступае ў сілу пагадненне паміж беларускім і турэцкім урадамі аб узаемнай адмене віз. Больш падрабязна аб гэтым у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў начальнік Галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Беларусі Ігар Фісенка.


- Ігар Валянцінавіч, з 1 чэрвеня беларускія грамадзяне пры ўездзе ў Турцыю не павінны будуць атрымліваць візы. Магчыма, трэба будзе плаціць якія-небудзь зборы?


- Не, нічога плаціць не трэба. Проста неабходна будзе прад'явіць пашпарт, каб у ім паставілі штамп. Акрамя пашпарта, як звычайнага, так і службовага або дыпламатычнага, можна выкарыстоўваць пасведчанне асобы марака. Пры гэтым трэба абавязкова мець суднавую ролю або выпіску з яе. Бязвізавы рэжым можна таксама выкарыстаць, маючы пасведчанне члена экіпажа паветранага судна або пасведчанне на вяртанне ў Беларусь. Нагадаю, апошні дакумент выдаецца ў асаблівых выпадках для таго, каб вярнуцца ў Беларусь.


- Ці ёсць прагнозы наконт таго, якая колькасць беларускіх грамадзян можа ўехаць у бягучым годзе ў Турцыю пасля ўступлення ў сілу пагаднення?


- Паводле даных турэцкага боку, кожны год Турцыю наведваюць больш як 100 тыс. беларускіх грамадзян. Прыкладна 97 працэнтаў з іх едуць менавіта ў турыстычны сезон. Значыць, у бягучым годзе яны скарыстаюцца бязвізавым рэжымам.


- Колькі дзён можна будзе знаходзіцца грамадзянам адной краіны на тэрыторыі іншай без візы?


- Пасля даты ўезду можна будзе знаходзіцца 30 дзён бесперапынна. У цэлым жа за год ліміт знаходжання будзе 90 дзён. Калі вы знаходзіцеся даўжэй, то ўжо будзе патрэбна віза. Вядома, выключэнне складаюць дыпламаты, члены іх сем'яў, у якіх ёсць дыпламатычныя або службовыя пашпарты. Таксама ў дагаворы гаворыцца аб асаблівых выпадках, калі чалавек вымушаны затрымацца ў краіне больш як на 30 дзён з-за хваробы, прыроднай катастрофы або іншых абставін, якія сапраўды можна назваць выключнымі. Яму могуць прадоўжыць тэрмін знаходжання, але толькі на перыяд, неабходны для вяртання ў дзяржаву грамадзянскай прыналежнасці або пастаяннага пражывання. Для гэтага трэба звярнуцца ў адпаведныя дзяржаўныя органы з дакументамі або нейкімі іншымі доказамі гэтых выключных абставін.


- Для турыстаў з Беларусі плюс адмены віз з Турцыяй відавочны, а для турэцкіх грамадзян?


- З Турцыі ў Беларусь людзі едуць не толькі ў якасці турыстаў, але гэта і бізнесмены, будаўнікі і гэтак далей. За год турэцкім грамадзянам выдаецца прыкладна 10 тыс. віз. Пры гэтым трэба разумець, што пагадненне аб адмене віз не распаўсюджваецца на тых, хто едзе сюды працаваць. Размова ідзе толькі аб кароткатэрміновых паездках без мэты атрымання прыбытку. Выключэнне складаюць аўтаперавозчыкі. Трэба звярнуць увагу, што для турэцкіх грамадзян, якія хочуць прыехаць да нас, выкарыстоўваючы магчымасці гэтага пагаднення, жыццё значна спрашчаецца. Пакуль яны атрымліваюць візы ў нашай дыпмісіі, а не так, як беларускія грамадзяне, - на граніцы з Турцыяй. І цана для ўладальнікаў турэцкіх пашпартоў вышэйшая. Але гэта да 1 чэрвеня.


- З кім акрамя Турцыі Беларусь увяла бязвізавы рэжым?


- Акрамя большасці постсавецкіх краін гэта Сербія, Манголія, Венесуэла і іншыя. Усяго іх каля двух дзясяткаў. Беларускі бок і далей працуе ў гэтым напрамку, у тым ліку ў Лацінскай Амерыцы. Падпісана пагадненне ўжо з Бразіліяй, рыхтуецца пагадненне з Эквадорам. Ідуць перагаворы з Ізраілем.


- Пагадненне аб узаемнай адмене віз з Турцыяй прывязана да пагаднення з турэцкім бокам аб рэадмісіі, якое ўступае ў сілу 31 мая. Што нам дае гэты дакумент?


- Наогул гэта больш кампетэнцыя не МЗС, а МУС, але я магу растлумачыць у цэлым. Для нас гэта першае пагадненне аб рэадмісіі, якое ўступіла ў сілу. Таксама аналагічныя дагаворы не так даўно былі падпісаны з казахстанскім і расійскім бакамі. Рэадмісія дае магчымасць высылаць назад грамадзян гэтых краін, калі яны парушылі наша міграцыйнае заканадаўства. Больш таго, калі, напрыклад, з Турцыі да нас прыбылі грамадзяне-парушальнікі, якія маюць пашпарт трэцяй краіны, то мы ўсё роўна маем права адправіць іх назад на турэцкую тэрыторыю. Значыць, гэта такі механізм вяртання нелегальных мігрантаў. Дарэчы, не трэба чакаць нейкай успышкі нелегальнай міграцыі з-за адмены віз з Турцыяй. Нашы краіны не маюць агульных граніц, таму вялікага патоку мігрантаў не можа быць.


Васіль МАЛАШЭНКАЎ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі