Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
18 лістапада 2013, 18:29

Дзмітрый Шадко: Электронны ўрад у Беларусі: інтэрактыўны этап

Электронны ўрад, стварэннем якога цяпер актыўна займаюцца ў многіх краінах свету, істотна пашырае магчымасці палітычнай камунікацыі, дае магчымасць дасягнуць новых форм інтэграцыі паміж урадам, бізнесам і грамадзянамі. Ён не з'яўляецца дадаткам або аналагам традыцыйнага ўрада, а толькі вызначае новы спосаб узаемадзеяння на аснове актыўнага выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, што ў рэшце рэшт вядзе да павышэння адказнасці ўлады перад народам. Аб асаблівасцях фарміравання электроннага ўрада ў Беларусі ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў намеснік міністра інфармацыі Дзмітрый Шадко.

- Дзмітрый Генадзьевіч, на працягу некалькіх гадоў прызнаным сусветным лідарам у развіцці электроннага ўрада з'яўляецца Рэспубліка Карэя. Яна выступае ініцыятарам правядзення прысвечанага гэтай тэме Глабальнага форуму, які ўпершыню адбыўся ў Сеуле ў 2012-м. У гэтым годзе ўдзел у форуме прыняла і беларуская дэлегацыя. Раскажыце больш пра само мерапрыемства.


- Актыўная знешнепалітычная пазіцыя Карэі - дзяліцца вопытам у галіне стварэння электроннага ўрада з іншымі краінамі і расказваць пра свае поспехі ў згаданай сферы. У сувязі з гэтым у мінулым годзе з'явіўся праект пад назвай "Глабальны форум электроннага ўрада". У Сеул былі запрошаны прадстаўнікі ведамстваў, якія адказваюць за гэты праект у розных дзяржавах (усяго каля 20). Было вырашана, што форум стане штогадовым і ў далейшым будзе праводзіцца ў розных краінах, якія цікавяцца гэтай тэмай. Другі форум прайшоў у кастрычніку бягучага года і сабраў дэлегацыі многіх дзяржаў і міжнародных арганізацый, прадстаўнікоў акадэмічных і дзелавых колаў, якія працуюць у галіне інфарматызацыі дзяржаўных паслуг і развіцця інфармацыйнай супольнасці. Гэты форум стаў больш прадстаўнічым - у ім прынялі ўдзел 32 дзяржавы, у тым ліку некалькі краін СНД. Было прынята рашэнне, што ў наступным годзе ён пройдзе ў Казахстане. Дарэчы, на форуме 2013 года Казахстан быў прадстаўлены адной з самых шматлікіх дэлегацый. Гэта сведчыць аб значэнні, якое партнёр Беларусі па Мытным саюзе надае праграмам электроннага ўрада як інструменту развіцця краіны і павышэння яе прэстыжу на міжнароднай арэне. Несумненна, Казахстан паспрабуе ператварыць наступны Глабальны форум у значную міжнародную падзею, таму Беларусь, асабліва з улікам таго, што ў наступным годзе мерапрыемства будзе праходзіць на прасторы Садружнасці, проста абавязана прыняць у ім актыўны ўдзел.

У любой краіне электронны ўрад прывязаны да развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і таму пастаянна будзе ўдасканальвацца. Тое, што яшчэ ўчора было перадавой тэхналогіяй, сёння можа стаць вельмі пасрэднай, а заўтра - і зусім устарэлай. Такім чынам, завяршыць праект стварэння электроннага ўрада і спыніць працэс яго ўдасканалення немагчыма - яно будзе развівацца да таго часу, пакуль чалавецтва не прыдумае нешта больш глабальнае, чым Інтэрнэт. Таму ў форумаў, падобных да тых, што двойчы праходзілі ў Карэі, вялікая будучыня. На іх агучваецца вялікая колькасць цікавай інфармацыі, якую не заўсёды можна знайсці ў адкрытых крыніцах, ёсць магчымасць абмяркоўваць праблемы з калегамі з іншых краін.

- Паняцце электронны ўрад цяпер на слыху, але далёка не ўсе разумеюць сапраўднае значэнне гэтага азначэння...

- Электронны ўрад ствараецца перш за ўсё для таго, каб прадастаўляць насельніцтву розныя дзяржаўныя паслугі ў максімальна зручнай форме 24 гадзіны ў суткі сем дзён на тыдзень. На гэта ў нас накіравана Нацыянальная праграма паскоранага развіцця паслуг у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на 2011-2015 гады, і мэта гэтай праграмы - увайсці ў трыццатку краін па гатоўнасці да электроннага ўрада. Сёння мы займаем у рэйтынгу 61-е месца.

Наогул электронны ўрад - даволі ўмоўны тэрмін, які быў уведзены калісьці, але з таго часу яго значэнне шмат разоў змянялася. Што азначае яго стварэнне для простага чалавека і як яно выглядае, напрыклад, у Карэі? Цікавасць, у прыватнасці, уяўляе прынцып пабудовы сістэмы доступу да дзяржаўных паслуг. Яе асновай з'яўляецца ідэнтыфікацыйная картка грамадзяніна (аналаг пашпарта), якая змяшчае біяметрычныя даныя. Яна выступае ў якасці адзінага электроннага ключа, прыналежнасць якога пацвярджаецца сканіраваннем адпячатка пальца. Доступ да паслуг з дапамогай такой карткі можна атрымаць у цэнтрах абслугоўвання насельніцтва, інфакіёсках, а ў шэрагу выпадкаў - нават з дамашняга камп'ютара. Гэта значна зніжае дакументаабарот і дае магчымасць атрымліваць дзяржаўныя паслугі ў любы час. Фактычна, пры ажыццяўленні многіх аперацый кантакт грамадзяніна з чыноўнікам цалкам ліквідаваны, што забяспечвае поўную празрыстасць і сумленнасць работы дзяржапарату. Інакш кажучы, у людзей няма неабходнасці звяртацца з запытамі ў розныя міністэрствы і ведамствы. Гэта так званы прынцып чорнай скрыні: чалавек не абавязаны ведаць, якое міністэрства адказвае за тую ці іншую праблему, але дзяржава ў цэлым абавязана прадаставіць яму паслугу, якую ён запытаў.

У Карэі на практыцы рэалізаваны прынцып "універсальнага ключа". Выдаваемы, як правіла, банкамі сертыфікат лічбавага подпісу абслугоўваецца адным каранёвым засведчвальным цэнтрам і забяспечвае доступ да паслуг усіх органаў і падключаных да сістэмы недзяржаўных арганізацый. Няма неабходнасці афармляць асобны "ключ" для кожнага віду паслуг.

Гэта значыць электронны ўрад - гэта інтэграваная сістэма. На базавым узроўні ён уяўляе сабой электронны дакументаабарот. Але цяпер многія краіны пайшлі ўжо значна далей. Наступны ўзровень - сістэма ідэнтыфікацыі, пры якой можна атрымаць патрэбную інфармацыю, не выходзячы з дому. У нас адзін з прыкладаў паспяховай інфарматызацыі - тое, як у свой час кардынальна змяніўся працэс афармлення жылля. Акрамя таго, сёння ў Беларусі можна падаць у электронным выглядзе падатковую дэкларацыю. Ужо ідзе размова і аб пераходзе на электронныя накладныя. Па сутнасці, працэсу стварэння электроннага ўрада спадарожнічае рэальная дэбюракратызацыя, адмова ад папяровага дакументаабароту, максімальная магчымасць вырашаць праблемы дыстанцыйна. Так, у Беларусі ўжо цяпер камунальныя плацяжы можна аплаціць і ў банку, і на пошце, і ў інфакіёску, і нават у Інтэрнэце з улікам адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы, якую запусціў Нацыянальны банк. Таму бонусы ад стварэння электроннага ўрада атрымлівае як чалавек, так і дзяржава.

- Наколькі відавочныя на фоне іншых краін поспехі Беларусі ў галіне стварэння электроннага ўрада?

- Стварэнне электроннага ўрада - складаны і шматгранны працэс. Наша работа ў гэтым напрамку знайшла адлюстраванне ў розных рэйтынгах, у тым ліку ААН, дзе пазіцыя Беларусі паступова паляпшаецца. Замежныя калегі звычайна адзначаюць, што ў Беларусі вельмі шмат зроблена з пункту гледжання развіцця інфраструктуры, у нас высокі індэкс чалавечага капіталу. Гэта значыць, што людзі гатовы да ўспрымання новых ідэй і да рэальнага ўзаемадзеяння з гэтым праектам, таму што электронны ўрад, створаны дзеля прыліку, ніякага эфекту не дае. Акрамя таго, у нас даволі развітая IT-індустрыя. Цяпер мы крыху адстаем ва ўкараненні электронных паслуг, але якраз у гэтай частцы можна ўдасканальвацца вельмі хутка. Варта адзначыць, што лакаматывам прагрэсу ў сферы інфарматызацыі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій сёння стаў Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Вельмі важная роля ў гэтым працэсе адведзена нядаўна створанаму пры ААЦ Нацыянальнаму цэнтру электронных паслуг. Упэўнены, што ў бліжэйшы час мы ўсе зможам на свае вочы ўбачыць вынікі яго работы.

- Якія этапы выдзяляюць у стварэнні электроннага ўрада?

- Ёсць шмат фактараў, якія прымушаюць пастаянна пераглядаць канцэпцыю электроннага ўрада. У Карэі выдзяляюць некалькі этапаў у яго існаванні: 1.0, 2.0 і 3.0. Першы ўзровень - урад, які мае вялікую колькасць розных інфармацыйных рэсурсаў у лічбавым выглядзе і значна спрашчае ўзаемадзеянне паміж дзяржавай з аднаго боку і чалавекам - з другога. Пад другім узроўнем маецца на ўвазе інтэрактыўны электронны ўрад, арыентаваны на чалавека, на атрыманне ім паслуг. Напрыклад, можна запоўніць у Інтэрнэце дэкларацыю, можна заказаць пашпарт і яго прывязуць дадому, пры гэтым няма неабходнасці хадзіць па розных міністэрствах і ведамствах і збіраць даведкі. Трэці этап у фарміраванні электроннага ўрада, і гэта было галоўнай заявай на Глабальным форуме ў 2013 годзе, - так званы адкрыты ўрад. У Карэі гэтаму ўдзяляецца асаблівая ўвага. Канцэпцыя прадугледжвае свабодны доступ грамадзян і арганізацый да ўсіх матэрыялаў дзяржаўных органаў (у тым ліку да міжведамаснай перапіскі) у рэжыме рэальнага часу праз Інтэрнэт. Выключэнне плануецца зрабіць толькі для пытанняў, якія датычацца нацыянальнай бяспекі.

Ідэя адкрытага ўрада знайшла падтрымку сярод прадстаўнікоў ААН і міжнародных арганізацый, але на яе, тым не менш, скептычна адрэагавала большасць удзельнікаў форуму ад дзяржаўных органаў іншых краін. На іх думку, такая адкрытасць пакуль немагчыма ў большасці краін свету, у тым ліку ў сувязі з актыўным абмеркаваннем пытанняў аб абароне персанальных даных.

Пры гэтым большасць удзельнікаў Глабальнага форуму адзначылі станоўчую тэндэнцыю ў рабоце электроннага ўрада - актыўнае ўключэнне насельніцтва ў працэс выяўлення праблем і недахопаў у рабоце дзяржаўных службаў. Напрыклад, у Карэі сістэма апрацоўкі зваротаў насельніцтва цалкам аўтаматызавана. Выдзелена некалькі дзясяткаў "жыццёвых" сітуацый, якія чалавек можа літаральна націскам адной кнопкі на тэлефоне давесці да ведама ўлады. Гэта датычыцца, напрыклад, няправільна прыпаркаваных машын, дэфектаў дарожнага пакрыцця, смецця і да т.п. Інфармацыя (часта з адпаведнай фатаграфіяй, зробленай з тэлефона) неадкладна трапляе ва ўпаўнаважаны дзяржаўны орган. Пры гэтым яна забяспечваецца каардынатамі месца падзеі, устаноўленымі з дапамогай GPS-навігацыі. Такім чынам, рэзка скарачаецца тэрмін рэакцыі дзяржслужбаў на паведамленне.

- На якім этапе стварэння электроннага ўрада цяпер мы знаходзімся?

- Сёння, каб дайсці да ўзроўню 3.0, любой краіне неабходна прайсці два папярэднія. Відавочна, што сама па сабе публікацыя міжведамаснай перапіскі ў Інтэрнэце ніякага эфекту не дасць. На форуме ў Карэі арганізатары малявалі светлую будучыню, якой, як прызнаюцца, самі пакуль не пабудавалі, але вельмі да гэтага імкнуцца.

Беларусь цяпер фактычна знаходзіцца на ўзроўні 2.0 - інтэрактыўнага электроннага ўрада. Проста ён у розных ведамствах краіны развіваецца з рознай хуткасцю: дзесьці гэта ўпіраецца ў фінансаванне, дзесьці - у асаблівасці заканадаўства. Але ў цэлым мы, як і ўвесь свет, эвалюцыянуем у правільным напрамку, а з улікам існуючага патэнцыялу ў нас ёсць магчымасць зрабіць усё даволі аператыўна. Вельмі важна, што ў нас закладзена аснова. Развіццё электроннага ўрада не можа апярэджваць развіццё інфраструктуры проста таму, што гэта будуць інвестыцыі ў нікуды. Уявіце: распрацавалі і ўкаранілі сістэму, але карыстаецца ёю, умоўна кажучы, тысяча чалавек. А ва ўсіх астатніх дома банальна няма камп'ютара. Таму ўсё павінна развівацца гарманічна і своечасова. У тым ліку трэба інфармаваць людзей аб тым, якія магчымасці адкрываюцца з развіццём электроннага ўрада. Зразумела, што для многіх на пачатковым этапе складана асвоіць усе новаўвядзенні адразу. У сувязі з гэтым у шэрагу краін існуюць цэнтры абслугоўвання насельніцтва, дзе ёсць кансультанты, якія аказваюць людзям дапамогу першыя некалькі гадоў. У Беларусі ў якасці аналага такіх сэрвісных цэнтраў будуць выступаць вузлы сувязі "Белтэлекама" і паштовыя аддзяленні. Прынята пастанова ўрада, у адпаведнасці з якой яны атрымалі статус інфармацыйнага пасрэдніка. Гэта значыць чалавек зможа прыйсці на пошту або ў вузел сувязі і атрымаць усе неабходныя паслугі з дапамогай кансультанта, які растлумачыць яму незразумелыя моманты. Упэўнены, што літаральна праз некалькі гадоў паслугі кансультантаў ужо не спатрэбяцца.

- Цяпер ёсць планы па ўкараненні ў Беларусі некалькіх перспектыўных тэхналогій, якія сталі навацыяй у сферы электроннага ўрада і сувязі. Раскажыце пра кожную з іх.

- Гэта пяць напрамкаў, па якіх развіваюцца інфармацыйныя сістэмы ва ўсім свеце. Яшчэ некалькі гадоў таму не было магчымасці рэалізаваць гэтыя праекты, але сучаснае тэхналагічнае развіццё і праграмнага забеспячэння, і апаратнай часткі даюць магчымасць рабіць рэчы, пра якія раней мы нават падумаць не маглі.

Адна з тэхналогій - "Інтэрнэт рэчаў" (Internet of Things). Гэта сістэма "ўбудавання" фізічных аб'ектаў у інфармацыйныя сістэмы праз аснашчэнне іх спецыялізаванымі ўстройствамі для абмену данымі са знешнім асяроддзем. Класічным рашэннем у гэтай канцэпцыі з'яўляецца прымяненне тэхналогій радыёчастотнай ідэнтыфікацыі (RFID). "Інтэрнэт рэчаў" эфектыўна працуе ў бібліятэчнай справе - такой меткай забяспечваецца кніга. Акрамя таго, RFID-меткі цяпер вельмі актыўна выкарыстоўваюцца ў сусветных гандлёвых сетках для інвентарызацыі тавараў, уліку іх руху. У Карэі, напрыклад, гэту сістэму выкарыстоўваюць для кантролю дарагога алкаголю. З боку пакупнікоў было шмат нараканняў на падробку дарагога замежнага віскі. Урад знайшоў наступнае выйсце з сітуацыі: замест звычайнай акцызнай маркі кампаніі-пастаўшчыкі алкаголю на мясцовы рынак інтэгруюць у корак RFID-меткі. Дастаць метку з бутэлькі, не пашкодзіўшы яе, і не спыніўшы сігнал, немагчыма. Па сутнасці, гэта дае магчымасць у адзінай інфармацыйнай сістэме прасачыць шлях усіх тавараў, і калі іх колькасць на нейкім этапе не супадае, адразу можна вызначыць этап, на якім адбываецца ўкідванне контрафакту. Такім чынам, у Карэі гэта праблема была вырашана.

Наступная тэхналогія мае назву "воблачныя вылічэнні" (Cloud Computing). Яны прадугледжваюць кансалідацыю абсталявання ў спецыялізаваных цэнтрах апрацоўкі даных з мэтай скарачэння аперацыйных расходаў, аптымізацыі спажывання электраэнергіі, павышэння эфектыўнасці выкарыстання вылічальных магутнасцей, павышэння стабільнасці работы праграмнага забеспячэння і ўзроўню абароны інфармацыі. "Воблачныя вылічэнні" прымяняюцца і ў Беларусі, што дае магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя рэсурсы.

Яшчэ адна перспектыўная тэхналогія - "машына - машыне" (Machine - to - Machine, M2M). Тут маецца на ўвазе аўтаматызаваны абмен данымі паміж рознымі ўстройствамі без удзелу чалавека (збор паказанняў прыбораў уліку, "разумныя" сеткі і да т.п.). Міжмашыннае ўзаемадзеянне - калі ўсе ўстройствы, якія збіраюць інфармацыю аб знешнім асяроддзі, звязваюцца разам і могуць абменьвацца інфармацыяй паміж сабой без удзелу чалавека. Напрыклад, яна можа выкарыстоўвацца для кіравання транспартнымі патокамі. Ёсць датчыкі скорасці, датчыкі надвор'я, датчыкі руху ў грамадскім транспарце, і ўсе яны працуюць без удзелу чалавека. Калі ўсе гэтыя даныя аб'яднаць у адзіную сістэму, атрымліваецца эфектыўны механізм, які працуе не толькі для фіксацыі затораў і папярэджання аб іх вадзіцеляў - у хуткім часе можна будзе нават прадказваць узнікненне затораў на канкрэтных участках дарогі і выдаваць інфармацыю аб заторах з паведамленнямі, што трэба зрабіць, каб іх пазбегнуць. Калі развіваць гэту сістэму, яна зможа нават самастойна рэгуляваць перыяд уключэння сігналаў святлафора. У некаторых краінах, у тым ліку ў Казахстане, Сінгапуры, Кітаі, Карэі, ужо цяпер на вялікія маніторы на дарозе выводзіцца інфармацыя для вадзіцеляў аб некалькіх наступных скрыжаваннях, дзе рознымі колерамі паказваецца ўзровень загружанасці вуліц. Сёння вядзецца такая распрацоўка для Мінска, яна так і называецца - інтэлектуальная транспартная сістэма.

"Грамадскія даныя" (Public Data) - прадастаўленне доступу суб'ектам гаспадарання да даных дзяржаўных інфармацыйных сістэм для стымулявання распрацоўкі дадаткаў, арыентаваных на прадастаўленне дадатковых паслуг насельніцтву і арганізацыям. Цяпер такая тэхналогія для нас не вельмі актуальная, але з цягам часу Беларусь да гэтага таксама прыйдзе. У чым канкрэтна гэта праяўляецца? Дзяржава акумулюе масу рознай інфармацыі, якая не з'яўляецца сакрэтнай. Але калі чалавеку выдаць, напрыклад, шматтомнік Нацстата, ён наўрад ці зможа знайсці ў ім патрэбную яму інфармацыю. У той жа час у нас ёсць некалькі розных дзяржаўных сістэм, кожная з якіх мае некаторую колькасць даных, і іх супастаўленне вельмі цікавае для развіцця бізнесу і нават проста для правядзення вольнага часу. Пасля таго як гэтыя даныя выкладаюцца ва ўсеагульны доступ у пэўным фармаце, кампаніі могуць з іх выкарыстаннем распрацоўваць розныя дадаткі для мабільнага тэлефона, планшэта, камп'ютара. Напрыклад, ёсць даныя аб руху паяздоў метро і расклад руху аўтобусаў. Можна распрацаваць праграму, якая зможа разлічыць ідэальны маршрут для руху чалавека ў пэўны час сутак з улікам асаблівасцей руху транспарту і даных аб заторах на розных участках дарогі.

Яшчэ адзін падыход - "вялікія даныя" (Big Data). Гэта праграмныя і апаратныя рашэнні, якія забяспечваюць апрацоўку ў самыя кароткія тэрміны вельмі вялікіх масіваў інфармацыі. Яны неабходны для выяўлення заканамернасцей, выпрацоўкі аптымальных шляхоў вырашэння праблем, комплекснага мадэлявання працэсаў, якія фіксуюцца дзяржаўнымі інфармацыйнымі сістэмамі.

На сучасным этапе ўсе гэтыя тэхналогіі паспяхова ўкараняюцца як у Карэі, так і ў іншых краінах свету ад Еўропы і Азіі да Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Актуальныя яны і для Беларусі.

Таццяна ПАСТУШЭНКА
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі