Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
25 студзеня 2018, 19:29
Ірына Касцевіч

Дапамагчы тым, хто хоча і можа зарабляць

Ірына Касцевіч
Міністр працы і сацыяльнай абароны

У Беларусі падпісаны дакумент аб садзейнічанні занятасці насельніцтва. Ва ўсім свеце магчымасць працаваць з'яўляецца адным з галоўных крытэрыяў ацэнкі паспяховасці чалавека ў грамадстве, стабільнасці. БЕЛТА звярнулася да міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч з просьбай расказаць, якія новыя магчымасці адкрываюцца з прыняццем дэкрэта.

- Ірына Анатольеўна, якая асноўная мэта прынятага дэкрэта?

- Асноўная мэта дэкрэта - садзейнічанне занятасці насельніцтва. Зыходзячы з гэтага, вызначаюцца і дзве асноўныя задачы. Першая - максімальнае стварэнне на месцах найбольш спрыяльных умоў для занятасці насельніцтва: гэта і падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляванне самазанятасці, і, безумоўна, індывідуальная работа з тымі грамадзянамі, якія сёння не працуюць, але хочуць і могуць зарабляць сабе на жыццё легальным спосабам. Па сутнасці, занятасць насельніцтва становіцца адным з важнейшых крытэрыяў ацэнкі работы мясцовай улады. Другая - стымуляваць да занятасці праз "рубель".

- Калі мы гаворым пра першую задачу, то якім чынам яна будзе выконвацца?

- Асноўныя рашэнні па паляпшэнні і лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу прыняты ўжо. У краіне сістэмна разгорнута работа па стварэнні новых рабочых месцаў. Паводле папярэдняй ацэнкі, у 2017 годзе на новыя рабочыя месцы былі працаўладкаваны 70 тыс. грамадзян. Задача 2018 года - тэмпы не зніжаць. Акрамя агульнаэканамічных мер неабходна сканцэнтраваць намаганні і на аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні кожнаму чалавеку. У мінулым годзе работа па аказанні грамадзянам садзейнічання ў працаўладкаванні была выбудавана ў новым фармаце. Да работы мясцовых органаў улады па вырашэнні праблем занятасці насельніцтва актыўна падключыліся дэпутаты ўсіх узроўняў.

Дэкрэтам прадугледжана стварэнне камісій пры мясцовых органах улады, у склад якіх увойдуць дэпутаты ўсіх узроўняў, спецыялісты, прадстаўнікі ЖКГ, МУС, а таксама могуць уваходзіць прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў. За гэтымі камісіямі замацоўваецца асноўная адказнасць за работу на месцах. Яны абавязаны будуць забяспечыць індывідуальны падыход да кожнага, хто звярнуўся за дапамогай або трапіў у няпростую сітуацыю.

Практыка паказала, што нам трэба працаваць актыўней, больш настойліва прапаноўваць свае паслугі па працаўладкаванні, праяўляць ініцыятыву.

- Галоўная роля ў вырашэнні пытанняў занятасці насельніцтва адводзіцца мясцовым органам улады. Якія менавіта функцыі на іх ускладзены?

- Занятасць насельніцтва - гэта ў першую чаргу сфера адказнасці канкрэтнага рэгіёна, і хто, як не мясцовыя органы ўлады, бачаць сітуацыю, валодаюць усёй інфармацыяй, для таго каб вырашаць існуючыя пытанні. Таму дэкрэтам на мясцовыя органы ўлады ўскладзена рэалізацыя канкрэтных мер па забеспячэнні занятасці насельніцтва, у тым ліку стварэнне рабочых месцаў, садзейнічанне ў працаўладкаванні, перанавучанне, прадастаўленне часовай работы. Ацэнка іх дзейнасці на ўсіх узроўнях будзе ажыццяўляцца штоквартальна. Пры гэтым дэкрэтам вызначана, што правядзенне эфектыўнай палітыкі садзейнічання занятасці насельніцтва, стымуляванне працоўнай занятасці і самазанятасці, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы, забеспячэнне легалізацыі працоўнай дзейнасці стануць аднымі з асноўных паказчыкаў эфектыўнасці работы кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

- У дэкрэце з'яўляецца новае паняцце "тэрыторыі з напружанай сітуацыяй на рынку працы". Што яно азначае і чаму было прынята рашэнне выдзеліць асобныя рэгіёны?

- Сапраўды, ураду даручаецца штогод зацвярджаць пералік тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Нягледзячы на паляпшэнне сітуацыі ў цэлым па краіне, рэгіянальныя рынкі працы характарызуюцца значнай дыферэнцыяцыяй па паказчыках беспрацоўя і яго працягласці, тэрытарыяльнымі дыспрапорцыямі попыту і прапанавання рабочай сілы.

І калі раней пры вызначэнні раёнаў з высокім узроўнем напружанасці мы ўлічвалі толькі суадносіны зарэгістраваных беспрацоўных і колькасць вакансій, то цяпер прапануем улічваць і шэраг эканамічных паказчыкаў: напрыклад, суадносіны прынятых і звольненых работнікаў, маштабы вымушанай няпоўнай занятасці. Вызначэнне пераліку такіх тэрыторый дасць магчымасць абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў дадаткова накіроўваць сродкі адпаведных мясцовых бюджэтаў на вырашэнне пытанняў занятасці насельніцтва менавіта ў гэтыя раёны.

- Вы гаварылі аб стымуляванні занятасці праз "рубель". Што тут маецца на ўвазе?

- Перш за ўсё, хачу адзначыць, што ў рэспубліцы ёсць пэўная катэгорыя працаздольных грамадзян, якія не працуюць і не зацікаўлены ў пошуку работы. Магчыма, частка з іх - гэта грамадзяне, занятыя ў ценявым бізнесе. Таму неабходна фарміраванне ўмоў, пры якіх грамадзянін будзе сам зацікаўлены ў працаўладкаванні.

Дэкрэтам прадугледжана, што працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, будуць аплачваць паслугі па цэнах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне. Такая норма пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2019 года. Што датычыцца непасрэдна саміх паслуг, то іх пералік і парадак разліку будзе вызначаны ўрадам да 1 красавіка бягучага года.

Такім чынам, у чалавека ёсць практычна год, каб вызначыць свой статус і, пры жаданні, змяніць яго.

- Хто будзе вызначаць, што канкрэтны грамадзянін павінен аплаціць паслугу па поўным кошце?

- Дэкрэтам прадугледжана стварэнне і вядзенне ў рэспубліцы базы даных працаздольных грамадзян у працаздольным узросце, не занятых у эканоміцы. У бліжэйшы час урад вызначыць парадак яе фарміравання і вядзення. Прадугледжваецца, што механізм фарміравання будзе двухузроўневым. На першым этапе на рэспубліканскім узроўні будзе фарміравацца асноўная база даных на аснове рэспубліканскіх інфармацыйных рэсурсаў. Другі этап, мясцовы ўзровень - карэкціроўка асноўнай базы мясцовымі органамі з улікам існуючых у іх інфармацыйных рэсурсаў і іншай інфармацыі.

Звесткі з базы даных будуць выкарыстоўвацца на месцах у першую чаргу для аказання садзейнічання непрацуючым грамадзянам у працаўладкаванні. Па выніках гэтай работы мясцовыя органы і будуць вырашаць пытанне аб прадастаўленні канкрэтнаму чалавеку паслуг з пакрыццём затрат.

- Якія катэгорыі грамадзян будуць адносіцца да не занятых у эканоміцы?

- Урад у месячны тэрмін вызначыць пералік катэгорый грамадзян, якія адносяцца да не занятых у эканоміцы.

Хачу падкрэсліць, дэкрэт перш за ўсё накіраваны на абарону правоў нашых грамадзян, якія добрасумленна хочуць працаваць, і дапаможа забяспечыць справядлівасць як базавы прынцып сацыяльнай палітыкі.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі