Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
21 студзеня 2016, 16:13
Сяргей Туромша

Да 2020 года GPON з'явіцца ў кожным гарадскім шматпавярховым доме

Сяргей Туромша
Намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП "Белтэлекам"

У Беларусі ADSL масава замяняюць на тэхналогію GPON (Gigabit-capable Passive Optical Network), з дапамогай якой можна істотна "разагнаць" скорасць перадачы даных. Колькасць абанентаў - карыстальнікаў тэхналогіі GPON ужо складае 600 тыс. Да канца 2016-га яна дасягне адзнакі 1 млн. Пра рэвалюцыю скорасці доступу ў інтэрнэт, перспектывы Wi-Fi і барацьбу з шэрым трафікам у інтэрв'ю БЕЛТА расказаў намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП "Белтэлекам" Сяргей Туромша.

- Рэвалюцыя скорасці доступу ў інтэрнэт ужо адбываецца. Даступная для абанента скорасць вырастае ў разы. Паводле ацэнак экспертаў, у перспектыве на адну дамашнюю гаспадарку будзе неабходны канал доступу са скорасцю перадачы не менш за 1 Гбіт/с. Відавочна, што існуючыя медныя абаненцкія лініі не здольны забяспечыць неабходныя параметры для перадачы такіх аб'ёмаў інфармацыі. Са з'яўленнем новых сэрвісаў і сеткавых дадаткаў трэба павялічваць ёмістасці транспартных сетак, мадэрнізаваць сеткі стацыянарнага шырокапалоснага доступу і ўкараняць новыя тэхналогіі "апошняй мілі" ("апошняя міля" - канал для злучэння абсталявання кліента і вузла доступу правайдара. - Заўвага БЕЛТА).

Таму апошнія гады "Белтэлекам" будуе сеткі доступу з прымяненнем тэхналогіі GPON, якія прадугледжваюць давядзенне валаконна-аптычнага кабеля да абанента і даюць магчымасць ужо сёння прадастаўляць скорасць доступу ў інтэрнэт да 1 Гбіт/с. Да канца 2015-га абаненцкая база сеткі GPON "Белтэлекама" наблізілася да 600 тыс., у 2016-2020 гадах яна вырасце ў некалькі разоў. Да 2020-га GPON будзе ў кожным гарадскім шматпавярховым доме. Трэба разумець, што GPON не толькі забяспечвае доступ да інтэрнэту, тэлебачання, тэлефаніі. Гэта тэхналогія дапамагае кіраваць у тым ліку ахоўнай сігналізацыяй, дамафонам.

Разам з будаўніцтвам сетак доступу нарошчваюцца магутнасці і прапускная здольнасць магістральных, унутрызанальных і мясцовых транспартных сетак электрасувязі. Прадугледжваецца пракладванне валаконна-аптычных ліній сувязі (ВАЛС) у сельскай мясцовасці. Сёння ўсе абласныя і райцэнтры маюць не менш за два падыходы па ВАЛС, па іх падключана больш за 85 працэнтаў сельскіх АТС.

Наступны крок - гэта забеспячэнне роўнага доступу да інфармрэсурсаў для ўсіх жыхароў краіны. Да 2020 года высакаскорасныя лініі падвядуць да ўсіх сельскіх населеных пунктаў, дзе больш за 100 дамашніх гаспадарак.

- Ці адсочвае "Белтэлекам" запатрабаванасць карыстальнікамі рэсурсаў інтэрнэту? Чаму аддаюць перавагу беларускія юзеры?

- "Белтэлекам" пастаянна праводзіць маніторынг запатрабаванасці інтэрнэт-рэсурсаў, каб аператыўна пашыраць знешні шлюз. У беларусаў найбольш папулярны замежныя інтэрнэт-рэсурсы, на долю унутраных прыпадае каля 5 працэнтаў аб'ёму знешняга шлюза.

Больш за ўсё трафіку выкарыстоўвацца з 19.00 да 23.00, а мінімум прыпадае на перыяд з 3.00 да 7.00. Летам трафік зніжаецца на 30 працэнтаў, што тлумачыцца водпускамі і канікуламі.

Суадносіны расійскага і заходняга сегментаў сеткі Інтэрнэт апошнія гады змяніліся, цяпер яны складаюць прыблізна 50 на 50. Некалькі гадоў таму прэваліраваў расійскі напрамак, яго доля складала 70 працэнтаў. Больш за 40 працэнтаў трафіку прыпадае на папулярныя ў беларусаў YouTube, "ВКонтакте" і Mail.ru. Усё часцей абанентаў цікавіць цяжкі відэакантэнт.

- Да якога аб'ёму плануецца пашырыць інтэрнэт-шлюз краіны ў бліжэйшыя гады?

- На 1 студзеня 2016 года ёмістасць знешняга шлюза складала 670 Гбіт/с. За апошнія пяць гадоў яна павялічылася ў 15 разоў і да 2020-га можа скласці больш за 1,5 Тбіт/с.

Перад "Белтэлекамам" стаіць задача максімальна павялічыць скорасць доступу ў інтэрнэт і мінімізаваць затрымку пры перадачы даных. Для гэтага мы працуем па розных напрамках, прыярытэтам застаюцца прамыя пірынгавыя каналы з вялікімі інтэрнэт-рэсурсамі (Google, VK, Mail.ru і г.д.).

Для набліжэння кантэнту да абанента ў краіне будуць размяшчацца CDN - устройствы міжнародных аператараў. Гэта сеткавая інфраструктура, якая дае магчымасць аптымізаваць дастаўку і дыстрыбуцыю кантэнту канечным карыстальнікам у сетцы Інтэрнэт. У пунктах прысутнасці сеткі CDN будзе павялічана скорасць загрузкі аўдыя- і відэаматэрыялаў, праграмнага, гульнявога і іншых відаў лічбавага кантэнту. Яшчэ адзін важны напрамак - перанос кэшыруючых сервераў сусветных інтэрнэт-рэсурсаў у дата-цэнтр "Белтэлекама" для скарачэння спажывання знешняга трафіку. Шэраг такіх праектаў ужо рэалізаваны ў 2014-2015 гадах.

- Як будзе развівацца Wi-Fi?

- "Белтэлекам" стварыў амаль 375 тыс. кропак доступу Wi-Fi па ўсёй краіне, з якіх амаль 373 тыс. - так званы дамашні Wi-Fi. Паслугі Wi-Fi пазіцыянуюцца ў першую чаргу як альтэрнатыўны, адносна недарагі варыянт бесправаднога доступу ў інтэрнэт. Таму ў перспектыве плануем яшчэ больш пашырыць сетку Wi-Fi, "падставіўшы плячо" мабільным аператарам, якія развіваюць тэхналогіі 3G і 4G.

Апошнія гады "Белтэлекам" актыўна развівае і сетку грамадскага Wi-Fi. Ён сёння даступны ў гасцініцах, спарткомплексах, гандлёвых цэнтрах, рэстаранах, кафэ і іншых месцах. Прычым калі 2-3 гады таму ініцыятыва "Белтэлекама" па развіцці сеткі Wi-Fi ў грамадскіх мясцінах успрымалася ўласнікамі памяшканняў насцярожана, то сёння заказчыкі самі звяртаюцца да нас з такімі праектамі і часта гатовы ўдзельнічаць у фінансаванні будаўніцтва сетак Wi-Fi, разумеючы, што гэта стварае дадатковую канкурэнтную перавагу.

Рашэнне аб тым, платным ці бясплатным будзе Wi-Fi для кліента, заказчык прымае самастойна.

- "Белтэлекам" запусціў партал самаабслугоўвання сеткі Wi-Fi, з дапамогай якога можна, у прыватнасці, кожны дзень атрымліваць 15-мінутны доступ у інтэрнэт бясплатна. Ці плануюцца іншыя такія праекты ў бліжэйшы час?

- Мы працуем над тым, каб зрабіць паслугу максімальна прывабнай для абанентаў. Таму ў планах прадпрыемства - прапанаваць спецыяльныя ўмовы падключэння да інтэрнэту па Wi-Fi. Лічу, гэта зробіць паслугу больш папулярнай.

- Як у 2016 годзе будуць змяняць тарыфы "Белтэлекама" на інтэрнэт?

- Тарыфная палітыка будзе гібкай. Прыярытэтам застаецца стымуляванне пераходу абанентаў на высакаскорасныя тарыфныя планы.

Улічваючы сусветны вопыт, мы мадэрнізавалі лінейку тарыфных планаў "Рэкорд" для абанентаў, якія выкарыстоўваюць тэхналогіі сеткі PON. У 2015 годзе пераведзены ў архіў тарыфныя планы 1 Мбіт/с, 2 Мбіт/с на медных лініях. У якасці стартавага тарыфу прапануецца "Дамасед старт" са скорасцю доступу да 3 Мбіт/с з улікам тэхнічнай магчымасці абаненцкай лініі.

За апошнія некалькі гадоў кошт 1 Мбіт/с істотна знізіўся. Напрыклад, у 2014-м стартавым тарыфным планам нелімітуемага доступу ў ADSL-сегменце быў "Дамасед" (скорасць доступу ў інтэрнэт 1 Мбіт/с). Кошт 1 Мбіт/с тады склаў Br78,4 тыс., або прыкладна 1,5 працэнта сярэдняй заработнай платы па краіне. У 2015-м самым папулярным тарыфным планам стаў "Дамасед класік" (2 Мбіт/с). Кошт 1 Мбіт/с на ім складаў Br44,9 тыс., або 0,7 працэнта сярэдняй заработнай платы. На новым плане "Дамасед старт" (3 Мбіт/с) кошт 1 Мбіт/с складае Br41,5 тыс., або 0,6 працэнта сярэдняй заработной платы. Тэндэнцыя да зніжэння кошту 1 Мбіт/с відавочная.

Аналагічную сітуацыю можна прасачыць і на сетцы GPON. Напрыклад, у 2013-2014 гадах тарыфны план "Рэкорд 10" (скорасць доступу ў Інтэрнэт 10 Мбіт/с) каштаваў Br264 тыс., а сёння - Br135 тыс. Адносна сярэдняй заработнай платы кошт 1 Мбіт/с знізіўся з 0,6 працэнта да 0,2 працэнта, інакш кажучы ў тры разы.

- Ці актуальна для "Белтэлекама" праблема шэрага трафіку?

- Такая праблема закранае інтарэсы не толькі "Белтэлекама", але і ўсіх беларускіх аператараў сувязі. Гэты від махлярства прадугледжвае незаконную тэрмінацыю (перадачу) міжнароднага тэлефоннага трафіку з-за мяжы. Пры гэтым церпіць якасць паслуг, як вынік - наносіцца ўрон правам абанентаў і інтарэсам аператараў сувязі.

Факты махлярства мы выяўляем з дапамогай спецыяльнага абсталявання, а таксама ўзаемадзейнічаючы з іншымі аператарамі сувязі, у тым ліку замежнымі. У асобных выпадках звяртаемся непасрэдна да абанента для пацвярджэння парушэнняў, перадаём інфармацыю ў праваахоўныя органы для праверкі.

Разам з тым праблема шэрага трафіку сёння не мае маштабнага характару. Яго доля складае ад аднаго да некалькіх працэнтаў ад агульнага аб'ёму міжнароднага тэлефоннага трафіку. Беларускім аператарам сувязі ўдаецца стрымліваць яго рост і процідзейнічаць махлярам, дзякуючы ўзаемадзеянню з праваахоўнікамі вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці, у тым ліку крымінальнай.

- Якія тэндэнцыі можна адзначыць у плане падключэння да тэлефоннай сувязі?

- Рынак паслуг тэлефоннай сувязі знаходзіцца на стадыі насычэння. Гэта адносіцца як да фіксаванай тэлефоннай сувязі, якую прадастаўляе "Белтэлекам", так і да мабільнай.

Абаненты ўсё больш адчуваюць змяненні, звязаныя з развіццём ІТ-рынку, і "Белтэлекам" актыўна пераключае абанентаў на тэхналогію IMS. Такая сетка электрасувязі з выкарыстаннем мультысэрвіснай платформы дае магчымасць прадастаўляць паслугі, заснаваныя на розных камбінацыях голасу, тэксту, графікі і відэа.

- Ці шмат беларусаў ужо карыстаюцца IMS-тэлефаніяй?

- База стацыянарнай тэлефоннай сувязі ў краіне складае больш за 4,4 млн абанентаў, з іх амаль 30 працэнтаў - абаненты сеткі электрасувязі з выкарыстаннем мультысэрвіснай платформы. Плануецца, што пераважная большасць абанентаў традыцыйнай тэлефаніі стануць абанентамі IMS да 2020 года.

- Ці запатрабавана ў беларусаў паслуга падключэння да інтэрактыўнага тэлебачання? Як аператар мае намер развіваць ZALA?

- Сёння па долі дамашніх гаспадарак, якія карыстаюцца сэрвісам IPTV, мы з'яўляемся адным з лідараў у Еўропе. На канец 2015 года інтэрактыўным тэлебачаннем ZALA карысталіся больш як 30 працэнтаў беларускіх дамашніх гаспадарак. Асноўны прыярытэт IPTV - папулярызацыя расшыраных пакетаў тэлеканалаў.

"Белтэлекам" укараніў у 2013 годзе паслугу эфірнага лічбавага тэлебачання, і ўжо больш за 100 тыс. чалавек з'яўляюцца пастаяннымі карыстальнікамі гэтага сэрвісу. У 2015-м у Беларусі з'явілася інтэрнэт-тэлебачанне Smart ZALA, абанентам якога сёння даступна больш за 70 каналаў.

- Якія яшчэ змены чакаюць абанентаў "Белтэлекама" ў гэтым годзе?

- Прыярытэтамі ў 2016 годзе будзе далейшае будаўніцтва інфраструктуры ВАЛС, развіццё новых сэрвісаў, істотнае абнаўленне лінейкі пакетаў паслуг.

Апошнія гады сталі прывычнымі паслугі, што прадстаўляюцца па мадэлі Triple Play, якія аб'ядноўваюць перадачу маўлення, даных і відэа. Гэта шырокапалосны доступ у інтэрнэт byfly, інтэрактыўнае тэлебачанне IPTV ZALA, а таксама новыя паслугі - OTT-тэлебачанне Smart ZALA, HDTV, відэа-канферэнц-сувязь, дамафон, IP-тэлефанія. У планах - укараніць паслугі "Відэаназіранне", "Утульны дом", пашырыць сетку Wi-Fi ва ўстановах адукацыі.

- Якія прэтэнзіі прад'яўляюць кліенты да "Белтэлекама" як да пастаўшчыка паслуг?

- Мы ўважліва аналізуем усе паступаючыя звароты. Для аператыўнай сувязі з кліентамі працуюць гарачыя лініі, служба даведак па пытаннях пераходу на эфірнае лічбавае тэлевяшчанне (172), кансультацыя па паслугах (130), служба тэхнічнай падтрымкі (123). Пытанне "Белтэлекаму" можна накіраваць праз адпаведную форму на нашым сайце.

Трэба адзначыць, прэтэнзіі да якасці паслуг у лідары па колькасці зваротаў не ўваходзяць. Значна часцей пытанні датычацца разлікаў за паслугі, пераходу на тэхналогію GPON (просяць паскорыць яе падключэнне), аказання інтэрнэт-паслуг у аддаленых раёнах, первключэння тэлефона на IMS-платформу.

- Беларусь у рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі па індэксе развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) паднялася да 36-га месца. Задача - увайсці ў 30-ку. Як "Белтэлекам" можа дапамагчы вырашыць гэту задачу?

- "Белтэлекам" як вядучы дзяржаператар электрасувязі непасрэдна ўдзельнічае ў развіцці ІКТ. Так, прадпрыемства з'яўляецца буйнейшым у краіне правайдарам паслуг хостынгу інфармрэсурсаў дзяржорганаў і арганізацый, забяспечвае надзейнае і абароненае прадстаўніцтва дзяржавы ў інтэрнэце. У сэрвісных пунктах "Белтэлекама" забяспечаны доступ карыстальнікаў да дзяржаўных інфармрэсурсаў (размова ідзе аб паслузе "Арганізацыя доступу да інфармацыйных рэсурсаў, уключаных у агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму). Таксама з пачатку года "Белтэлекам" атрымаў права выдаваць электронныя лічбавыя подпісы.

Лічу, што ўкараненне "Белтэлекамам" новых паслуг інвесціраванне ў развіццё тэлекамунікацыйнай інфраструктуры пасадзейнічае ўзмацненню пазіцый Беларусі ў гэтым рэйтынгу.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі