Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
09 жніўня 2011, 18:01

БЕЛАРУСКАЯ АЭС: ПАДРЫХТОЎКА ДА СТАРТУ

Беларусь завяршае падрыхтоўчы этап будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Узводзяцца аб'екты інфраструктуры будучай АЭС на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці. Будуюцца аўтамабільная дарога і чыгунка, ствараецца вытворчая база. Генеральны падрадчык будаўніцтва беларускай АЭС - расійскае ЗАТ "Атамбудэкспарт" - вядучая інжынірынгавая кампанія дзяржкарпарацыі "Расатам" па ўзвядзенню АЭС за мяжой. У інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА прэзідэнт ЗАТ "Атамбудэкспарт" Аляксандр Глухаў расказаў аб планах па ўзвядзенню беларускай АЭС.

- Аляксандр Анатольевіч, ці ўдзельнічае "Атамбудэкспарт" у перагаворах аб выдзяленні Беларусі крэдыту на будаўніцтва АЭС?

- Цяпер "Атамбудэкспарт" не з'яўляецца ўдзельнікам перагавораў па крэдытнаму пагадненню. У Міністэрстве фінансаў Расіі прайшло некалькі кансультацый з удзелам прадстаўнікоў урада Беларусі, на якіх разглядалася канцэпцыя прадастаўлення крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Асноўная задача сёння - вызначыцца з максімальнай сумай крэдыту, якую павінен прыцягнуць беларускі бок. Гэта задача вырашаецца паралельна з правядзеннем экспертызы праекта будаўніцтва. Па ўзгодненай схеме канчатковая сума крэдыту будзе вядома пасля экспертызы.

- На якім этапе цяпер знаходзяцца гэтыя перагаворы? Калі можна чакаць падпісання крэдытнага і кантрактнага пагадненняў?

- Магу сказаць, што абодва бакі блізкія да ўзгаднення сумы крэдыту. Галоўдзяржэкспертыза цяпер разглядае праектна-каштарысную дакументацыю Балтыйскай атамнай станцыі, на падставе якой вызначыцца базавы кошт будаўніцтва беларускай АЭС. Пасля будзе падпісана кантрактнае пагадненне з падрабязным падзелам адказнасці паміж беларускім заказчыкам, ДУ "Дырэкцыя будаўніцтва АЭС", і генеральным падрадчыкам, ЗАТ "Атамбудэкспарт", праведзена ацэнка абавязацельстваў генеральнага падрадчыка, складзены графік плацяжоў.

Ёсць магчымасць, што два дакументы, важныя для рэалізацыі праекта, - кантрактнае пагадненне паміж заказчыкам і генеральным падрадчыкам і міжурадавае пагадненне аб прадастаўленні крэдыту - могуць быць падпісаны адначасова. Выдзяленне грашовых сродкаў пачнецца пасля падпісання генеральнага кантракта на будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

- Раней заяўлялася, што генеральны кантракт па будаўніцтву АЭС плануецца падпісаць восенню. Што прадугледжвае гэты дакумент?

- Генеральны кантракт неабходны. На падставе гэтага дакумента фіксуюцца канчатковыя абавязацельствы заказчыка і генеральнага падрадчыка па будаўніцтву аб'екта атамнай станцыі. Да гэтай работы мы гатовы і, магу вас запэўніць, нашы беларускія калегі таксама. Галоўнае пытанне цяпер - выдзяленне фінансавання для будаўніцтва АЭС. Упэўнены, калі гэта задача будзе вырашана, дынаміка рэалізацыі праекта вырасце ў разы.

- Якія работы ўжо цяпер вядуць ЗАТ "Атамбудэкспарт" і іншыя арганізацыі па падрыхтоўцы да будаўніцтва беларускай АЭС?

- Сёння ўсё, што робіцца на пляцоўцы, фінансуецца за кошт беларускага боку. Гэта не звязана з работай "Атамбудэкспарта". Паўгода таму я быў у Астраўцы. Там праходзіць вертыкальная разметка пляцоўкі, запланавана будаванне ўласнай вытворчай базы. Беларускі бок вядзе будаўніцтва аўтамабільнай трасы, якая зможа вытрымаць буйнагабарытную тэхніку. Чыгунку падводзяць непасрэдна да пляцоўкі. Ужо выкананы даволі вялікі аб'ём работ.

- Хто будзе ажыццяўляць нагляд за адпаведнасцю праведзеных работ стандартам будавання ядзерных аб'ектаў?

- Для гэтай мэты ўжо сёння ў Беларусі фарміруецца мясцовы рэгулятар. Гэта Дзяржатамнагляд, функцыі якога выконвае дэпартамент МНС (дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі. - Заўвага БЕЛТА). Ён будзе ліцэнзаваць і кантраляваць усе стадыі будаўніцтва і пачатак эксплуатацыі беларускай АЭС з пункту гледжання выканання ўсіх існуючых норм і патрабаванняў па бяспецы. Гэта вельмі важны і паказальны момант для суседзяў, усіх краін свету, якія плануюць на сваіх тэрыторыях будаваць АЭС, а таксама МАГАТЭ. У Беларусі ствараецца паўнацэнны рэгулятар, што з'яўляецца неабходнай умовай на шляху падрыхтоўкі да будаўніцтва атамнай станцыі.

- Якія беларускія кампаніі змогуць прыняць удзел у будаўніцтве беларускай АЭС? Якія кантракты могуць дастацца беларускім падрадчыкам? Ці будуць выкарыстоўвацца беларускія матэрыялы, кампаненты пры будаўніцтве станцыі?

- Калі гаварыць, што менавіта мы можам закупляць у Беларусі ў рамках будавання АЭС, адкажу коратка: мы можам закупляць усё, акрамя абсталявання "ядзернага вострава" АЭС. Цяпер мы акумуліруем і вывучаем прапановы, якія паступаюць да нас ад беларускіх кампаній.

У Беларусі шмат прафесійных будаўнічых арганізацый. Напрыклад, беларускае ААТ "Цэнтрэнергамантаж" актыўна ўдзельнічала ў работах па будаўніцтву АЭС "Бушэр" у Іране, якое ўзводзіць "Атамбудэкспарт". Да рэалізацыі праекта мы абавязкова будзем прыцягваць беларускія кампаніі з вопытам работы і неабходнымі кампетэнцыямі.

На тэрыторыі Беларусі таксама можа быць выраблена частка абсталявання агульнапрамысловага класа і будаўнічыя матэрыялы. Было б няправільна купляць, напрыклад, бетон за межамі Беларусі. Прынцып максімальнай лакалізацыі праекта мы ўжо апрабавалі ў розных краінах свету. З аднаго боку, гэта вядзе да развіцця мясцовай прамысловай базы, а з іншага - значна зніжае затраты. Гэта вельмі важны фактар з пункту гледжання эканамічнай мэтазгоднасці. Аднак гэта ўсё будзе залежаць ад параметраў выкарыстання расійскага дзяржаўнага экспартнага крэдыту, які прадастаўляецца для набыцця расійскіх абсталявання, работ і паслуг у мэтах развіцця расійскай нацыянальнай эканомікі.

- Якім чынам будзе ажыццяўляцца адбор беларускіх падрадчыкаў?

- Адбор пастаўшчыкоў абсталявання і паслуг будзе праводзіцца сумеснымі конкурснымі камісіямі, гэта значыць з абавязковым удзелам нашых беларускіх калег.

- Аляксандр Анатольевіч, тэма бяспекі АЭС цяпер з'яўляецца вельмі актуальнай. Як будзе абаронена беларуская АЭС? Якія інавацыйныя сістэмы бяспекі будзе мець электрастанцыя?

- У склад праекта ўваходзіць распрацоўка сістэм фізічнай абароны АЭС. Гэта, перш за ўсё, ахова перыметра, двайны доступ на пляцоўку атамнай станцыі, стварэнне спецыяльных сіл і ўкараненне сродкаў, якія забяспечаць абарону тэрыторыі станцыі ад знешняга пранікнення.

Што датычыцца прыярытэтнага пытання бяспекі функцыянавання і эксплуатацыі станцыі, то ўсё новае, што сёння прымяняецца ў расійскім праекце АЭС-2006, будзе ўкаранёна на беларускай АЭС. Гэта шматканальны комплекс сістэм бяспекі, які ўключае ўзаемазаменныя актыўныя і пасіўныя сістэмы бяспекі. Энергаблокі, што мы плануем будаваць у Беларусі, цалкам адпавядаюць усім сучасным патрабаванням, якія прад'яўляюцца міжнароднымі арганізацыямі і МАГАТЭ. Акрамя таго, у аснову праекта пакладзены рашэнні, што прайшлі еўрапейскую сертыфікацыю.

- Ці ёсць аналагі гэтага праекта ў Расіі?

- Па гэтаму праекту на тэрыторыі Расіі будуюцца дзве атамныя станцыі. Плюс плануецца будаўніцтва Балтыйскай атамнай станцыі ў Калінінградскай вобласці. Цяпер чакаем выхаду праектнай дакументацыі Балтыйскай станцыі. Я ўжо згадваў, што балтыйскі праект звязаны з праектам беларускай АЭС. І беларуская, і балтыйская станцыі будуць вельмі падобныя. Праект распрацоўваецца для канкрэтнай пляцоўкі, але з нязменнымі базавымі рашэннямі. Адна будзе прывязана да пэўных умоў для Беларусі, а іншая - для Калінінградскай вобласці. У той жа час гэта ідэнтычныя праекты па складу сістэм бяспекі, фізічнай абароне, падобнай магутнасці, у іх адзін праекціроўшчык. У плане бяспекі ў праект АЭС-2006 закладзены самыя сучасныя рашэнні, якія існуюць сёння на сусветным рынку будавання АЭС.

- На адлегласці 100 км ад будучай беларускай АЭС Літва плануе пабудаваць Вісагінскую атамную электрастанцыю. Маглі б вы параўнаць абодва праекты? Наколькі мэтазгодна такое суседства?

- Мы, на жаль, да гэтага часу не ведаем, які гэта будзе праект. У Літве праводзяцца мерапрыемствы па выбару месца для будаўніцтва АЭС, вызначэнню інвестара, кампаніі-пастаўшчыка. Пакуль няма ніякіх рашэнняў, ёсць намеры, ідзе дыскусія. Што яны для сябе выберуць, мне невядома. Таму параўноўваць праекты я не магу.

Што датычыцца размяшчэння ў адным рэгіёне трох станцый, то тут я не бачу ніякіх праблем. Энергаблокі АЭС у Беларусі будуць працаваць на забеспячэнне ўнутраных патрэб. Улічваючы плануемае развіццё міждзяржаўнай электрасеткавай інфраструктуры, у тым ліку будаўніцтва ўставак пастаяннага току на лініях электраперадачы паміж Беларуссю і сумежнымі краінамі, узнікае магчымасць экспарту электраэнергіі ў гэтыя краіны пасля ўводу АЭС у эксплуатацыю.

- Як будуць рыхтаваць спецыялістаў для работы на беларускай АЭС?

- У кантрактныя абавязацельствы "Атамбудэкспарта" ўваходзяць адбор і навучанне персаналу будучай станцыі ў расійскіх спецыялізаваных навучальных цэнтрах. Мы будзем выкарыстоўваць вучэбна-трэніровачны цэнтр з паўнацэнным трэнажорам-сімулятарам, дзе плануецца ўстанавіць усе сістэмы кіравання атамнай станцыяй. Персанал будзе працаваць на трэнажоры ў рэжыме рэальнага часу і выконваць усе неабходныя аперацыі. Такі трэнажор па графіку рэалізацыі праекта плануецца адкрыць на пляцоўцы за год да пачатку загрузкі ядзернага паліва.

Калі гаварыць аб комплекснай падрыхтоўцы спецыялістаў, то тут хочацца адзначыць, што ў Беларусі такія мерапрыемствы ўжо рэалізуюцца. У некаторых вышэйшых навучальных установах краіны ідзе падрыхтоўка спецыялістаў. У Беларусі ёсць Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" з унікальнымі распрацоўкамі па гэтым напрамку. Вучоных гэтага інстытута можна прыцягваць да павышэння кваліфікацыі спецыялістаў для будучай АЭС, навучанню студэнтаў. На мой погляд, таксама перспектыўна накіроўваць спецыялістаў на навучанне ў расійскія профільныя ВНУ.

- Ці прадугледжваецца магчымасць выкарыстання тэхналогій іншых краін, акрамя Расіі, у будаўніцтве і далейшай эксплуатацыі беларускай АЭС?

- Калі мы пачыналі перагаворы, з беларускімі калегамі абмяркоўвалася магчымасць прымянення на АЭС турбіны французскай кампаніі "Альстом". Пазней ад гэтай тэмы адышлі і спыніліся на турбагенератарнай устаноўцы вытворчасці расійскай кампаніі. Паколькі плануецца прадастаўленне дзяржаўнага экспартнага крэдыту Расійскай Федэрацыі, ён мінімум на 85 працэнтаў павінен быць прывязаны да аб'ёму расійскай пастаўкі. Таму ў асноўным абсталяванне гэтай АЭС плануецца пастаўляць з Расіі. Гэта агульнапрынятая міжнародная норма: калі краіна атрымлівае экспартны крэдыт, ён прывязаны непасрэдна да паставак абсталявання той краіны, якая прадастаўляе крэдыт. Пры гэтым заказчык можа праводзіць перагаворы з карэйскімі, кітайскімі, еўрапейскімі і іншымі кампаніямі па ўсіх іншых пытаннях, напрыклад, па ўзвядзенню дадатковых трас ліній перадачы электраэнергіі.

- Які варыянт утылізацыі радыеактыўных адходаў можа прапанаваць расійскі бок для беларускай АЭС? Па якіх схемах будзе ўтылізавацца адпрацаванае ядзернае паліва (АЯП)?

- У свеце прэваліруюць розныя канцэпцыі перапрацоўкі радыеактыўных адходаў. Балгарыя будуе ў сябе сухое сховішча, тым не менш да гэтага часу вывозіць паліва на перапрацоўку ў Расію. У Літве пабудавана сухое сховішча, будуецца яшчэ адно: яна не хоча аддаваць паліва на перапрацоўку. У асноўным цяпер краіны пакідаюць адпрацаванае паліва на сваёй тэрыторыі пры станцыі, каб у далейшым мець магчымасць яго перапрацаваць самастойна. У беларускага боку ёсць два варыянты. Або прымаецца рашэнне і фарміруецца асобны дакумент на вываз адпрацаванага ядзернага паліва на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі з вяртаннем прадуктаў перапрацоўкі, аб чым гаворыцца ў міжурадавым пагадненні. Або беларускі бок можа прыняць рашэнне аб будаванні на тэрыторыі станцыі сухога сховішча для АЯП. Заказчыку, зыходзячы з эканамічных, тэхнічных і іншых умоў, трэба будзе выбраць адно з двух рашэнняў.

У праекце беларускай АЭС будуць закладзены сістэмы па перапрацоўцы вадкіх і цвёрдых радыеактыўных адходаў. Яны разлічаны на праектную магутнасць станцыі, на аб'ёмы адходаў, якія генерыруюцца ў працэсе эксплуатацыі.

- Аляксандр Анатольевіч, раскажыце, калі ласка, у якіх яшчэ краінах, акрамя Беларусі, працуе сёння ЗАТ "Атамбудэкспарт"? У якіх міжнародных тэндарах плануе прыняць удзел кампанія?

- "Атамбудэкспарт" цяпер выконвае кантракты па ўзвядзенню АЭС, у тым ліку пад ключ, адначасова пяці атамных энергаблокаў за мяжой: у Іране, Індыі і Балгарыі. Будаўніцтва блока АЭС "Бушэр" у Іране набліжаецца да завяршэння. У рамках кантрактаў вядзецца работа па праектаванню яшчэ чатырох энергаблокаў: другой чаргі Цяньваньскай АЭС у Кітаі і АЭС "Куданкулам" у Індыі.

Актыўна ідзе работа па ўдзелу ў новых тэндарах, у тым ліку на будаванне трэцяга і чацвёртага энергаблокаў АЭС "Цемелін" у Чэхіі. У рамках гэтага праекта асноўнае абсталяванне мы плануем вырабляць на чэшскіх прадпрыемствах. Атамная машынабудаванне ў Чэхіі працуе па расійскіх тэхналогіях. Такім чынам, мы маем канкурэнтную перавагу перад іншымі замежнымі кампаніямі, якія ўдзельнічаюць у чэшскім тэндары. Мы працуем таксама з Турцыяй, В'етнамам, Бангладэш. У будучым нас чакае тэндар на будаўніцтва АЭС у Венгрыі, аб'яўленне якога запланавана на 2012 год.

Сярод краін СНД - Беларусь, Украіна, Арменія. Вядома, праекты будавання АЭС у СНД маюць сваю спецыфіку, паколькі будуць фінансавацца за кошт дзяржаўных экспартных крэдытаў Расійскай Федэрацыі, якія прадстаўляюцца або з бюджэту, або камерцыйнымі банкамі пад гарантыі. Але гэта забяспечвае размяшчэнне дадатковых заказаў на расійскіх прадпрыемствах.

- Сёння многія краіны пераглядаюць свае праграмы па будаўніцтву АЭС у сувязі з аварыяй на "Фукусіма-1". Як вы лічыце, наколькі гэта паўплывае на развіццё атамнай энергетыкі, як гэта адаб'ецца на рабоце вашай кампаніі?

- У "Атамбудэкспарта" не было планаў па будаўніцтву атамных электрастанцый ні ў Германіі, ні ў Італіі, ні ў Швейцарыі, таму адмова гэтых краін ад будаўніцтва АЭС для нас не з'яўляецца стратай. Шкада, што адмовілася ад праекта будаўніцтва АЭС Венесуэла, з якой у Расіі падпісана адпаведнае міжурадавае пагадненне.

Аварыя на АЭС "Фукусіма-1" паўплывала на нашы планы, але не з пункту гледжання скарачэння партфеля заказаў, а з пункту гледжання дынамікі праводзімай работы. Урады многіх краін цяпер пераглядаюць планы па будаўніцтву атамных станцый. Заўважу, яны не адмаўляюцца ад будаўніцтва АЭС, але павышаюць патрабаванні да бяспекі. Сёння праходзіць комплексная праверка, як кожная станцыя зможа вытрымаць уплыў прыродных катаклізмаў і тэхнагенных аварый. На мой погляд, зніжэнне дынамікі - часовы працэс. Неабходна выпрацаваць адзіныя патрабаванні, якія будуць улічвацца ўсімі міжнароднымі ігракамі на сусветным ядзерным рынку. Магу сказаць, што расійскія праекты АЭС ужо сёння ўлічваюць павышаныя патрабаванні да бяспекі АЭС.

Лілія КРАПІВІНА,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі