Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
24 чэрвеня 2015, 12:45

Ала Манілава: Расія правядзе ў Беларусі Дні культуры з акцэнтам на духоўнасць і агульную гісторыю

Расія правядзе ў Беларусі Дні культуры з акцэнтам на духоўнасць і агульную гісторыю


Дні духоўнай культуры Расіі - так называецца маштабная акцыя, якая пройдзе ў Беларусі з 25 чэрвеня па 2 ліпеня. Напярэдадні іх адкрыцця намеснік міністра культуры РФ Ала МАНІЛАВА сустрэлася з карэспандэнтам БЕЛТА, каб расказаць аб неардынарнай праграме Дзён і запрасіць жыхароў нашай краіны на сустрэчы з яркімі прадстаўнікамі найбагацейшай расійскай культуры.


- Ала Юр'еўна, ужо даўно сталі прывычнымі Дні культуры той ці іншай дзяржавы. На гэты раз у назве з'явілася словазлучэнне "духоўная культура". З чым эта звязана?


- У Расіі ёсць такі фармат, які рэалізуецца ў замежных краінах, - Дні расійскай духоўнай культуры. Зразумела, што як і традыцыйныя Дні культуры, яны ўмяшчаюць у сябе шэраг розных мерапрыемстваў. Але калі мы гаворым аб духоўнай культуры, акцэнт робіцца на духоўных, гістарычных сувязях. Безумоўна, Дні духоўнай культуры мы праводзім не ў любой краіне, а толькі там, дзе ў Расіі ёсць такія глыбінныя сувязі. І вядома ж, у гэтым шэрагу краін Рэспубліка Беларусь на першым месцы.


Дні духоўнай культуры праводзяцца ў Беларусі менавіта ў гэтым годзе, таму што бягучы год - год 1000-годдзя спачыну святога князя Уладзіміра - Хрысціцеля Русі. Не выпадкова нашым Дням папярэднічаў візіт у Беларусь Найсвяцейшага Патрыярха Кірыла, які быў таксама прысвечаны 1000-годдзю спачыну князя Уладзіміра і 70-годдзю нашай агульнай Перамогі. Таму што калі мы гаворым аб расійскім і беларускім народах, дзяліць гэту Перамогу абсалютна бессэнсоўна і нават па-кашчунску. Паколькі ў Расіі ўсе - ад малога да вялікага - цудоўна ведаюць, якую цану заплаціў беларускі народ за гэту Перамогу. І трэба зрабіць так, каб памяць аб гэтым была захавана. У вядомай ступені Дні духоўнай культуры такой задачы і прысвечаны.


- Хто, акрамя вас, увойдзе ў расійскую дэлегацыю?


- Мяне вельмі радуе тая рэакцыя, якую прадэманстравалі нашы рэгіёны, калі мы праінфармавалі рэгіянальных міністраў культуры і турызму аб тым, што федэральнае міністэрства праводзіць такую акцыю ў Беларусі. У складзе расійскай дэлегацыі прыедуць амаль 30 рэгіянальных міністраў, а таксама прадстаўнікі Рускай праваслаўнай царквы, эксперты, у тым ліку ў сферы паломніцкага турызму. Таму што адным з буйных мерапрыемстваў Дзён духоўнай культуры стане канферэнцыя па развіцці паломніцкага турызму, якая пройдзе 26 чэрвеня.


Для Расіі культура з'яўляецца галоўным рэсурсам развіцця турызму, гэтыя сферы непадзельныя. І ў аснове такой тэмы, як паломніцтва, духоўны турызм, ляжыць узаемная цяга нашых краін да спадчыны і культуры адна адной. Мы цудоўна разумеем, што для Беларусі, як і для Расіі, ды і многіх краін свету, турызм - адна са стратэгічных галін. І нам не ўсё роўна, куды едзе расійскіх турыст. Хоць у нас свабода выбару, але хочацца, каб наш турыст адкрываў у першую чаргу тыя краіны, якія нам блізкія. Таму мы зробім усё неабходнае, выкарыстоўваючы ўсе нашы рэсурсы - маркетынгавыя, рэкламныя і гэтак далей, - для таго, каб павялічыць паток расійскіх турыстаў у брацкую нам краіну. У сваю чаргу хочам, каб у нас расла колькасць беларускіх турыстаў. Тым больш, што Расіі ёсць што паказаць у сферы духоўнага турызму. На канферэнцыі ў Мінску расійскія рэгіёны якраз правядуць прэзентацыі сваіх турыстычных маршрутаў.


Гэта канферэнцыя - вельмі важная частка Дзён духоўнай культуры, якая, я ўпэўнена, прывядзе да ўмацавання нашых сувязей і з Міністэрствам культуры, і з Міністэрствам спорту і турызму Беларусі. У Мінск прыедуць прадстаўнікі найбуйнейшых расійскіх тураператараў, якія будуць накіроўваць вам нашых турыстаў і прывозіць беларускіх турыстаў у Расію. Канферэнцыя стане пляцоўкай для прафесійных стасункаў у гэтай сферы, якіх раней не было.


- Акрамя, калі можна так сказаць, дзелавой часткі Дзён, якія сюрпрызы чакаюць жыхароў Беларусі?


- Афіцыйна Дні адкрыюцца 25 чэрвеня. Пасля ўрачыстай цырымоніі ў Доме Масквы ў Мінску адбудзецца канцэрт хору дзяўчынак пры Свята-Мікольскім Чорнаастроўскім жаночым манастыры. Гэта не проста падлеткавы хор пры манастыры: калектыў прадстаўляў Расію ўжо ў 30 краінах свету. Напрыклад, ён вельмі папулярны ў Вене, у адной з еўрапейскіх культурных сталіц, а галоўны аўстрыйскі федэральны хор хлопчыкаў з'яўляецца іх партнёрам, яны даюць сумесныя канцэрты. Хор выконвае духоўную музыку, у яго вялікая гастрольная праграма, і ні ў адной краіне Дні духоўнай культуры Расіі не праходзяць без гэтага калектыву. Дарэчы, 24 чэрвеня хор выступае ў Магілёве.


А 27 чэрвеня ў Лоеве Гомельскай вобласці пройдзе міжнародны фестываль "Славянскае адзінства-2015". Гэта свята традыцыйна арганізуецца ў канцы чэрвеня на граніцы славянскіх краін, ад Расіі ў ім задзейнічана Бранская вобласць. У мінулыя гады ў фестывалі заўсёды прымала ўдзел Украіна. Упэўнена, што настане час, і дай бог, каб ён настаў хутчэй, і Украіна зноў увальецца сваімі прыгранічнымі рэгіёнамі ў "Славянскае адзінства". У час фестывалю праходзяць святы народных культур, абрадаў, нацыянальных кухань, падворкаў. Гэта падзея заўсёды дэманструе сапраўднае духоўнае яднанне і роднасць.


На наступны дзень у Мінску ў Белдзяржфілармоніі адбудзецца канцэрт аркестра нацыянальных інструментаў і салістаў "Церама". Ва ўсім свеце ведаюць "Церам-квартэт", ён прадстаўляў рускае мастацтва на ўсіх кантынентах. І вось яго ўдзельнікі стварылі ўжо не камерны квартэт, а вялікі аркестр, салісты якога дэманструюць самыя розныя жанры і нацыянальныя культуры. Дарэчы, адной з салістак гэтага аркестра з'яўляецца беларуска. Калектыў падорыць вялікае, цікавае шоу, пабудаванае на нацыянальных традыцыях розных народаў, дзе праз песні, танцы і музыку паказваецца шырокая палітра нацыянальных культур Расіі і брацкіх краін. Аркестр публіка заўсёды прымае з захапленнем".


У Доме Масквы 30 чэрвеня пройдзе канцэрт маладзёжнага камернага аркестра "Град-квартэт". Гэта пецярбургскі калектыў, які складаецца з маладых, найбольш таленавітых выпускнікоў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Квартэт таксама пабываў ужо ў многіх краінах свету, часта ўдзельнічае ў маладзёжных музычных фестывалях.


Асобна хачу прадставіць канцэрт знакамітага саліста Марыінскага тэатра народнага артыста Расіі Васіля Герэла. Ён вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, спявае не толькі оперу, але і рамансы, ваенныя песні. Думаю, што і ў Мінску Васіль Герэла прадэманструе свой цудоўны голас і разнажанравасць. Я ўсіх запрашаю на гэты канцэрт, таму што яго выдатны вакал і тэмперамент нікога не пакінуць абыякавым, а пачуць такога артыста - гэта шчаслівая магчымасць для мінчан. Канцэрт Васіля Герэла адбудзецца 30 чэрвеня ў Белдзяржфілармоніі.


Мы не маглі не прывезці ў Беларусь і самы знакаміты харавы калектыў Расіі - хор Дзяржаўнай акадэмічнай капэлы Санкт-Пецярбурга пад кіраўніцтвам выдатнага дзеяча мастацтваў народнага артыста СССР Уладзіслава Чарнушэнкі. Гэта найстарэйшы расійскі хор, практычна равеснік Санкт-Пецярбурга. Калектыў мае ўнікальную гісторыю і абсалютна чароўны прафесійны ўзровень, прызнаны ва ўсім свеце. Хор 1 ліпеня дасць вялікі канцэрт у Магілёве, а 2 ліпеня ад Расійскай Федэрацыі прыме ўдзел у "Харавым вечы" ў Мінску.


Яшчэ я хацела б звярнуць увагу на выставу малюнкаў пад назвай "Душа Расіі", якая ўжо разгарнулася ў Доме Масквы ў Мінску. Гэта работы дзяцей да 14 гадоў, і што вельмі важна - не з Масквы і Санкт-Пецярбурга, а з розных рэгіёнаў. У апошнія некалькі гадоў наша міністэрства разам з губернатарамі вядзе мэтанакіраваную работу па адборы таленавітых дзяцей. І для нас саміх стала адкрыццём, калі на конкурсах, у журы якіх уваходзяць лепшыя прафесіяналы не толькі з Расіі, выйграюць дзеці з глыбінкі, з сельскіх школ, яны абыходзяць тых, хто вучыцца ў сталічных мастацкіх школах. Іх работы ўжо дэманстраваліся ў Празе, Берліне, Вене, Мілане, Браціславе.


Акрамя гэтага, у Брэсце ў Расійскім цэнтры навукі і культуры Рассупрацоўніцтва, які нядаўна адкрыўся, і ў Доме Масквы ў Мінску пройдуць паказы фільмаў "Невядомая вайна", "Яны змагаліся за Радзіму", "Бессмяротны гарнізон" і інш.


Мне здаецца, што праграма атрымалася насычаная, незвычайная, разнапланавая. Галоўнае, што нам хочацца, каб маладое пакаленне жыхароў нашых дзяржаў, якое ўжо не мае вопыту жыцця ў адной краіне, праяўляла цікавасць адзін да аднаго, да культуры, да гісторыі. Таму мы пастараліся напоўніць праграму выступленнямі менавіта маладзёжных калектываў.


- Ці плануецца ў час Дзён падпісанне якіх-небудзь афіцыйных дакументаў?


- Так, мы плануем падпісаць праграму супрацоўніцтва міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі на наступныя тры гады. Гэты дакумент - не нейкі рамачны мемарандум. Паміж нашымі краінамі вельмі блізкія і глыбокія адносіны, таму і праграма мае канкрэтны характар. У прыватнасці, у ёй размова ідзе аб Днях культуры Рэспублікі Беларусь у Расіі, якія плануецца правесці ў 2016 годзе. Зразумела, што цяпер з пункту гледжання эканомікі і фінансаў час не самы просты, але расійскі бок зробіць усё, каб Дні культуры Беларусі сталі знакавай падзеяй для ўсёй Расіі - не толькі для Масквы, але і для Санкт-Пецярбурга, рэгіёнаў. Я спадзяюся, што на маіх сустрэчах у Мінску з кіраўніцтвам Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму Беларусі размова пойдзе аб нарошчванні нашых кантактаў перш за ўсё праз міжрэгіянальныя сувязі.


Эдуард ПІВАВАР

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі