Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 жніўня 2017, 19:28

Зацягваць працэдуру рэгістрацыі дзяржмаёмасці на месцах няма падстаў - Абрамаў

16 жніўня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Зацягваць працэдуру рэгістрацыі дзяржмаёмасці на месцах няма падстаў - усе працэсы ўжо максімальна аптымізаваны. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Дзяржкаммаёмасці Вячаслаў Абрамаў сёння перад семінарам у Віцебскім аблвыканкаме па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, што знаходзіцца ў дзяржуласнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзякуючы аптымізацыі працэсаў рэгістрацыі мы прыйдзем да больш эфектыўнага кіравання маёмасцю. Падлічана, што па краіне неаформленай дзяржаўнай маёмасці каля 120 тыс. аб'ектаў. У працэнтных адносінах недзе 1,5 працэнта аб'ектаў - рэспубліканскай формы ўласнасці, каля 30 працэнтаў - камунальнай. І ў асноўным гэта неаформленыя жылыя памяшканні", - адзначыў Вячаслаў Абрамаў.

На яго думку, гэта даволі малая колькасць, каб зацягваць працэдуру рэгістрацыі. "Мы сёння зрабілі пааб'ектныя спісы, яны зацверджаны аблвыканкамамі і даложаны ўраду. Трохгадовы перыяд адведзены для таго, каб завяршыць афармленне нерухомай маёмасці. Для кожнага праваўладальніка складзены графікі зваротаў у арганізацыі па рэгістрацыі, адводзе зямлі, каб гэты працэс быў раўнамерным, а кіраўнікі прадпрыемстваў, у якіх засталася яшчэ неаформленая дзяржмаёмасць, маглі планаваць сваю работу. Мы вельмі спадзяёмся, што гэтыя графікі будуць выконвацца", - сказаў намеснік старшыні Дзяржкаммаёмасці.

Ужо сёння ўсе працэсы максімальна спрошчаны, падкрэсліў ён. Што датычыцца падрыхтоўкі неабходных для афармлення дакументаў, кіраўніку прадпрыемства дастаткова выдаць даведку, што аб'ект, які падлягае рэгістрацыі, эксплуатуецца, заўваг ад якіх-небудзь службаў па ім не паступала. І не трэба праводзіць ніякіх абследаванняў. "У грашовым пытанні стараемся, каб не было неабгрунтаваных затрат. Напрыклад, у 2016 годзе аптымізавалі працэс тэхнічнай інвентарызацыі нерухомай маёмасці, распрацавалі новае праграмнае забеспячэнне, якое дало магчымасць скараціць часавыя затраты на выкананне работ і знізіць іх кошт ад 5 да 20 працэнтаў. Таму фінансавыя праблемы таксама вырашаюцца. Акрамя таго, прадугледжаны льготы на аплату работ па афармленні зямельных участкаў, зніжана рэнтабельнасць арганізацый дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці і землеўпарадкавальных службаў. Пэўны комплекс мер прыняты, але кіраўнікі павінны помніць, што і самі павінны планаваць свае дзеянні, ставіць іх на сістэмную аснову", - звярнуў увагу Вячаслаў Абрамаў.

Цяпер аптымізуецца тэхналогія адводу зямельных участкаў, якая павінна скараціць час на правядзенне гэтых работ і іх кошт. Але эканомія ёсць і ў дробязях: узаемадзеянне розных службаў хаця б у частцы супастаўлення графікаў і сумяшчэння работ на адных і тых жа аб'ектах ужо знізіць расходы на транспарт. Пра такія простыя рэчы таксама ішла размова на семінары.

Як заўважыў начальнік упраўлення Нацыянальнага кадастравага агенцтва Максім Судас, нерухомая маёмасць з'яўляецца адным з асноўных капіталаў любой краіны, а для краін з пераходнай эканомікай, у тым ліку Беларусі, гэта капітал найбольш ліквідны. Мы не маем вялікіх запасаў рэсурсаў, таму забяспечыць улік створанай нерухомай маёмасці з'яўляецца важнай дзяржаўнай задачай. Ужо цяпер Беларусь займае 5-е месца ў свеце па паказчыку рэгістрацыі дзяржуласнасці, а кошт рэгістрацыі ў нас самы нізкі ў свеце, што яшчэ раз пацвярджае важнасць гэтага працэсу для эканомікі краіны.

Семінар у Віцебску накіраваны на паляпшэнне работы па кіраванні дзяржаўнай маёмасцю. Да канца 2019 года ў вобласці неабходна аформіць усе праваўстаноўчыя дакументы і ажыццявіць рэгістрацыйныя дзеянні ў адносінах да 23474 аб'ектаў нерухомай маёмасці, што знаходзяцца ў дзяржуласнасці. Хоць гэта колькасць яшчэ падлягае карэкціроўцы - па меры выяўлення незарэгістраваных аб'ектаў. Гэта даволі вялікі аб'ём работы. "Спецыялісты, якія займаюцца афармленнем, пазнаюць базавыя і новыя падыходы, якія дадуць магчымасць ім падысці да працэсу з больш дакладным разуменнем, як зрабіць яго лепшым, прасцейшым і больш хуткім", - сказаў на заканчэнне Вячаслаў Абрамаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі