Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
31 ліпеня 2019, 19:09

Вытворчасць лякарстваў супраць ВІЧ і гепатытаў па індыйскіх тэхналогіях адкрыюць у Беларусі ў 2020 годзе

31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новую вытворчасць інавацыйных прэпаратаў для лячэння сацыяльна значных захворванняў па індыйскіх тэхналогіях адкрыюць у Беларусі ў 2020 годзе. Сёння на тэрыторыі дзяржаўнага прадпрыемства "Акадэмфарм" НАН Беларусі адбылася цырымонія закладкі капсулы ў фундамент будучага будынка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Стварэнне гэтай вытворчасці лякарстваў прадугледжвае асваенне новых тэхналагічных прыёмаў: мікранізацыі, сухога гранулявання, атрымання шматслойных таблетак і інш. Дасягнута дамоўленасць аб лакалізацыі на тэрыторыі Беларусі вытворчасці эфектыўных і бяспечных прэпаратаў для лячэння сацыяльна значных захворванняў: ВІЧ-інфекцый, гепатытаў В і С, хваробы Альцгеймера, артэрыяльнай лёгачнай гіпертэнзіі. Найноўшыя лекавыя сродкі будуць вырабляць па поўным цыкле.

Выступае старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў'

Індыйскі бок інвесціраваў у праект $1 млн. Як адзначыў старшыня праўлення індыйскай фармацэўтычнай кампаніі Cipla Limited доктар Юсуф Хамід, імя якога будзе прысвоена навукова-тэхналагічнаму цэнтру, важна забяспечыць доступ да якасных лекавых прэпаратаў па прымальнай цане. Ён выказаў надзею, што Беларусь стане цэнтрам кампетэнцыі ў рэгіёне ў галіне фармвытворчасці. Беларускія навуковыя работнікі могуць прыехаць у Індыю для навучання і авалодвання адпаведнымі методыкамі.

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў упэўнены, што гэта ўнікальны для краіны праект. Завяршыць будаўніцтва будынка плануецца ў 2020 годзе. Лінейка новых прэпаратаў будзе даступная па цане.

Ужо цяпер у аб'ёмах вытворчасці "Акадэмфарма" прэпараты, якія выраблены на аснове субстанцый кампаніі Cipla, складаюць 80 працэнтаў. У сувязі з іх асваеннем цэны ўдалося знізіць у разы. Пасля будаўніцтва новага корпуса вытворчасць будзе пашырана. Як мяркуецца, лякарствы будуць пастаўляць не толькі на беларускі рынак, але і ў краіны Усходняй Еўропы.

Супрацоўніцтва паміж кампаніяй Cipla Limited і "Акадэмфарм" па арганізацыі кантрактнай вытворчасці сацыяльна значных лекавых сродкаў пачалося ў 2016 годзе. У жніўні 2018-га адбылася цырымонія адкрыцця ландшафтнага комплексу ў гонар будаўніцтва Навукова-тэхналагічнага цэнтра па вытворчасці лякарстваў на базе дзяржаўнага прадпрыемства.

Юсуф Хамід - адзін з вядучых індыйскіх вучоных. 16 лістапада 2017 года ў час сесіі Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук ён аднагалосна выбраны пачэсным членам НАН Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі