17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмп росту ВУП па выніках 9 месяцаў 2017 года склаў 101,7 працэнта. Аб гэтым паведаміў сёння міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, выступаючы з дакладам на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, прысвечаным вынікам работы эканомікі ў студзені-верасні 2017 года і мерам па рэалізацыі задач за 2017 год, паведамляе БЕЛТА.
Інфляцыя склалася на ўзроўні 2,7 працэнта.
"З сямі ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы ўрада і Нацбанка выканана шэсць. Па сёмым - рэальных даходах насельніцтва - ёсць добрая дынаміка. Практычна па ўсіх параметрах ідзём з апярэджаннем", - падкрэсліў Уладзімір Зіноўскі.
Паводле слоў міністра, эканоміка выйшла на траекторыю аднаўленчага росту ў бяспечных з пункту гледжання макраэканамічнай збалансаванасці параметрах. Ён звярнуў увагу, што гэтыя вынікі былі дасягнуты эвалюцыйным шляхам - на аснове росту прадукцыйнасці працы, зніжэння банкаўскіх ставак і аднаўлення экспарту. "Мы не звярталіся да інструментаў штучнага разагрэву эканомікі", - адзначыў ён.
Уладзімір Зіноўскі паведаміў, што галоўным драйверам росту эканомікі засталася прамысловасць, аднак у цэлым усе галіны, за выключэннем будаўніцтва, выйшлі на мэтавыя задачы.
"Аднак хачу перасцерагчы ад залішняй самазаспакоенасці. Год яшчэ не скончаны. Існуе шэраг рызык. У першую чаргу павінны быць безагаворачна выкананы ўсе абавязацельствы, узятыя на сябе міністрамі і губернатарамі. А там, дзе ў галінах застаюцца рэзервы, неабходна яшчэ дабавіць. Ні для каго не сакрэт, што мы разглядаем гэты год з пункту гледжання выканання задач пяцігодкі. Менавіта таму сёння важна зрабіць усё неабходнае па фарміраванні базы для паспяховага старту наступнага года", - заявіў міністр.
У сваім дакладзе Уладзімір Зіноўскі абазначыў існуючыя праблемы і выклаў бачанне Міністэрства эканомікі па актывізацыі рэзерваў у кожнай з галін для захавання і замацавання дасягнутых станоўчых вынікаў. Ён таксама звярнуў увагу, што Расія палепшыла ацэнку свайго развіцця ў бягучым годзе і прагноз на наступны год, што стварае дадатковыя магчымасці для Беларусі ў выглядзе пашыранага рынку, што дазваляе дадаткова нарасціць аб'ёмы беларускага экспарту ў 2018 годзе.
Пры гэтым міністр канстатаваў, што сітуацыя з выкананнем заданняў апошняга пасяджэння Савета Міністраў у рэгіёнах не змянілася: мэтавыя паказчыкі па валавым рэгіянальным прадукце выконваюцца толькі ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях і ў Мінску.
"Вопыт работы па падрыхтоўцы праграмы Аршанскага раёна выявіў сістэмныя праблемы ў планаванні. Таму Мінэканомікі ўжо цяпер пачало работу па распрацоўцы праектаў планаў развіцця абласцей, а таксама ўпершыню - планаў развіцця раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання на 2018 год. У іх аснову пакладзены галіновы падыход з улікам бізнес-планаў прадпрыемстваў, што знаходзяцца на канкрэтнай тэрыторыі. Гэта дасць магчымасць аднавіць больш дакладную сістэму планавання па схеме: прадпрыемства - раён - вобласць - краіна", - адзначыў Уладзімір Зіноўскі.
Міністр звярнуў увагу аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама на неабходнасць прадстаўлення планаў развіцця іх рэгіёнаў у Мінэканомікі да 1 снежня 2017 года для далейшай абароны.
"Выкананне мэтавага ўзроўню ВУП дасягальна. Пры добрай мабілізацыі гэты паказчык можа скласціся нават вышэйшым. Галоўнае - не збаўляць абароты і падцягнуць шэраг напрамкаў. Асабліва ў будаўнічай галіне", - рэзюмаваў Уладзімір Зіноўскі.-0-