Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
31 ліпеня 2018, 18:04

ВУП Беларусі па выніках 2018 года вырасце ў межах 3,9-4,1 працэнта - Мінэканомікі

31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рост ВУП Беларусі па выніках 2018 года будзе ў межах 3,9-4,1 працэнта, паведаміў журналістам міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, каменціруючы вынікі работы эканомікі Беларусі за першае паўгоддзе і меры па выкананні пастаўленых задач на 2018 год, якія абмяркоўваюцца сёння на пасяджэнні Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы спадзяёмся, што гэты год закончым з нядрэннымі вынікамі. Пры прагнозе росту ВУП на 3,5 працэнта мы разлічваем, што рост будзе ў рамках 3,9-4,1 працэнта. Гэта будзе нядрэнны зачын для перадапошняга года пяцігодкі, каб мы безумоўна выконвалі запланаваныя паказчыкі", - сказаў Уладзімір Зіноўскі.

Адказваючы на пытанне аб ацэнцы вынікаў I паўгоддзя, міністр звярнуў увагу, што мэтавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця выконваюцца. Так, ВУП у I паўгоддзі павялічыўся на 4,5 працэнта, расце прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва. Экспарт за студзень-май вырас амаль на 22 працэнты. Разам з тым расце спажывецкі імпарт, і на гэта варта звярнуць увагу, дадаў міністр.

Інфляцыя ў Беларусі на рэкордна нізкім узроўні, аднак Уладзімір Зіноўскі адзначыў, што яе трэба параўноўваць таксама з інфляцыяй у іншых краінах і рабіць адпаведныя вывады. Інфляцыю трэба прадаўжаць зніжаць - да ўзроўню 3-4 працэнты ў год.

Гаворачы аб выкліках для эканомікі, міністр канстатаваў, што яшчэ не вырашана праблема з даўгамі прадпрыемстваў - як прамысловых, так і сельскагаспадарчых. "З гэтай справай трэба далей сур'ёзна разбірацца, на гэта нацэлены шэраг прынятых указаў, але, на жаль, не ўсе інструменты прадпрыемствамі задзейнічаны. Захоўваецца пагроза, што будуць вымывацца абаротныя сродкі і раней мадэрнізаваныя прадпрыемствы не змогуць разлічвацца па даўгах. Аднак, на наш погляд, гэта часовая з'ява. Калі міністэрствы, канцэрны, аблвыканкамы будуць своечасова прымаць меры, якія прадугледжаны пакетам прынятых дакументаў, гэтыя пытанні вырашацца", - лічыць Уладзімір Зіноўскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі