Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 кастрычніка 2018, 18:21

Урад Беларусі мае намер актывізаваць узаемадзеянне з Францыяй па ўсіх напрамках

26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі мае намер актывізаваць узаемадзеянне з Францыяй па ўсіх напрамках, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка сёння на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром пры міністры Еўропы і замежных спраў Францыі Жанам-Батыстам Лемуанам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы вельмі зацікаўлены ў актывізацыі ўзаемадзеяння з Францыяй па ўсіх напрамках. У першую чаргу гэта гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае супрацоўніцтва, а таксама ў сферы адукацыі, навуцы і культуры", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

На думку віцэ-прэм'ера, цяперашні ўзровень тавараабароту пакуль далёкі ад магчымасцей дзвюх краін. "Вы імпартуеце на $580 млрд, а наша доля даволі сціплая - $66 млн (імпарт па выніках 2017 года. - Заўвага БЕЛТА)", - заўважыў ён.

Урад разлічвае, што аб'ём узаемнага гандлю з Францыяй зможа дасягнуць тых лічбаў, якія ёсць у Беларусі з іншымі вялікімі еўрапейскімі краінамі - Германіяй і Італіяй, а таксама Вялікабрытаніяй, нягледзячы на Brexit, адзначыў віцэ-прэм'ер. "Спадзяёмся, што ваша краіна па-новаму паглядзіць на Беларусь і актывізуе супрацоўніцтва па ўсіх сферах і напрамках", - дадаў ён.

Ігар Петрышэнка нагадаў, што Беларусь у 2019 годзе прыме II Еўрапейскія гульні, і выказаў надзею, што Францыя будзе прадстаўлена на гэтых спаборніцтвах. Ён таксама разлічвае на больш частыя візіты дзяржсакратара пры міністры Еўропы і замежных спраў Францыі ў Беларусь, асабліва з улікам увядзення 30-дзённага бязвізу.

Жан-Батыст Лемуан пагадзіўся з тым, што тавараабарот паміж Беларуссю і Францыяй павінен быць большым. "Лічбы маглі б быць значна больш сур'ёзнымі і значнымі, асабліва з улікам нашай геаграфічнай блізкасці - абедзве нашы краіны знаходзяцца ў Еўропе", - сказаў ён.

Аб'ём узаемнага гандлю Беларусі і Францыі ў студзені-жніўні 2018 года вырас да $261,7 млн - на 14,6 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017-га. Асноўныя крыніцы беларускага экспарту - транспартныя паслугі, камп'ютарныя, тэлекамунікацыйныя і інфармацыйныя паслугі. У 2017 годзе тавараабарот вырас на 28 працэнтаў. У студзені-чэрвені аб'ём замежных інвестыцый з Францыі склаў $4,5 млн (175,1 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года). У Беларусі зарэгістравана 40 арганізацый з французскімі інвестыцыямі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі