9 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. ВА "Беларуснафта" плануе ў бягучым годзе павялічыць здабычу нафты на 20 тыс. т у параўнанні з 2018 годам і дасягнуць 1 млн 690 тыс. т, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Прырост запасаў вуглевадародаў павінен поўнасцю кампенсаваць здабычу. "Пераадоленне дысбалансу здабычы і прыросту запасаў у кампаніі маюць намер зрабіць трэндам бліжэйшых гадоў. Такая амбіцыйная задача патрабуе ад геолагаў напружанай і вельмі карпатлівай работы з рэсурсамі па ўсіх напрамках. Гэта і павелічэнне каэфіцыента нафтааддачы, і даразведка, і пошукава-разведачнае свідраванне", - расказалі ў прэс-службе.
На прадпрыемстве таксама адзначылі, што дзякуючы комплекснаму падыходу да асваення дзеючых радовішчаў і новых плошчаў, укараненню сучасных тэхналогій вырасла доля прамысловых запасаў вуглевадародаў у агульнай структуры, а таксама колькасць прадукцыйных свідравін.
"Апошнія пяць гадоў асноўныя паказчыкі геолагаразведачных работ трымаюцца на стабільна высокім узроўні. У мінулым годзе ў Беларусі абноўлены шматгадовыя рэкорды праходкі пошукава-разведачнага свідравання, аб'ёму палявых сейсмаразведачных работ па методыцы 3D. Эфектыўнасць геолагаразведкі таксама імкнецца да максімуму", - дадалі ў прэс-службе.
У 2018 годзе пабудавалі шэсць пошукава-разведачных свідравін, падрыхтавалі праекты па асваенні чатырох новых структур: Пасечнай, Нова-Маканавіцкай, Паўночна-Амелькаўшчынскай і Ізбынскай.
Чакаецца, што кожная пятая прабураная ў 2019 годзе "Беларуснафтай" свідравіна стане пошукава-разведачнай. Пошукі нафтавых залежаў сканцэнтруюць у Цэнтральнай структурнай зоне Прыпяцкага прагіну - на Паўночна-Амелькаўшчынскай, Маканавіцкай і Усходне-Маканавіцкай плошчах, а таксама ў Паўночнай зоне - на Іпаўскай і Пасечнай падсалявых структурах.
"Для Беларуснафты" прыярытэтнымі з'яўляюцца два напрамкі: гэта падрыхтоўка і пошук новых перспектыўных структур, павышэнне эфектыўнасці асваення распрацоўваемых радовішчаў. У нас распрацавана комплексная праграма геолагаразведачных работ. Яна прадугледжвае асваенне як традыцыйных, так і некандыцыйных запасаў. Каб актывізаваць тэмпы атрымання ўсіх тыпаў цяжкаатрымліваемых рэсурсаў, у кампаніі распрацаваны і ўкараняюцца адрасныя тэхніка-тэхналагічныя падыходы", - падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара па геалогіі аб'яднання Пётр Поўжык.-0-