Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 лютага 2018, 16:36

У Беларусі разглядаецца выкарыстанне блокчэйна для ўліку дагавораў долевага будаўніцтва

15 лютага, Мінск /Вера Сяргеева - БЕЛТА/. У Беларусі разглядаецца магчымасць выкарыстання тэхналогіі блокчэйн для ўліку дагавораў долевага ўдзелу ў будаўніцтве, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар Нацыянальнага кадастравага агенцтва (НКА) Дзяржкаммаёмасці Андрэй Філіпенка па выніках калегіі ведамства.

"Мы актыўна вывучаем тэхналогію блокчэйн, усведамляем рэальныя плюсы, якія яна можа даць грамадзянам, бізнесу, дзяржаве. Ёсць магчымасць стварэння з яе выкарыстаннем аднастайнага эканамічна выгаднага, зручнага, празрыстага і надзейнага рэестра ўліку дагавораў долевага ўдзелу ў будаўніцтве", - сказаў Андрэй Філіпенка.

Стварэнне гэтага рэестра, на яго думку, павысіць давер грамадзян да інвесціравання ў нерухомую маёмасць на стадыі будаўніцтва, і перш за ўсё ў жылую нерухомую маёмасць. "Не толькі забудоўшчыкі і мясцовыя органы ўлады будуць адказваць за тое, што, напрыклад, адна кватэра прададзена некалькі разоў. Гэты працэс змогуць кантраляваць самі дольшчыкі. З'явяцца не толькі юрыдычныя гарантыі немагчымасці ўнясення змяненняў у рэгістрацыю заднім чыслом, але і тэхналагічная гарантыя гэтых аспектаў", - растлумачыў Андрэй Філіпенка.

Цяпер разглядаецца прапанова аб удзеле на конкурснай аснове ў фінансаванні з рэспубліканскага інавацыйнага фонду навукова-даследчай работы, вынікам якой будзе стварэнне працуючага прататыпу рэестра, распрацоўка бізнес-мадэлі, навучанне спецыялістаў, выяўленне кола зацікаўленых у падключэнні да гэтай сістэмы. Таксама будуць разглядацца магчымасці выкарыстання гэтай тэхналогіі для вырашэння іншых падобных задач. "Рэсурс з прымяненнем тэхналогіі блокчэйн можна стварыць на базе НКА і магчымых партнёраў. Можна будзе прадастаўляць інфармацыю мясцовым органам улады, якія адказваюць за тэхнічныя пытанні, звязаныя з вядзеннем уліку, а таксама за дакладнасць і правамернасць даных", - адзначыў гендырэктар Нацыянальнага кадастравага агенцтва.

Андрэй Філіпенка падкрэсліў верагоднасць высокай цікавасці да створанага рэестра з боку мясцовых органаў улады за кошт зніжэння выдаткаў, звязаных з утрыманнем уласных ІТ-спецыялістаў, папяровых архіваў і г.д.

"З пункту гледжання сістэмы рэгістрацыі нерухомай маёмасці стварэнне рэестра ўліку дагавораў долевага будаўніцтва можа скараціць час, неабходны для рэгістрацыі пабудаваных дамоў і ў далейшым - правоў дольшчыкаў, якія ўдзельнічалі ў гэтым будаўніцтве. На момант заканчэння будаўніцтва ў агенцтве па дзяржрэгістрацыі ўжо будуць актуальныя даныя аб удзельніках долевага будаўніцтва і замацаваных за імі кватэрах", - рэзюмаваў Андрэй Філіпенка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі