Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 лютага 2017, 16:20

У Беларусі плануецца стварыць адзіную аўтаматызаваную сістэму спагнання плацяжоў у бюджэт

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца стварыць адзіную аўтаматызаваную сістэму спагнання плацяжоў у бюджэт, паведаміў сёння міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка ў час пасяджэння падагульняючай калегіі ведамства з удзелам прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для забеспячэння паўнаты паступлення плацяжоў у бюджэт і зніжэння рызыкі павелічэння падатковых даўгоў пры актыўным удзеле МПЗ пачалася маштабная работа па падрыхтоўцы новага механізма выканання плацежных патрабаванняў органаў спагнання. Каб знайсці альтэрнатыву картатэцы банкаў, рыхтуецца законапраект па стварэнні адзінай аўтаматызаванай сістэмы спагнання на базе разліковага цэнтра Нацбанка, якая зможа вызначаць агульную суму запазычанасці суб'екта гаспадарання па ўсіх відах плацяжоў у бюджэт, што спаганяюцца рознымі органамі. І потым акумуляваць грашовыя сродкі на ўсіх рахунках плацельшчыка-даўжніка або дэбітора ў суме, неабходнай для поўнага пагашэння запазычанасці", - растлумачыў міністр.

Пры гэтым, паводле слоў Сяргея Налівайкі, укараненне гэтай сістэмы дапаможа вырашыць праблему залішняга спагнання грашовых сродкаў, што станоўча паўплывае на фінансавы стан плацельшчыкаў. "Адначасова мы ўжо сёння прымаем захады па мінімізацыі негатыўных наступстваў для суб'ектаў гаспадарання, з рахункаў якіх спісана залішняя сума дэбіторскай запазычанасці. Так, з гэтага года адменена адміністрацыйная працэдура яе вяртання - цяпер падатковыя органы самастойна без заявы дэбітора вяртаюць пераплату, пры гэтым тэрмін вяртання скарочаны з пяці да двух рабочых дзён", - адзначыў ён.

Міністр нагадаў, што ў 2016 годзе рэалізаваны яшчэ адзін маштабны праект - створана аўтаматызаваная сістэма ўліку электронных рахункаў-фактур па ПДВ. "Мы далі суб'ектам гаспадарання паўгода на адаптацыю, калі прымаць ПДВ можна было і на аснове першасных уліковых дакументаў на папяровых носьбітах. Але ўжо са студзеня электронныя рахункі-фактуры з'яўляюцца адзіным дакументам, на падставе якога ажыццяўляюцца падатковыя вылікі. Механізм выкарыстання ЭРФ павінен пачаць працаваць у поўным аб'ёме, і наша задача - забяспечыць паўнацэнную работу сістэмы камеральнага кантролю ПДВ і спыняць факты неправамернага прымянення падатковых вылікаў у самым пачатку гаспадарчых аперацый", - канстатаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі