Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 мая 2019, 12:51

У Азербайджане пачалі выпуск беларускіх збожжаўборачных камбайнаў і электробусаў

15 мая, Мінск /БЕЛТА - Trend/. На Гянджынскім аўтамабільным заводзе ў Азербайджане адбылася цырымонія адкрыцця новай зборачнай лініі. Як паведамляе Trend, упершыню з канвеера сышлі збожжаўборачная машына маркі КЗС-575 "Палессе GS575" і электробус E-321.

У мерапрыемстве з беларускага боку прынялі ўдзел віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка, намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Корчык, генеральны дырэктар ААТ "Гомсельмаш" Аляксандр Новікаў, а таксама пасол Беларусі ў Азербайджане Генадзь Ахрамовіч. З азербайджанскага боку прысутнічалі кіраўнік выканаўчай улады горада Гянджа Ніязі Байрамаў, старшыня наглядальнага савета Гянджынскага аўтазавода, дэпутат мілі меджліса (парламента) Ханлар Фаціеў, дырэктар завода Кямран Назараў.

Яны азнаёміліся з заводам, у тым ліку з новай лініяй па зборцы збожжаўборачнай машыны. Паводле слоў Ігара Ляшэнкі, Гянджынскі аўтамабільны завод стаў нібыта родным у сямействе машынабудаўнічай прамысловасці Беларусі. "Разам з гарадскім кіраўніком Ніязі Байрамавым мы азнаёміліся з тэхнікай. Якасць камбайнаў і электробусаў вельмі высокая. Я праінфармую аб гэтым Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева на сельскагаспадарчай выстаўцы, якая стартавала ў Баку", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Дэпутат Ханлар Фаціеў павітаў гасцей і высока адазваўся аб знамянальнай падзеі - адкрыцці новай лініі: "Калі мы ўпершыню пачалі збіраць трактары, многія не верылі, ставіліся з іроніяй. Сёння мы станем сведкамі таго, як са зборачнай лініі Гянджынскага аўтамабільнага завода сыдзе першы збожжаўборачны камбайн. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы Ільхама Аліева мы заняліся зборкай сельскагаспадарчай тэхнікі і ўжо збіраем камбайны. Сёння мы ўпершыню ў Азербайджане ажыццявілі зборку электробуса і ўводзім у эксплуатацыю сучасны, экалагічна бясшкодны, камфортны электробус, які выкарыстоўвае альтэрнатыўную энергію. Такія электробусы ўжо добра служаць насельніцтву на вуліцах Мінска. У будучым плануецца вытворчасць 30-40 працэнтаў іх запасных частак у Гянджы. Мы спадзяёмся, што нашы экалагічна чыстыя, якасныя электробусы таксама добра будуць служыць на вуліцах Азербайджана".

Кіраўнік выканаўчай улады горада Гянджа Ніязі Байрамаў расказаў аб убачаных на заводзе новаўвядзеннях. "Паміж Азербайджанам і Беларуссю наладжаны дружалюбныя сувязі. Гянджынскі аўтамабільны завод - бліскучы ўзор нашых двухбаковых адносін, мы азнаёміліся з тэхнікай, якая збіраецца на заводзе. Трактары, камбайны і ў тым ліку электробусы вельмі высокай якасці. Спадзяёмся, што зборка электробусаў пашырыцца ў будучым. Жадаю калектыву завода поспеху ў гэтых пачынаннях", - сказаў ён.

Пад апладысменты прысутных з канвеера сышоў першы збожжаўборачны камбайн. Пасля гэтага госці апрабавалі толькі што сабраны электробус маркі E-321. Было адзначана, што электробус выгадны як з пункту гледжання мінімізацыі негатыўнага ўздзеяння на экалогію, так і па паказчыку эканоміі расходу энергіі. Аўтобусы, разлічаныя на 83 пасажыры, абсталяваны 26 сядзеннямі, кандыцыянерам, інфармацыйным маніторам і сістэмай відэакантролю. Час поўнай зарадкі акумулятараў электробуса, здольнага развіваць скорасць да 60 км/гадз, на зараднай станцыі тыпу RGZP/G/300KW 600V-EN складае ўсяго шэсць хвілін. У выпадку попыту магутнасці завода дазваляюць выпускаць 120 камбайнаў і 150 электробусаў у год.-0-

Фота Trend

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі