30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі і Цэнтральны банк Расіі на чарговым пасяджэнні Міжбанкаўскага валютнага савета ўзгаднілі падыходы па паглыбленні інтэграцыі дзвюх краін у фінансавай сферы, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.
Пасяджэнне прайшло сёння ў Мінску з удзелам старшыні праўлення Нацбанка Паўла Калаура і старшыні Банка Расіі Эльвіры Набіулінай, а таксама іншых прадстаўнікоў цэнтральных банкаў дзвюх краін.
"Бакі, у прыватнасці, адобрылі планы мер па гарманізацыі падыходаў па асобных пытаннях грашова-крэдытнай палітыкі і макрапрудэнцыяльнага рэгулявання, валютнага рэгулявання і валютнага кантролю, патрабаванняў у галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі ў фінансавай сферы, а таксама абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг і інвестараў, іншых напрамках", - адзначылі ў Нацбанку.
Міжбанкаўскі валютны савет Нацыянальнага банка Беларусі і Цэнтральнага банка Расіі створаны ў лістападзе 1999 года. Асноўнымі задачамі савета з'яўляюцца падрыхтоўка міждзяржаўных пагадненняў у галіне банкаўскай дзейнасці, уніфікацыя нарматыўна-рэгулятыўнай базы фінансавай і банкаўскай сферы для стварэння роўных умоў суб'ектам гаспадарання дзвюх краін, падрыхтоўка рэкамендацый па распрацоўцы і рэалізацыі скаардынаванай грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі.-0-