Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 лютага 2018, 16:12

Тры беларускія заводы плануюць пачаць вытворчасць сыру з белай цвіллю

1 лютага, Мінск /Вера Сяргеева - БЕЛТА/. Тры беларускія заводы плануюць пачаць вытворчасць сыру з белай цвіллю. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар РУП "Інстытут мяса-малочнай прамысловасці" Аляксей Меляшчэня сёння перад навукова-практычным семінарам "Інавацыйныя тэхналогіі і абсталяванне для харчовай прамысловасці".

"На сённяшні дзень тры заводы разглядаюць магчымасць арганізацыі вытворчасці сыру з белай цвіллю тыпу "Камамбер", рыхтуюць праектна-каштарысную дакументацыю. Спадзяёмся, што нашы распрацоўкі рэалізуюцца ўжо ў бліжэйшыя гады, і мы зможам па заслугах ацаніць майстэрства нашых сыраробаў. Гэтыя сыры будуць значна таннейшыя за імпартныя з не менш высокай якасцю", - расказаў Аляксей Меляшчэня.

Сыр "Камамбер", пакрыты цвіллю, мае мяккую і тлустую кансістэнцыю. Пры яго вытворчасці прымяняецца спецыяльная мікрафлора. Працягласць працэсу вытворчасці малочнага прадукту складае 20-30 сутак у залежнасці ад тэмпературных рэжымаў. Гэтаму віду сыру налічваецца больш за 200 гадоў, яго вырабляюць у асноўным у Францыі, Італіі і Германіі.

Аляксей Меляшчэня расказаў і аб перспектывах вытворчасці сыру з авечага малака. "Гэта наша мара, падрыхтавалі ўжо і адпрацавалі ўсе асноўныя тэхналагічныя рэжымы, вырабілі невялікія доследныя партыі. На жаль, для таго каб паставіць вытворчасць на паток, у Беларусі пакуль няма дастатковага аб'ёму вытворчасці авечага малака. Сёння дзве фермы пачынаюць гадаваць менавіта малочныя пароды авечак з добрымі якаснымі характарыстыкамі. На 1 кг сыру патрабуецца 6-8 л малака, ён значна смачнейшы і больш цікавы за прывычны нам сыр з каровінага малака", - адзначыў ён.

Праблему няхваткі сыравіны, на думку Аляксея Меляшчэні, можна вырашыць мерамі стымулюючага характару. "Вялікія статкі малочнай накіраванасці фермерскім гаспадаркам ствараць цяжка, колькасць пагалоўя можа быць у межах 1 тыс. Ёсць даручэнне Прэзідэнта аб развіцці авечкагадоўлі, наконт гэтага крокі зроблены. Я думаю, што гэта галіна зойме дастойнае месца ў нашай сельскай гаспадарцы", - дадаў субяседнік.

У навукова-практычным семінары "Інавацыйныя тэхналогіі і абсталяванне для харчовай прамысловасці", які праходзіць на базе РУП "Інстытут мяса-малочнай прамысловасці", прымаюць удзел прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, канцэрна "Белдзяржхарчпрам", спецыялісты прадпрыемстваў малочнай і піваварнай прамысловасці Беларусі, міжнародныя кампаніі - вытворцы абсталявання для харчовай прамысловасці (Расія, Чэхія, Польшча, Італія). У ходзе семінара абмяркоўваецца вопыт укаранення інавацыйных тэхналогій, які дазволіў прадпрыемствам аптымізаваць этапы вытворчага працэсу, зменшыць расходы на ўтылізацыю, пачаць вытворчасць новых прадуктаў, атрымаць канкурэнтныя перавагі і ў цэлым павысіць эканамічную эфектыўнасць вытворчасці прадукцыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі