11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка абмеркаваў з прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сумам Чакрабарці рэалізацыю праектаў у Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Сустрэча адбылася ў час удзелу ў штогадовым пасяджэнні Савета кіраўнікоў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Іарданіі. Бакі адзначылі дынамічнае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з банкам, абмеркавалі рэалізацыю сумесных праектаў і намецілі крокі па развіцці супрацоўніцтва.
Праведзены сустрэчы дэлегацыі з менеджментам ЕБРР, прадстаўнікамі шэрага міжнародных фінансавых інстытутаў. Паводле інфармацыі прэс-службы, разгледжана шырокае кола пытанняў, звязаных з рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў у Беларусі, прыцягненнем крэдытных рэсурсаў і донарскага фінансавання.
Акрамя таго, у Амане Уладзімір Сямашка абмеркаваў з намеснікам прэм'ер-міністра Іарданіі Джафарам Хасанам развіццё адносін паміж Беларуссю і Іарданіяй, акцэнт быў зроблены на гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і рэалізацыі праектаў па прамысловай кааперацыі.-0-