Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 мая 2018, 14:06

Сямашка аб прэтэнзіях Літвы: Беларусь будуе АЭС па правілах Еўрасаюза і МАГАТЭ

14 мая, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Беларусь будуе АЭС па правілах Еўрасаюза і МАГАТЭ, заявіў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, адказваючы на пытанне наконт пазіцыі Літвы па будаўніцтве станцыі, на форуме "Атамэкспа" ў Сочы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы адразу ўзялі правілы, якія існуюць у Еўрасаюзе і свеце па выкарыстанні ядзернай энергетыкі. Усе рэкамендацыі МАГАТЭ мы таксама ўзялі", - адзначыў Уладзімір Сямашка.

Беларусь па методыцы Еўрасаюза правяла стрэс-тэсты атамнай электрастанцыі, каб ацаніць яе ўстойлівасць да знешніх уздзеянняў. Нацыянальны даклад аб выніках стрэс-тэстаў быў перададзены Еўрапейскай камісіі, дэлегацыя спецыялістаў у гэтым годзе наведала Беларусь, каб на месцы правесці кансультацыі. "Яны адзначылі, што мы вельмі адэкватна з імі размаўляем, адкрыта ўсё паказалі і расказалі", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер. Як чакаецца, справаздача еўрапейскіх спецыялістаў будзе гатова ў канцы чэрвеня.

Уладзімір Сямашка таксама звярнуў увагу, што ў час экспертных місій МАГАТЭ ў Беларусі спецыялісты вылучылі паспяховыя беларускія практыкі ў галіне развіцця атамнай энергетыкі, якія рэкамендавана ўкараняць і іншым краінам. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, Беларусь у першую чаргу зацікаўлена гарантаваць бяспечную эксплуатацыю АЭС.

"Мы будуем самую надзейную станцыю", - рэзюмаваў Уладзімір Сямашка.

Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення 3+ паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020-м.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі