Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 студзеня 2017, 18:18

Сідорскі: прадукцыя жывёльнага паходжання Беларусі адпавядае ўсім патрабаванням ветэрынарна-санітарнага кантролю ЕАЭС

11 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прадукцыя жывёльнага паходжання Беларусі адпавядае ўсім патрабаванням ветэрынарна-санітарнага кантролю Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Аб гэтым заявіў член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Сідорскі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЕЭК.

"ЕЭК у рамках сваіх паўнамоцтваў прыняла асноўныя неабходныя дакументы па пытаннях ветэрынарна-санітарнага кантролю прадукцыі жывёльнага паходжання згодна з дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе, - адзначылі ў камісіі. - Сістэмы ветэрынарна-санітарнага кантролю Арменіі, Беларусі, Казахстана і Расіі прызнаны эквівалентнымі адна адной. Усе дзеянні ўпаўнаважаных органаў бакоў у галіне ветэрынарнага кантролю (нагляду) рэгламентаваны рашэннем Камісіі Мытнага саюза ад 18 чэрвеня 2010 года нумар 317, зыходзячы з якога ветэрынарны кантроль і нагляд у частцы гатовай жывёлагадоўчай прадукцыі ажыццяўляецца толькі адносна эпізаатычнай стабільнасці".

Раней Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ (Рассельгаснагляд) абмежавала пастаўкі ў Расію прадукцыі жывёльнага паходжання прадпрыемстваў Беларусі. Ведамства лічыць, што прадукцыя, вырабленая ў рэспубліцы, не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС.

Паводле слоў Сяргея Сідорскага, выяўленне парушэнняў, не звязаных з ветэрынарнымі рызыкамі, не павінна з'яўляцца падставай для ўвядзення ветэрынарных мер па абмежаванні паставак прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.

Па выніках рабочай сустрэчы з удзелам супрацоўнікаў профільных дэпартаментаў ЕЭК па ўрэгуляванні пытанняў паставак беларускай прадукцыі на рынак Расіі, якія былі зафіксаваны ў пратаколе ад 19-21 снежня 2016 года, прадстаўнікі Рассельгаснагляду, Мінсельгаса Расіі, Мінсельгасхарча Беларусі дамовіліся аб мерах па вырашэнні ў трохдзённы тэрмін сітуацыі, якая склалася. "У рамках дамоўленасцей беларускі бок прадставіў Рассельгаснагляду і Еўразійскай эканамічнай камісіі неабходныя матэрыялы расследаванняў абазначаных недахопаў, а таксама справаздачы аб прынятых мерах па іх устараненні: акты расследавання, вынікі адбору проб, пратаколы лабараторных выпрабаванняў, фота- і іншыя матэрыялы, а таксама справаздачы аб прынятых мерах па іх устараненні", - адзначылі ў ЕЭК.

"Лічу, што дакументы ў поўнай меры адказваюць на пастаўленыя пытанні, аднак практычных захадаў з боку Рассельгаснагляду па зняцці абмежаванняў не робіцца, - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. - У сувязі з адсутнасцю ў ЕЭК механізмаў уплыву на нацыянальныя органы дзяржаўнай улады Беларусь мае права звярнуцца ў Суд Еўразійскага эканамічнага саюза для канчатковага вырашэння гэтага пытання".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі