Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 красавіка 2019, 09:45

Савіных расказаў аб перспектыўных напрамках супрацоўніцтва Беларусі і Турцыі

15 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" расказаў аб перспектыўных напрамках супрацоўніцтва Беларусі і Турцыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

За апошнія 4-5 гадоў істотна павялічыўся тавараабарот паміж дзвюма краінамі. Цяпер ён дасягае амаль $1 млрд. Разам з тым перспектывы двухбаковых адносін далёка не вычарпаны. "Беларусь і Турцыя надаюць асаблівую ўвагу прамысловаму развіццю, таму што рэальны сектар фактычна фарміруе дабрабыт нацыі. Для Беларусі - гэта стварэнне сумесных прадпрыемстваў машынабудаўнічага комплексу, гэта значыць, гатовай тэхнікі. Для Турцыі існуюць вельмі сур'ёзныя перспектывы ў вытворчасці аўтакампанентаў непасрэдна ў Беларусі для Еўразійскай эканамічнай супольнасці ў цэлым, ну і для нашай прамысловасці таксама", - расказаў Андрэй Савіных.

Паводле яго слоў, прыярытэтам узаемадзеяння з'яўляецца банкаўскі сектар. "Банкаўскае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі мае цікавы аспект. Мы можам пераключыцца на нацыянальныя валюты ў двухбаковых узаемаразліках, а гэта дасць магчымасць умацаваць фінансавую стабільнасць як у Турцыі, так і ў Беларусі. Гэта важны момант, які будзе стымуляваць узаемны гандаль. Размова таксама ідзе аб стварэнні банка з турэцкім капіталам на тэрыторыі Беларусі", - адзначыў пасол.

Пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, прамысловай кааперацыі, перспектывы стварэння зборачных вытворчасцей машынабудаўнічага комплексу будуць абмяркоўвацца 16 красавіка ў Анкары ў час беларуска-турэцкага бізнес-форуму. "Я ўпэўнены, што прыярытэтная ўвага будзе таксама нададзена пашырэнню навуковага і тэхналагічнага супрацоўніцтва. Тут у нас ужо ёсць сур'ёзныя зачыны, мы пачынаем больш цеснае ўзаемадзеянне па стварэнні новых інавацыйных прадуктаў і іх камерцыялізацыі. Безумоўна, важным стане дыялог па міжуніверсітэцкім узаемадзеянні. Размова пойдзе аб абмене студэнтамі і выкладчыкамі, аб стварэнні сумесных навучальных курсаў і праграм. У перспектыве спадзяёмся выйсці на сумесны ўніверсітэт, дыпломы якога будуць прызнавацца і ў Турцыі, і ў Беларусі аўтаматычна", - падкрэсліў Андрэй Савіных.

Пасол дадаў, што турэцкі рынак мае свае асаблівасці. Ён адкрыты для ўсіх пастаўшчыкоў з прычыны геаграфічнага становішча Турцыі. "Сюды любая кампанія можа дастаткова хутка і лёгка даставіць свой тавар, таму існуе жорсткая цанавая канкурэнцыя. Але мы гаворым вельмі часта, што калі змог перамагчы турэцкі рынак, значыць, перашкод не будзе нідзе больш у свеце. Гэта рэальнасць, з якой мы сутыкаемся. На жаль, многія вытворцы ў Беларусі гавораць: для нас турэцкі рынак не прэміяльны, цэны дастаткова канкурэнтныя і не вельмі высокія. Але ёмістасць рынку вельмі высокая", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі