Поўная версія

Савет па развіцці прадпрымальніцтва прапануе павысіць ролю грамадска-кансультатыўных саветаў

Эканоміка 19.02.2018 | 12:35
Фота з архіва
Фота з архіва

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет па развіцці прадпрымальніцтва накіраваў на імя прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова прапановы аб дзейнасці грамадска-кансультатыўных саветаў пры дзяржорганах і арганізацыях. Такая інфармацыя размешчана на сайце савета, паведамляе БЕЛТА.

Рэалізацыя ключавых задач Савета па развіцці прадпрымальніцтва, уключаючы ўдзел у фарміраванні спрыяльнага бізнес-асяроддзя, ацэнку дзеючых форм падтрымкі МСП і падрыхтоўку прапаноў па іх удасканаленні, патрабуе пастаяннага ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі прыватнага сектара для выяўлення праблем яго функцыянавання і развіцця, а таксама выпрацоўкі механізмаў іх вырашэння.

У сувязі з гэтым на першым пасяджэнні савета 24 кастрычніка 2017 года адным з прыярытэтных напрамкаў было абазначана ўзмацненне ўзаемадзеяння з дзелавой супольнасцю, каб атрымліваць рэгулярную інфармацыю аб сітуацыі і перашкодах у рэалізацыі прыватнай ініцыятыўнай дзейнасці.

На думку савета, магчымасць абаперціся ў гэтай рабоце на дзеючыя прадпрымальніцкія саюзы і асацыяцыі вельмі абмежавана. Нават паводле даных незалежных апытанняў, што праводзяцца сярод найбольш актыўнай часткі дзелавой супольнасці, доля суб'ектаў, якія ўдзельнічаюць у бізнес-саюзах, не перавышае 5-8 працэнтаў ад іх агульнай колькасці.

У сувязі з гэтым, на думку савета, для больш поўнага ўліку пазіцый прыватнага сектара эканомікі ў дыялогу з дзяржавай неабходна больш поўна выкарыстоўваць патэнцыял грамадска-кансультатыўных (экспертных) саветаў па развіцці прадпрымальніцтва, створаных пры дзяржаўных органах і арганізацыях.

Аналіз практыкі функцыянавання ГКС паказаў, што асноўнымі праблемамі іх дзейнасці з'яўляюцца адсутнасць у свабодным доступе, у тым ліку на афіцыйных сайтах дзяржорганаў (арганізацый), інфармацыі аб складзе і дзейнасці ГКС; адсутнасць дакладных крытэрыяў адбору і выключэння членаў ГКС - прадстаўнікоў дзелавой супольнасці і, як вынік, недастатковае прадстаўніцтва бізнесу на пасяджэннях ГКС і прэваліраванне сярод іх удзельнікаў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў. Таксама савет звяртае ўвагу на нерэгулярны характар работы ГКС (у шэрагу дзяржорганаў пасяджэнні праводзяцца раз у год або не праводзяцца наогул), нерэгулярнасць практыкі афармлення пратаколаў па выніках пасяджэнняў ГКС, а таксама адсутнасць інфармацыі аб выніках рэалізацыі прынятых рашэнняў.

"Устараненне названых недахопаў у рабоце ГКС дасць магчымасць павысіць якасць дыялогу дзяржавы і бізнесу, забяспечыць улік меркавання дзелавой супольнасці, перш за ўсё пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў. Пратаколы разгляду праектаў на пасяджэннях ГКС, якія адлюстроўваюць як узгодненыя пазіцыі, так і рознагалоссі ўдзельнікаў, павінны прыкладацца да пакета дакументаў, што накіроўваюцца на ўзгадненне з органамі дзяржкіравання і Саветам па развіцці прадпрымальніцтва", - адзначаецца ў паведамленні на сайце савета.

На думку Савета па развіцці прадпрымальніцтва, актывізацыя работы і павышэнне ролі ГКС у працэсе фарміравання заканадаўча-прававога асяроддзя дасць магчымасць сфарміраваць інстытут прафесійнага апаніравання і ў будучым укараніць механізм ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння прымаемых нарматыўных прававых актаў на развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці. Абмеркаванне на пасяджэннях ГКС праблемных пытанняў у галіне развіцця прадпрымальніцтва дало б магчымасць павысіць аператыўнасць іх вырашэння і скараціць паток прыватных зваротаў, забяспечыць рэгулярны абмен інфармацыяй для маніторынгу і ацэнкі эфектыўнасці мер дзяржпадтрымкі суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.-0-

Навіны рубрыкі Эканоміка
Поўная версія