Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 мая 2019, 15:04

Румас: для канчатковага падліку ўрону ад няякаснай нафты неабходны яшчэ месяц

21 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларускаму боку неабходны яшчэ месяц для канчатковага вызначэння памеру ўрону, прычыненага ў выніку паставак няякаснай нафты з Расіі. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння рана гаварыць пра нейкія канкрэтныя лічбы. Таму што ўвесь урон яшчэ не падлічаны беларускім бокам. Гэта працяглы працэс. Мы разлічваем, што для канчатковага вызначэння ўрону будзе неабходны яшчэ адзін месяц", - заявіў Сяргей Румас.

Паводле яго слоў, пытанне, звязанае з сітуацыяй вакол паставак так званай бруднай, некандыцыйнай нафты, будзе ў ліку тых, якія плануецца абмеркаваць на сустрэчы беларускага прэм'ера з кіраўніком расійскага ўрада Дзмітрыем Мядзведзевым, якая запланавана на бліжэйшую пятніцу.

"Вы ведаеце, што створана рабочая група, учора старшыня канцэрна "Белнафтахім" вярнуўся з Расійскай Федэрацыі, раніцай дакладваў, што з Расіяй практычна ўзгоднена дарожная карта. І некаторыя яе пункты ўжо выконваюцца абодвума бакамі, нягледзячы на тое, што яна яшчэ не фармалізавана", - адзначыў Сяргей Румас.

Ён растлумачыў, што ў гэтай дарожнай карце змешчаны ўвесь пералік мер, які дасць магчымасць, па-першае, вырашыць пытанне адпампоўкі з труб некандыцыйнай нафты і аднавіць транзіт у бок Заходняй Еўропы. Другі блок пытанняў - гэта кампенсацыя Беларусі ў сувязі са стратамі, панесенымі ў выніку гэтага інцыдэнту.

"Сёння асноўная задача - гэта вызваліць транзіт, каб Беларусь магла атрымліваць плату за транзіт нафты, які ідзе цераз яе тэрыторыю", - дадаў прэм'ер-міністр.

Як паведамлялася, канцэрн "Белнафтахім" 19 красавіка заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай нафты Urals, што паступае транзітам ва ўчастак магістральнага нафтаправода ААТ "Гомельтранснафта Дружба". Колькасць хлорарганічных злучэнняў у саставе нафты перавышала ў дзясяткі разоў максімальныя значэнні па стандарце. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" - вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты. Нафта, якая адпавядае стандарту, паступіла на граніцу Беларусі па нафтаправодзе "Дружба" 2 мая. Цяпер "Нафтан" па-ранейшаму працуе на няпоўнай загрузцы.

Сістэма нафтаправода "Дружба" забяспечвае пастаўкі нафты на беларускія НПЗ і транзіт нафты ў Еўропу праз Беларусь па двух напрамках - цераз Польшчу і Украіну. 24 красавіка Польшча на нявызначаны тэрмін спыніла транзіт нафты. Затым гэта зрабіла і Украіна, аднак у далейшым транзіт быў адноўлены.

Як паведамлялася БЕЛТА, была створана рабочая група па ацэнцы страт ад забруджанай нафты і спосабаў іх кампенсацыі. У яе ўвайшлі прадстаўнікі "Белнафтахіма" і Мінэнерга Расіі. Віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка 17 мая заяўляў, што Беларусь будзе настойваць на кампенсацыі прамых і ўскосных страт з-за няякаснай нафты з Расіі. Ён адзначаў, што гаварыць аб падагульняючым памеры кампенсацыі пакуль дачасна. Разам з тым толькі кошт абсталявання на Мазырскім НПЗ, якое выйшла са строю з-за забруджанай нафты, складае каля $30 млн у эквіваленце. "Але хімічны працэс хлору такі, што станчэнне труб, якое ўжо адбылося, і пашкоджанне каталізатараў яшчэ будуць выплываць", - растлумачыў віцэ-прэм'ер. Больш поўная інфармацыя будзе атрымана ў час капрамонту НПЗ, які плануецца да жніўня. Акрамя таго, раней недаатрыманая ў красавіку выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў з-за сітуацыі з няякаснай расійскай нафтай ацэньвалася ў суме каля $100 млн.

Паводле паведамлення ТАСС, крыніца забруджвання экспартнай нафты была выяўлена на ўчастку Самара - Унеча. У кампаніі "Транснафта" заявілі, што забруджванне нафты ў трубаправодзе было наўмысным. Па факце забруджвання ўзбуджана крымінальная справа. У Следчым камітэце Расіі заявілі, што "брудная" нафта была загружана ў нафтаправод, каб скрыць крадзеж сыравіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі