Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 мая 2018, 12:21

Рэгіёны пры ўмове добрасумленнай работы гаспадарак завершаць сяўбу да 15 мая - Анфімаў

7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэгіёны Беларусі пры ўмове добрасумленнай работы гаспадарнікаў павінны справіцца з пасяўной кампаніяй да 15 мая. Такі прагноз у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" агучыў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў, паведамляе БЕЛТА.

"Рэгіёны, якія вядуць пасяўныя работы ў адпаведнасці з графікам, да 9-15 мая, у залежнасці ад прыродна-кліматычных зон, цалкам справяцца з пасяўной кампаніяй", - упэўнены кіраўнік ведамства. Ужо цяпер некаторыя з абласцей завяршылі сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых, рапсу, лёну-даўгунцу.

Аднак многае залежыць ад добрасумленнасці кіраўнікоў і службовых асоб гаспадарак. У дзейнасці сельгасарганізацый фіксуецца нямала недахопаў і парушэнняў, якія ў тым ліку зрываюць тэрміны работ і ўплываюць на іх якасць. Аб гэтым сведчаць рэзультаты праведзенага на старце пасяўной маніторынгу. "На жаль, у палавіне арганізацый былі недахопы ў захоўванні і падрыхтоўцы тэхнікі. У 50 арганізацыях выяўлены грубыя парушэнні галіновых рэгламентаў правядзення веснавых пасяўных работ", - сказаў Леанід Анфімаў.

Сярод значных праблем у АПК ён назваў недастатковую дысцыпліну і чалавечы фактар у цэлым, праблему з поўным забеспячэннем пад веснавую сяўбу мінеральнымі ўгнаеннямі. "Усе гавораць, што няма грошай. Але пры маніторынгу выявілі, што ў Быхаўскім райаграпрамтэхснабе складаліся фіктыўныя акты спісання ўнесеных мінеральных угнаенняў. Знайшлі ў яры 3 тыс. т даламітавай мукі амаль на Br100 тыс. У іншым раёне выявілі 60 т зляжалых мінеральных угнаенняў, нідзе не ўлічаных. Па гэтых фактах узбуджаны крымінальныя справы. Арыштаваны адзін кіраўнік. А ўсяго па выніках маніторынгу ўзбуджаны 49 крымінальных спраў. Рэзананс, думаю, многім падкажа, як трэба працаваць у інтарэсах дзяржавы", - сказаў на заканчэнне старшыня КДК.

Ён адзначыў, што ўвага да эфектыўнасці работы сістэмы АПК асаблівая з улікам сродкаў, якія накіроўваюцца на яго падтрымку. Недапушчальна, каб на мадэрнізаваных фермах надоі заставаліся на ўзроўні дзесяцігадовай даўнасці. Трэба павышаць рэнтабельнасць, паколькі амаль у палавіны прадпрыемстваў яна на ўзроўні 5 працэнтаў і нават ніжэйшая. А пачынаць, на думку Леаніда Анфімава, трэба са стварэння нармальнай кармавой базы ў кожнай гаспадарцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі