Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 кастрычніка 2017, 11:47

Пытанне дазволу разлікаў у крыптавалютах у Беларусі не разглядаецца - Калаур

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанне дазволу разлікаў у крыптавалютах у Беларусі не разглядаецца. Аб гэтым заявіў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур сёння на адкрыцці XIV Міжнароднага форуму па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях "БанкІТ'2017", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца крыптавалют, то пытанне дазволу разлікаў у крыптавалютах за тавары, работы, паслугі на тэрыторыі Беларусі ў прынцыпе не разглядаецца", - сказаў Павел Калаур.

Пры гэтым ён адзначыў, што іншыя пытанні прававога рэгулявання выкарыстання крыптавалют фінансавымі інстытутамі, прадпрыемствамі і насельніцтвам у Беларусі знаходзяцца цяпер у стадыі прапрацоўкі дзяржаўнымі органамі і экспертнай супольнасцю.

Старшыня праўлення Нацбанка таксама закрануў пытанне выкарыстання тэхналогіі блокчэйн у банкаўскай сістэме. "Рэальнасцю для беларускай банкаўскай сістэмы стала выкарыстанне тэхналогіі блокчэйн, якая дае магчымасць рацыяналізаваць і зрабіць больш бяспечнымі аперацыі па фарміраванні і выкарыстанні рэестраў інфармацыі. Тут выйграюць і кліенты (за кошт спрашчэння працэдур), і банкі (за кошт зніжэння аперацыйных расходаў). Першы вопыт практычнага выкарыстання тэхналогіі блокчэйн у банкаўскай сістэме Беларусі звязаны з магчымасцю перадачы інфармацыі аб выдадзенай банкаўскай гарантыі і непасрэдна самой банкаўскай гарантыі", - расказаў ён.

Павел Калаур паведаміў, што плануецца ўкараненне тэхналогіі блокчэйн і на фондавым рынку для фарміравання рэестра аперацый па каштоўных паперах. "Такім чынам, банкаўская сістэма пачынае актыўна экспартаваць тэхналагічныя інавацыі на іншыя рынкі і сектары эканомікі", - канстатаваў ён.

XIV Міжнародны форум па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях "БанкІТ'2017" праходзіць 18-20 кастрычніка ў Мінску. Форум сабраў звыш 1,5 тыс. кіраўнікоў і экспертаў у сферы фінансаў, ІТ і кіравання з больш як 10 краін. Адбудзецца 14 секцыйных пасяджэнняў, уключаючы дыскусіі, на якіх выступяць больш за 60 спікераў. Асноўным блокам тэм вызначаны такія актуальныя для фінансавай галіны пытанні, як сучасныя патрабаванні да ІТ-платформ банкаў, кіраванне данымі, лічбавае ўзаемадзеянне з кліентамі і выкарыстанне ў банкаўскай сістэме тэхналогіі блокчэйн.

"БанкІТ" - гэта адзінае спецыялізаванае мерапрыемства ва Усходняй Еўропе, якое аб'яднала топ-менеджмент банкаў, ІТ-кампаній і іншых сфер бізнесу, а таксама прадстаўнікоў зацікаўленых дзяржаўных структур і экспертаў у сферы распрацоўкі інфармацыйных тэхналогій. Пачынаючы з 2004 года ўдзельнікі форуму плённа ўзаемадзейнічаюць на пляцоўцы форуму пры вырашэнні актуальных задач, эфектыўна выкарыстоўваючы прадастаўленыя арганізатарамі магчымасці. З кожным годам "БанкІТ" збірае ўсё больш удзельнікаў. Калі ў 2011 годзе мерапрыемства наведалі больш за 820 кіраўнікоў і экспертаў у сферы фінансаў, ІТ і кіравання, то ў 2016 годзе - ужо звыш 1,4 тыс.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі