Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 жніўня 2017, 16:35

Прэзентаваны першы беларускі электрамабіль

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук прэзентавала першы беларускі электрамабіль. Мерапрыемства адбылося на Рэспубліканскім палігоне для выпрабаванняў мабільных машын Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Год таму мы прыйшлі з прапановай яго стварыць да старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Гусакова. Ён падтрымаў гэту ідэю. Амаль год мінуў - і перад вамі эксперыментальны ўзор - з усімі яго характарыстыкамі, знешнім выглядам і электрычнымі кампанентамі, якія мы стварылі з прыцягненнем іншых кампаній, маючых кампетэнцыі ў гэтым напрамку", - расказаў журналістам генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Сяргей Паддубка.

Паводле яго слоў, аўтамабіль праектуецца пад гарадскія ўмовы: "Магутнасць рухавіка - 60 кВт, гэта недзе 80 к.с. Гэтага цалкам дастаткова для работы ў горадзе. Максімальная скорасць, якую мы выпрабоўвалі на гэтым палігоне, - 110 км/гадз. Час разгону да 100 км/гадз мы пакуль да канца не вызначылі - мы шкадуем аўтамабіль, таму паставілі электронную сістэму абароны. Мы паступова нарошчваем яго магчымасці, з часам усе характарыстыкі выявім і, калі трэба, падкарэкціруем".

Накапляльнік электраэнергіі аўтамабіля можна зараджаць як ад звычайнай электрычнай разеткі, так і ад спецыяльнага зараднага ўстройства. "Калі напружанне 220 В, то ён зараджаецца шэсць гадзін, калі зарадка на большы ток, то каля чатырох гадзін", - адзначыў Сяргей Паддубка.

Эксперыментальны ўзор электрамабіля створаны на базе серыйнай машыны GeelySC7 беларускай зборкі. Яго наяўнасць дасць магчымасць адпрацаваць аптымальныя кампановачныя рашэнні ў частцы электракампанентаў, удакладніць іх характарыстыкі і пачаць стварэнне паўнацэннага доследнага ўзору, прыняцце рашэнняў па асваенні яго вытворчасці ў рэспубліцы.

Уся кампанентная база цягавага электрапрывода аўтамабіля лакалізавана ў Беларусі. Элементам, што купляецца, з'яўляецца толькі цягавая батарэя - накапляльнік электраэнергіі, конкурс на пастаўку якой выйграла расійская кампанія "Энер зэт" (Санкт-Пецярбург).

Пастаўлена задача асвоіць вытворчасць батарэй у Беларусі. У Навукова-практычным цэнтры НАН па матэрыялазнаўстве створаны новы эфектыўны матэрыял, які можа паслужыць асновай суперкандэнсатара - накапляльніка электраэнергіі для транспартных машын.-0-

Фота Максіма Гучака

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі