Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
17 кастрычніка 2017, 13:42

Прапановы бізнесу ўлічаны ва ўказе аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці - Карагін

17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапановы бізнесу ўлічаны ва ўказе нумар 376 "Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці", які падпісаны Прэзідэнтам 16 кастрычніка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін.

Для распрацоўкі ўказа стваралася спецыяльная рабочая група, для ўдзелу ў якой былі запрошаны ў тым ліку юрысты грамадскіх аб'яднанняў прадпрымальнікаў - Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў, Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

"Многія нашы прапановы знайшлі падтрымку. Указ ствараўся складана, але Камітэт дзяржкантролю, Мінэканомікі і МАРГ былі на баку разняволення дзелавой ініцыятывы і зніжэння прадпрымальніцкай рызыкі", - адзначыў Уладзімір Карагін.

Ён звярнуў увагу, што ва ўказе аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці, па сутнасці, рэалізуюцца нормы Дырэктывы нумар 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці". "Прыняты ўказ - гэта карысны дакумент і важны крок у бок падтрымкі тых суб'ектаў, хто вядзе канструктыўную гаспадарчую дзейнасць", - лічыць старшыня прэзідыума РКП.

Для мінімізацыі магчымых парушэнняў будуць весці папераджальную і прафілактычную работу - у першую чаргу растлумачваць і дапамагаць пазбегнуць памылак пры вядзенні прадпрымальніцкай дзейнасці, а не прыцягваць да адказнасці, што з'яўляецца пазітыўным сігналам для бізнесу, лічыць эксперт. Акрамя таго, праверак суб'ектаў гаспадарання стане менш.

У Камітэце дзяржкантролю створаць Міжведамасны савет па кантрольнай (нагляднай) дзейнасці, дзе можна будзе разабраць найбольш складаныя сітуацыі і выслухаць звароты з боку дзелавых асацыяцый. Гэта дапаможа ва ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці, дадаў Уладзімір Карагін.

Указ нумар 376 прызначаны мінімізаваць умяшанне кантралёраў у гаспадарчую дзейнасць суб'ектаў прадпрымальніцтва. Прадугледжваецца перамяшчэнне акцэнту ў дзейнасці кантралёраў на прафілактычную работу, пашырэнне прымянення замест праверак мерапрыемстваў тэхнічнага (тэхналагічнага, праверачнага) характару, па выніках якіх меры адказнасці прымяняцца не будуць, калі суб'ект ліквідуе выяўленыя парушэнні. Як адзначылі ў КДК, праверачная нагрузка на суб'екты гаспадарання значна знізіцца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі