Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 верасня 2019, 15:06

Праекты лічбавай трансфармацыі плануюць рэалізаваць у сферах фармацыі, прыборабудавання, нафтахіміі

19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пілотныя праекты лічбавай трансфармацыі плануецца рэалізаваць на прадпрыемствах у сферах фармацыі, прыборабудавання, нафтахіміі. Аб гэтым паведаміла намеснік міністра эканомікі Алена Пермінава на канферэнцыі "Смарт-індустрыя Беларусі: патэнцыял фарміравання, пагрозы, выклікі і магчымасці развіцця" ў час Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У перспектыве Мінэканомікі плануе рэалізацыю на канкрэтных прадпрыемствах пілотных праектаў лічбавай трансфармацыі, якія прадугледжваюць укараненне элементаў канцэпцыі "індустрыя 4.0" у сферах фармацыі, прыборабудавання, нафтахіміі. Сумесна з ЮНІДА мы таксама плануем стварэнне цэнтраў тэхнічных кампетэнцый, дэманстрацыйных лічбавых фабрык", - сказала Алена Пермінава.

Паводле яе слоў, смарт-індустрыя фактычна ўяўляе сабой прамысловы сектар на прынцыпова новай тэхналагічнай базе і сучасных арганізацыйных прынцыпах кіравання. "Беларусь сёння мае шматгаліновы сектар апрацоўчай прамысловасці, развітую IT-індустрыю, падрыхтаваныя інжынерна-тэхнічныя і працоўныя кадры, важкі інавацыйны патэнцыял. Інакш кажучы, наша краіна, несумненна, мае спрыяльныя зыходныя ўмовы і перадумовы для старту лічбавай трансфармацыі эканомікі. Драйверамі мы тут бачым, безумоўна, ІКТ, тэхналогіі штучнага інтэлекту, робататэхніку і інавацыйнае прыборабудаванне", - падкрэсліла намеснік міністра.

Мэта канферэнцыі - пошук зацікаўленых прадстаўнікоў дзяржорганаў, інавацыйнага і вытворчага бізнесу, навукі і адукацыі, выпрацоўка ўзгодненай пазіцыі адносна далейшай стратэгіі і алгарытма стварэння смарт-індустрыі ў Беларусі. "Арганізацыйным інструментам кансалідацыі намаганняў павінна стаць платформа "Смарт-індустрыя Беларусі". Гэта ідэя агучвалася Мінэканомікі ў красавіку на форуме "ТІБО-2019". Такую платформу мы разглядаем як новы інструмент дзяржаўна-прыватнага ўзаемадзеяння, які пад эгідай міністэрства будзе аб'ядноўваць і юрыдычных асоб, і экспертаў, і органы дзяржкіравання - усіх зацікаўленых у сумеснай рабоце па фарміраванні разумнай індустрыі", - адзначыла Алена Пермінава.

Беларускі прамыслова-інвестыцыйны форум праходзіць у Мінску 17-20 верасня. Гэта адзін з буйнейшых выставачных праектаў у СНД, які аб'ядноўвае некалькі міжнародных спецыялізаваных выставак у галіне навукова-тэхнічнага развіцця і сучасных тэхналогій - "ТэхІнаПрам", "Прафзварка", "Хімія. Нафта і газ", "Пластэх". У час мерапрыемства таксама прайшлі беларуска-японскі і беларуска-славацкі эканамічныя форумы, індыйска-беларускі дзелавы і тэхналагічны форум. Праграма ўключае міжнародныя сімпозіумы, канферэнцыі, круглыя сталы па сучасных тэхналогіях і абсталяванні для прамысловага комплексу, перспектывах развіцця адытыўных тэхналогій, прымянення кампазіцыйных матэрыялаў у нафтахімічнай галіне, біржу субкантрактаў у прамысловасці, кірмаш інавацыйных распрацовак, кааперацыйную біржу "Навука і прамысловасць - стратэгія інавацыйнага супрацоўніцтва", семінары і прэзентацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі