Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 верасня 2019, 14:09

Пілотныя праекты па павышэнні энергаэфектыўнасці рэалізуюць у Беларусі ў 248 жылых дамах

19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пілотныя праекты па павышэнні энергаэфектыўнасці рэалізуюць у 248 жылых дамах у Магілёўскай і Гродзенскай абласцях, паведаміў журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Леанід Паляшчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Фінансаванне мерапрыемстваў па зніжэнні спажывання цеплавой энергіі будзе ажыццяўляцца пры падтрымцы Сусветнага банка, ЕБРР і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. "Разлічваем, што насельніцтва таксама прыме актыўны ўдзел у праектах", - сказаў Леанід Паляшчук.

Комплекс работ будзе ўключаць замену вокнаў і дзвярэй у пад'ездах, устаноўку прыбораў уліку, а таксама дадатковую цеплавую мадэрнізацыю будынкаў. Паводле ацэнкі экспертаў, у пілотных рэгіёнах да палавіны жыхароў гатовы ўцяпліць свае дамы. Разлікі паказваюць, што правядзенне энергаэфектыўных мерапрыемстваў дасць магчымасць знізіць цепласпажыванне ў дамах з 120-200 кВт гадз да 90 кВт гадз на кв.м у год.

"Цеплавая мадэрнізацыя пры росце тарыфаў для насельніцтва дапаможа выключыць падаражэнне платы за ЖКП. Таксама павысіцца камфортнасць пражывання ў кватэрах", - адзначыў Леанід Паляшчук.

Паводле яго слоў, у рэспубліцы амаль 28,4 млн кв.м жылля маюць цепласпажыванне 160-200 кВт гадз на кв.м у год. Такія жылыя дамы пабудаваны да 1996 года. На жыллёвы фонд прыпадае штогадовае спажыванне амаль 37,5 працэнта цеплавой энергіі. На яе вытворчасць спальваецца амаль 3,7 млрд куб.м газу. Насельніцтва пакрывае толькі 20 працэнтаў затрат на ацяпленне.

Умовы і механізмы ўдзелу ўласнікаў жылых і нежылых памяшканняў у фінансаванні энергаэфектыўных мерапрыемстваў вызначаны ўказам нумар 327 "Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў". Такое рашэнне на добраахвотнай аснове прымае агульны сход уласнікаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі