Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 мая 2017, 16:08

Першую партыю аўтамабіляў на будуемым заводзе "БелДжы" плануецца вырабіць у канцы чэрвеня - Сямашка

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першую прамысловую партыю аўтамабіляў на будуемым заводзе "БелДжы" плануецца вырабіць у канцы чэрвеня бягучага года. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка на адкрыцці Беларускага прамысловага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не пазней за канец чэрвеня мы павінны ўвесці ў строй, правесці кантрольныя выпрабаванні першай прамысловай партыі легкавых аўтамабіляў на будуемым заводзе "БелДжы", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Віцэ-прэм'ер расказаў журналістам, што будаўніча-мантажныя работы на заводзе выкананы на 99,3 працэнта. Тэхналагічнае абсталяванне для асноўнага і дапаможных вытворчасцей пастаўлена на пляцоўку, зманціравана і практычна наладжана. "Там тры базавыя цэхі: зваркі, фарбавання і канчатковай зборкі, выпрабаванні. Прынцыпова мы ацанілі, што да 15 чэрвеня ўсе гэтыя цэхі будуць гатовы да правядзення так званага тэсціравання", - адзначыў Уладзімір Сямашка. Ён удакладніў, што за трое сутак бесперапыннай работы павінны быць сабраны 222 аўтамабілі. Тэсціраванне дасць магчымасць праверыць работу ўсіх цэхаў, якасць зборкі па ўсіх параметрах.

"Да канца года мы павінны мець прадпрыемства магутнасцю 60 тыс. аўтамабіляў у год. Калі продажы пойдуць нармальна, на заводзе закладзены патэнцыял на выпуск 120 тыс. аўтамабіляў штогод", - паведаміў віцэ-прэм'ер.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў далейшым плануецца забяспечыць узровень лакалізацыі не менш як 50 працэнтаў. "Гэта і для беларускіх прадпрыемстваў, і задача для замежных гасцей. Удзельнічайце ў гэтым мерапрыемстве, - заклікаў Уладзімір Сямашка. - Яно складанае, але даходнае. Прыйшоўшы сюды і вырабіўшы кампаненты, вы прыходзіце на рынак не толькі невялікай Беларусі, але і на рынак ЕАЭС".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі