Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 верасня 2018, 16:43

Патрэбнасць у фінансаванні інфраструктуры ў Беларусі да 2025 года складае Br12 млрд - Крутой

12 верасня, Мінск /Вера Сяргеева - БЕЛТА/. Патрэбнасць у фінансаванні развіцця інфраструктуры ў Беларусі да 2025 года складае Br12 млрд. Аб гэтым паведаміў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой сёння на міжнароднай канферэнцыі "Роля праектаў ДПП у дасягненні Мэт устойлівага развіцця і павышэння дабрабыту людзей", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дзмітрый Крутой адзначыў, што ў папярэднія гады інфраструктурныя аб'екты, асабліва буйныя, будаваліся ў асноўным за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. "Каля 40-45 працэнтаў інвестыцый за апошнія 10 гадоў было ўкладзена ў транспарт, сувязь і сацыяльныя аб'екты. Дзяржава пільна сочыць за выкананнем гэтых прыярытэтаў, - сказаў ён. - Паводле папярэдніх ацэнак, да 2025 года нам спатрэбіцца прафінансаваць інфраструктуру ў аб'ёме Br12 млрд, з якіх Br8 млрд пойдзе ў сферу транспарту і інжынернай інфраструктуры".

Міністр падкрэсліў, што ва ўмовах скарачэння бюджэтнага канала інвестыцый, асабліва ў сярэднетэрміновай перспектыве, праекты ДПП стануць добрай асновай для развіцця інвестыцыйнага працэсу ў Беларусі.

У высокай ступені гатоўнасці знаходзіцца першы пілотны праект дзяржаўна-прыватнага партнёрства "Рэканструкцыя аўтамабільнай дарогі М10: граніца Расійскай Федэрацыі (Селішча) - Гомель - Кобрын, км 109,9 - км 195,15". Прадугледжваецца рэканструкцыя гэтага ўчастка дарогі з давядзеннем да параметраў I-В катэгорыі, а таксама яе далейшае тэхнічнае абслугоўванне прыватным партнёрам. Запланаваны тэрмін рэалізацыі праекта - 20 гадоў, з якіх 2 гады адводзяцца непасрэдна на рэканструкцыю. Падрыхтоўка праекта ажыццяўляецца пры дапамозе Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, які прыцягнуў да яго распрацоўкі кансорцыум кансультантаў. "Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час выйдзе адпаведны ўказ, які вызначыць рамачныя ўмовы выбару партнёра і правядзення конкурсаў. Калі да канца года завершым усе працэдуры, то з наступнага года можам пачаць практычную рэалізацыю праекта", - праінфармаваў міністр.

Міжнародная канферэнцыя, якая праходзіць сёння ў Мінску, нацэлена на азнаямленне з міжнародным вопытам і лепшымі кіраўніцкімі практыкамі ў галіне рэалізацыі інфраструктурных праектаў і развіцця механізма ДПП для дасягнення Мэт устойлівага развіцця і павышэння дабрабыту людзей. У час панэльных дыскусій абмяркоўваецца развіццё інфраструктуры пры рэалізацыі канцэпцыі "Адзін пояс, адзін шлях", месца міжнародных інстытутаў развіцця і банкаўскага сектара ў рэалізацыі праектаў ДПП. У мерапрыемстве прымаюць удзел кіраўнікі органаў дзяржкіравання, міжнародных фінансавых інстытутаў, банкаў, прадстаўнікі бізнесу, навуковай і акадэмічнай супольнасці, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў. Арганізатары канферэнцыі - Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, Міністэрства эканомікі і Еўрапейская эканамічная камісія ААН.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі