18 ліпеня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Падрыхтоўка канцэпцыі збліжэння заканадаўстваў Беларусі і РФ неапраўдана зацягваецца. Аб гэтым сёння заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Падрыхтоўка канцэпцыі - сфера адказнасці Пастаяннага камітэта і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Беларускі бок на працягу 2018 года ўносіў свае прапановы. "Аднак падрыхтоўка неапраўдана зацягваецца", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Канцэпцыя збліжэння заканадаўстваў павінна забяспечыць гарманізацыю і ўніфікацыю нацыянальных заканадаўстваў і правапрымяняльнай практыкі. Ад гэтага залежыць сістэмнае рэгуляванне многіх праблемных пытанняў.
У іх ліку Міхаіл Мясніковіч назваў парадак прыняцця і выканання рашэнняў, якія закранаюць інтарэсы саюзнага партнёра. "Большасць бар'ераў з'яўляецца менавіта з-за гэтага", - адзначыў ён. Старшыня Савета Рэспублікі прапанаваў Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы прааналізаваць гэта пытанне і далажыць на чарговым Вышэйшым дзяржсавеце.
Кіраўнік верхняй палаты парламента абазначыў праблему з маркіроўкай тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі. "Калі не будзе рашэння аб узаемным прызнанні нацыянальных сістэм і адзінага парадку інфармацыйнага забеспячэння, рынкі ЕАЭС і Саюзнай дзяржавы могуць быць паралізаваны. Тэма абмяркоўвалася не адзін раз. Просьба да ўрада Расійскай Федэрацыі прыняць рашэнне з улікам меркавання партнёраў па ЕАЭС", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Ён таксама выказаў заклапочанасць тым, што ў адносінах да асобных беларускіх вытворцаў прадуктаў харчавання прадаўжаюць дзейнічаць абмежавальныя меры, нягледзячы на дарожныя карты па зняцці ўзаемных абмежаванняў.
Беларусь і Расія актыўна абмяркоўваюць новую праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў саюзнага дагавора. Яго нормы прайшлі праверку часам і даказалі сваю слушнасць. Яны не страцілі актуальнасці і дапаўняюцца новымі палажэннямі праграмы дзеянняў, нагадаў Міхаіл Мясніковіч.-0-