Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 лістапада 2019, 15:11

Назаранка: у ЕАЭС востра стаіць пытанне маніторынгу прымянення міждзяржстандартаў

14 лістапада, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. У Еўразійскім эканамічным саюзе цяпер назіраецца вострая неабходнасць маніторынгу прымянення міждзяржаўных стандартаў. Аб гэтым заявіў член Калегіі (міністр) па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Назаранка ў Шымкенце (Казахстан) на нарадзе кіраўнікоў нацыянальных органаў па стандартызацыі, метралогіі, сертыфікацыі і акрэдытацыі дзяржаў - удзельніц Міждзяржаўнага савета па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі СНД (МДС), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЕЭК.

"У ЕАЭС вядзецца актыўная работа па зацвярджэнні пералікаў стандартаў да тэхнічных рэгламентаў і фарміраванні праграм па распрацоўцы міждзяржаўных стандартаў да іх, - сказаў Віктар Назаранка. - Сёння такія пералікі і праграмы прыняты да 40 тэхнічных рэгламентаў, якія ўключаюць у сябе больш за 12 тыс. пазіцый, з іх каля 7 тыс. - міждзяржаўныя стандарты. Прадугледжана распрацоўка каля 3 тыс. ДАСТаў. Аднак трэба адзначыць, што, акрамя прыняцця міждзяржаўных стандартаў, у тым ліку шляхам уключэння іх у пералікі стандартаў да тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС, цяпер ёсць вострая неабходнасць маніторынгу іх прымянення".

Міністр ЕЭК прапанаваў павысіць ролю нацыянальных інстытутаў па стандартызацыі, метралогіі і акрэдытацыі дзяржаў - удзельніц МДС СНД, якія выступаюць нацыянальнымі аператарамі сістэм у названых сферах. Пры гэтым дзейнасць навукова-тэхнічных камісій МДС і міждзяржаўных тэхнічных камітэтаў, на думку Віктара Назаранкі, трэба трансфармаваць. Гэта дасць магчымасць зрабіць іх работу больш эфектыўнай і ўзняць яе да ўзроўню аналагічных органаў міжнародных і рэгіянальных арганізацый.

Прадстаўнікі дзяржаў - удзельніц МДС абмеркавалі на пасяджэнні праект асноўных напрамкаў міждзяржаўнай стандартызацыі, метралогіі, акрэдытацыі на перыяд да 2030 года. "Сёння асабліва важна не проста захаваць накоплены патэнцыял МДС у сферы стандартызацыі, метралогіі і акрэдытацыі, але і вызначыць дзейсныя механізмы далейшага ўдасканалення міждзяржаўнай дзейнасці ў гэтых сферах", - падкрэсліў Віктар Назаранка.

Міждзяржаўны савет па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі СНД з'яўляецца міжурадавым органам Садружнасці па фарміраванні і правядзенні ўзгодненай палітыкі ў стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі. Ён заснаваны 13 сакавіка 1992 года. У выніку дзейнасці МДС не толькі створана сучасная доказная база, у тым ліку для рэалізацыі тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС, але і выпрацавана стратэгічнае бачанне развіцця гэтых сфер на міждзяржаўным узроўні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі