Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 жніўня 2018, 15:20

Нацыянальны даклад па БелАЭС адпавядае патрабаванням Еўрасаюза для стрэс-тэстаў - Фой

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны даклад Беларусі па выніках стрэс-тэстаў на АЭС адпавядае патрабаванням Еўрасаюза. Аб гэтым паведаміў сёння ў Мінску кіраўнік групы еўрапейскіх экспертаў па партнёрскай праверцы стрэс-тэстаў Беларускай АЭС Марк Фой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі гаварыць аб заключэнні, якое мы зрабілі, то група экспертаў прыйшла да высновы, што нацыянальны даклад Беларусі ў цэлым адпавядае патрабаванням для стрэс-тэстаў Еўрасаюза. Нагадаю, 460 пісьмовых пытанняў былі перададзены ў Беларусь для атрымання адказаў (у час працэдуры партнёрскай праверкі. - Заўвага БЕЛТА). Гэта вялікая колькасць пытанняў, былі вельмі сціслыя часавыя рамкі, у якія можна гэта зрабіць. Першапачаткова мы прасілі адказаць толькі на пытанні групы экспертаў, але Дзяржатамнагляд прадаставіў адказы на ўсе пытанні, і некаторыя з іх выходзілі за рамкі тэмы стрэс-тэстаў", - адзначыў Марк Фой. Група экспертаў таксама канстатавала, што Дзяржатамнагляд прадастаўляў адказы не толькі на пісьмовыя, але і вусныя пытанні.

Эксперты пацвердзілі, што праект атамнай станцыі, якая будуецца ў Беларусі, - гэта праект з палепшаным рэактарам тыпу ВВЭР.

Па выніках партнёрскай праверкі былі дадзены рэкамендацыі, разгляд і ўкараненне якіх еўрапейскія эксперты лічаць важным. Рэкамендуецца ўлічыць іх у нацыянальным плане па ўзмацненні бяспекі АЭС і ў будучым пастаянна абнаўляць гэты план.

Паводле слоў Марка Фоя, рэкамендацыі датычацца "вызначэння адэкватнасці меж бяспекі для розных здарэнняў на станцыі, а таксама ўстаноўкі некаторага дадатковага абсталявання". У прыватнасці, рэкамендавана забяспечыць адэкватнасць меж бяспекі, вызначаных для сейсмічных здарэнняў на станцыі. Група экспертаў таксама адзначыла, што па некаторых пытаннях адносна бяспекі, асабліва бяспекі ў запраектных умовах, неабходна ўнесці некаторыя ўдакладненні і паляпшэнні.

Акрамя таго, абазначаны некаторыя пазітыўныя практыкі, што прысутнічаюць пры рэалізацыі беларускага праекта. Гэта наяўнасць пасіўных сістэм бяспекі, пасткі расплаву, меры засцярогі для прадухілення і кіравання цяжкімі аварыямі на станцыі. Пазітыўна ўспрыняты аналіз розных крытычных сітуацый у нацыянальным дакладзе па стрэс-тэстах, работа вучэбна-трэніровачнага цэнтра з поўнамаштабным трэнажорам, наяўнасць добра абсталяванай пажарнай часці на тэрыторыі станцыі.

Як паведамлялася, Беларусь у 2016 годзе добраахвотна правяла стрэс-тэсты АЭС з улікам спецыфікацыі Еўрапейскай групы рэгулюючых органаў ядзернай бяспекі (ENSREG). Нацыянальны даклад па выніках стрэс-тэстаў быў накіраваны ў Еўракамісію і размешчаны ў адкрытым доступе ў інтэрнэце ў 2017 годзе, асноўны вывад: Беларуская АЭС устойлівая да ўзнікнення падзей, падобных да тых, што адбыліся на "Фукусіме" ў 2011 годзе. У час правядзення партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў Беларусь у сакавіку 2018 года наведала ўпаўнаважаная ENSREG група з 17 экспертаў з рэгулюючых органаў у сферы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. У яе складзе таксама былі прадстаўнікі Еўракамісіі, у якасці наглядальнікаў - прадстаўнікі МАГАТЭ, Расіі і Ірана.

Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення "3+" паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020-м.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі