Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 чэрвеня 2018, 10:59

Нацыянальнае кадастравае агенцтва ўпершыню ацаніла кошт сайтаў

13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальнае кадастравае агенцтва (НКА) Дзяржкаммаёмасці ўпершыню ацаніла кошт сайтаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік сектара індывідуальнай ацэнкі агенцтва Аксана Салянко.

"Супрацоўнікі НКА правялі ацэнку астаткавага і рыначнага кошту інтэрнэт-сайтаў, якія належаць буйному беларускаму аператару і распрацоўшчыку РУП "Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн". Для агенцтва гэта першы такі вопыт, раней аб'екты інтэлектуальнай уласнасці мы не ацэньвалі. НКА спецыялізуецца ў тым ліку на ацэнцы аб'ектаў нерухомай маёмасці: зямельных участкаў, капітальных збудаванняў, ізаляваных памяшканняў. Таксама мы аказваем паслугі па ацэнцы транспарту, абсталявання", - расказала Аксана Салянко.

Яна адзначыла, што ў Беларусі даволі рэдка ажыццяўляецца ацэнка рыначнага кошту камерцыялізаваных аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці (АІУ). "Пры ацэнцы сайтаў улічваюцца даходы, якія яны прыносяць. Разам з узрастаючым значэннем АІУ ў бягучай дзейнасці прадпрыемстваў паралельна пачне ўзрастаць і попыт на гэты від паслуг. Калі ў кліентаў ёсць патрэбнасць у такой ацэнцы, мы акажам ім кваліфікаваную дапамогу", - дадала субяседніца.

Асаблівасць інтэрнэт-сайта як аб'екта ацэнкі ў тым, ён уяўляе сабой састаўны прадукт працы. У яго могуць уключацца аб'екты аўтарскага права: камп'ютарная праграма, дызайн вэб-сайта, базы даных, геаграфічныя карты, таварны знак або знак абслугоўвання і інш.

Нацыянальнае кадастравае агенцтва з'яўляецца адной з ключавых арганізацый на рынку нерухомай маёмасці, у галіне маёмасных адносін і важным элементам інфраструктуры электроннага ўрада Беларусі. Агенцтва стварыла і забяспечвае функцыянаванне больш як 10 розных інфармацыйных рэестраў, рэгістраў, сістэм і сэрвісаў. У іх ліку рэгістр нерухомай маёмасці, рэестр цэн на зямельныя ўчасткі, рэестр адрасоў, адзіны рэестр адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак, адзіны рэестр дзяржаўнай маёмасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі