Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 студзеня 2017, 09:14

Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання да 17 працэнтаў гадавых

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 18 студзеня зніжана з 18 працэнтаў да 17 працэнтаў гадавых. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

З 18 студзеня зніжаюцца стаўка рэфінансавання з 18 працэнтаў да 17 працэнтаў гадавых і стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях Нацыянальнага банка па падтрымцы бягучай ліквіднасці банкаў з 23 працэнтаў да 22 працэнтаў гадавых.

У Нацбанку растлумачылі, што гэтыя рашэнні ў галіне працэнтнай палітыкі прымаліся з улікам шэрага асноўных фактараў. Так, у лістападзе 2016 года гадавая інфляцыя запаволілася да 11,4 працэнта. Паводле ацэнак, прырост спажывецкіх цэн па выніках 2016 года складзецца ніжэйшы за прагноз (12 працэнтаў), каля 11 працэнтаў. Тэмпы росту грашовага прапанавання застаюцца ўмеранымі: сярэдняя шырокая грашовая маса ў лістападзе 2016 года адносна аналагічнага перыяду 2015 года вырасла на 4,4 працэнта (39,2 працэнта на год раней). Працэнтныя стаўкі на дэпазітным і крэдытным рынках, нягледзячы на паступовае зніжэнне іх намінальных значэнняў, у рэальным выражэнні падтрымліваюцца на ўстойлівым дадатным узроўні. Паступова павышаецца знешнеэканамічная ўстойлівасць. Рахунак бягучых аперацый плацежнага балансу палепшыўся з мінус 0,3 працэнта да ВУП у III квартале 2015 года да 1,7 працэнта да ВУП у III квартале 2016 года, сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі - з 1,6 працэнта да 4,4 працэнта да ВУП адпаведна.

"На ўнутраным валютным рынку ў IV квартале мінулага года прадоўжылася фарміраванне чыстага прапанавання валюты, перш за ўсё з боку суб'ектаў гаспадарання і насельніцтва. Уклад курсавога фактару ў інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў застаецца нязначным. У цэлым бягучыя манетарныя ўмовы, як чакаецца, абумовяць далейшае запаволенне гадавой інфляцыі і выхад яе на адназначную велічыню ў I квартале 2017 года", - адзначылі ў Нацбанку і растлумачылі, што магчымасці далейшага зніжэння працэнтных ставак будуць вызначацца ўстойлівасцю зніжэння тэмпаў росту спажывецкіх цэн, адпаведнасцю яе фактычнай дынамікі прагнозу, а таксама станам плацежнага балансу Беларусі.

З 1 лютага на роўную велічыню змяняюцца нарматывы адлічэнняў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у фонд абавязковых рэзерваў: ад прыцягнутых сродкаў у нацыянальнай валюце зніжаюцца з 7,5 працэнта да 4 працэнтаў, ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце павялічваюцца з 7,5 працэнта да 11 працэнтаў.

Акрамя таго, з 1 ліпеня 2017 года змяняюцца падыходы да класіфікацыі і фарміравання спецыяльных рэзерваў на пакрыццё магчымых страт па крэдытах у замежнай валюце, не забяспечаных валютнымі паступленнямі для своечасовага і поўнага пагашэння запазычанасці крэдытаатрымальнікам. Пры гэтым фарміраванне спецыяльных рэзерваў па валютных крэдытах, класіфікаваных у II групу рызыкі, будзе ажыццяўляцца банкамі паэтапна з 1 ліпеня 2017 года па 1 ліпеня 2020 года.

У Нацбанку падкрэслілі, што гэтыя рашэнні прыняты ў рамках агульнай стратэгіі зніжэння даларызацыі эканомікі Беларусі і накіраваны на павышэнне прывабнасці рублёвых укладаў у параўнанні з валютнымі зберажэннямі і абмежаванне прымаемых банкамі крэдытных рызык.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі