Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 мая 2019, 12:52

Нацбанк Беларусі прэзентаваў абноўленыя банкноты Br5 і Br10

20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі прэзентаваў абноўленыя банкноты ўзору 2009 года наміналам Br5 і Br10 выпуску 2019 года, якія ўводзяцца ў абарачэнне з 20 мая, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рашэнне аб правядзенні мадыфікацыі існуючых у абарачэнні банкнотаў было прынята праўленнем Нацыянальнага банка ў верасні 2018 года. У адпаведнасці з раней агучанымі планамі ў 2019 годзе ўводзяцца ў абарачэнне абноўленыя банкноты наміналам Br5 і Br10, у 2020 годзе - Br20 і Br50. "Іх выраб абумоўлены наступнымі прычынамі. Для Нацбанка важна мець дастатковую колькасць банкнотаў розных наміналаў у абарачэнні. Банкноты Br5 і Br10 з'яўляюцца найбольш папулярнымі, яны займаюць каля 40 працэнтаў ад усіх банкнотаў, што знаходзяцца ў абарачэнні. Яны актыўна выкарыстоўваюцца як грамадзянамі, так і арганізацыямі гандлю і сэрвісу. Пры гэтым пастаянна павялічваецца аб'ём старых банкнотаў гэтага наміналу", - сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацбанка Сяргей Гайко.

Вытворцам банкнотаў 2019 года выпуску з'яўляецца акцыянернае таварыства "Дзяржзнак" (Расійская Федэрацыя). Ахоўны комплекс абноўленых банкнотаў наміналам Br5 і Br10 узмоцнены за кошт дадатковага вадзянога знака і больш шырокай засцерагальнай ніткі. З засцерагальнага комплексу была выключана скрытая выява з-за складанасці яе праверкі для грамадзян, а таксама ў сувязі з тым, што па меры забруджвання банкнота гэты элемент страчвае свае ахоўныя ўласцівасці. У дызайн абноўленых банкнотаў у параўнанні з існуючымі ў абарачэнні банкнотамі наміналам Br5 і Br10 унесены наступныя змяненні: выключаны рэквізіт "Старшыня Праўлення" і факсіміле подпісу, прыведзены ў адпаведнасць з актуальным знешнім выглядам выявы архітэктурных збудаванняў на правых баках банкнотаў і дадзены іх назвы. А замест "2009" указаны год выпуску ў абарачэнне - "2019".

"Нацбанк пастаянна працуе над пытаннямі павелічэння тэрміну службы банкнотаў. Банкноты наміналам Br5 і Br10 узору 2009 года былі лакіраваны з аднаго боку, і ў іх былі ўмацаваны толькі вуглы. У мадыфікаваных банкнотаў лакіраванне праведзена на двух баках, умацаваны ўсе краі банкноты. Мяркуем, што тэрмін службы гэтых банкнотаў будзе павялічаны прыкладна ў 1,5 раза. Тэрмін службы банкнотаў дробных наміналаў мы ацэньваем да года, сярэдніх - да 3 гадоў, буйных - да 5 гадоў", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Дадатковы выраб наяўных грошай не азначае павелічэнне грашовай масы, паколькі іх выпуск у абарачэнне прыводзіць да пераходу грашовых сродкаў з безнаяўнай формы ў наяўную, паколькі банкі за атрыманыя грашовыя знакі пералічваюць Нацыянальнаму банку іх безнаяўны эквівалент.

Цяпер на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца ў абарачэнні 7 наміналаў банкнотаў - 5, 10, 20, 50, 100, 200, 500 рублёў і 8 наміналаў манет - 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 беларускія рублі. Асноўную ўдзельную вагу займаюць банкноты Br5, Br10, Br20 і Br50, невялікую - Br100. Банкноты Br200 і Br500 практычна адсутнічаюць у абарачэнні.-0-

Фота Аксаны Манчук

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі