Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 кастрычніка 2019, 19:55

Намаганні краін ЕАЭС павінны быць сканцэнтраваны на зняцці бар'ераў і абмежаванняў у гандлі - Румас

25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намаганні краін Еўразійскага эканамічнага саюза павінны быць сканцэнтраваны на зняцці бар'ераў і абмежаванняў у гандлі, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў Маскве, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы сістэматызавалі работу па ўстараненні перашкод на ўнутраным рынку саюза, адпаведныя пытанні сталі пастаяннымі ў парадках дня пасяджэнняў і міжурадавага савета, і Савета ЕЭК. Дзмітрый Анатольевіч (Мядзведзеў. - Заўвага БЕЛТА) прыводзіў лічбы, чаго мы дасягнулі ў бягучым годзе. Але ў той жа час абмеркаванне бар'ераў на ўзроўні ўрадаў - гэта барацьба з вынікам, а не з першапрычынай, - адзначыў Сяргей Румас. - У аснову павінна быць пастаўлена выкананне права ЕАЭС, тады і пералік перашкод стане меншым. Цалкам відавочна, што бар'еры і іншыя абмежаванні ў гандлі вельмі негатыўна ўплываюць на развіццё як узаемнага тавараабароту, так і эканомікі саюза ў цэлым, таму менавіта тут павінны быць сканцэнтраваны далейшыя намаганні краін ЕАЭС".

Кіраўнік беларускага ўрада звярнуў увагу, што бягучы год для ЕАЭС не быў простым, не ўсе рашэнні былі прыняты, не ўсе праблемныя пытанні зняты. "Тым не менш паслядоўны і паступальны рух наперад быў прадоўжаны - гэта бясспрэчна", - сказаў прэм'ер-міністр. Сваё напаўненне атрымаў лічбавы парадак дня Еўразійскага эканамічнага саюза, створаны механізмы яго рэалізацыі, вызначаны інструменты ўзаемадзеяння бакоў, прапрацаваны дзясяткі ініцыятыў і дадзены старт першым лічбавым праектам.

У бягучым годзе падпісана пагадненне аб механізме прасочвальнасці тавараў, увезеных на мытную тэрыторыю ЕАЭС. "Гэта сур'ёзны крок наперад у вырашэнні задачы па пацвярджэнні законнасці абароту тавараў, вывядзенні яго з шэрай зоны", - падкрэсліў Сяргей Румас.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі