Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 ліпеня 2019, 14:54

Мінфін ініцыіруе змяненні ў сферы страхавання

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства фінансаў Беларусі пачало падрыхтоўку канцэпцыі закона "Аб страхавой дзейнасці". Аб прапануемых новаўвядзеннях расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення страхавога нагляду Мінфіна Наталля Новікава ў матэрыяле, апублікаваным у часопісе "Финансы. Учет. Аудит", паведамляе БЕЛТА.

Так, прапануецца ўстанавіць адзіныя падыходы да работы страхавых арганізацый розных форм уласнасці. У выніку ў недзяржаўных страхоўшчыкаў пашырацца магчымасці ў частцы абавязковага страхавання і страхавання маёмасных інтарэсаў дзяржаўных юрыдычных асоб, а ў дзяржаўных страхавых арганізацый - пры размяшчэнні і інвесціраванні ўласных сродкаў і сродкаў страхавых рэзерваў.

Прадугледжана лібералізацыя сістэмы перастрахавання, уключаючы паэтапнае скарачэнне памеру абавязковага перастрахавання. Неабходнасць такіх змяненняў неаднаразова адзначалі эксперты Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду.

У законапраекце павінны знайсці адлюстраванне пытанні ліцэнзавання дзейнасці страхавых арганізацый. Так, цяпер пры парушэнні страхавой кампаніяй ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў Мінфін абавязаны вынесці патрабаванне ўстараніць парушэнні за 6 месяцаў. Калі страхоўшчык гэтага не зрабіў, нават з-за аб'ектыўных прычын, Мінфін павінен спачатку прыпыніць, а потым спыніць дзеянне ліцэнзіі. "Для страхавой кампаніі гэта фактычна азначае перадачу страхавога партфеля і ліквідацыю. Але не ўсе парушэнні патрабуюць такога строгага падыходу", - адзначыла Наталля Новікава. Таму ў Мінфіне маюць намер прапанаваць іншую сістэму, якая дала б магчымасць рэгулятару ацэньваць, як страхавая кампанія выпраўляе сітуацыю, прадаставіць ёй больш доўгі час для ўстаранення парушэнняў і не прыпыняць пры гэтым дзеянне ліцэнзіі.

Канцэпцыя закона таксама прадугледжвае вяртанне ліцэнзавання страхавых брокераў. Раней яно дзейнічала, але было адменена ў 2011 годзе ў сувязі з неразвітасцю інстытута. Аднак у Мінфіне звяртаюць увагу, што тады іх было ўсяго 6, а цяпер ужо 30. Пры гэтым функцыі страхавых брокераў істотна пашыраны. "Вяртанне да ліцэнзавання страхавых брокераў, з аднаго боку, павысіць іх статус, з іншага - прадаставіць рэгулятару дзейсны механізм абароны інтарэсаў страхавальнікаў, страхавых арганізацый, дзяржавы", - лічыць Наталля Новікава.

Акрамя таго, Мінфін прапануе замацаваць у законапраекце асновы інвестыцыйнага страхавання жыцця. Гэта прадукт, які спалучае страхаванне жыцця і фінансавы інструмент, дае магчымасць атрымаць даход за кошт інвесціравання часткі ўнесеных грошай у розныя фінансавыя актывы, напрыклад, у аблігацыі або каштоўныя металы і да т.п. Страхавы ўзнос кліента разбіваецца на гарантаваную частку і інвестыцыйную. Гарантаваную частку страхавая арганізацыя інвесціруе ў кансерватыўныя фінансавыя інструменты з фіксаванай даходнасцю, атрыманы даход дае магчымасць забяспечыць гарантаваную суму выплаты. Інвестыцыйная частка ўкладваецца ў высокадаходныя, але адначасова і высокарызыкоўныя фінансавыя інструменты, за кошт якіх прадугледжваецца істотны інвестыцыйны даход.

Пры падрыхтоўцы праекта закона плануецца вярнуцца да дыферэнцыяцыі памераў мінімальнага статутнага фонду страхавых кампаній (сёння ён адзіны для ўсіх).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі