Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 ліпеня 2019, 14:46

Мінфін Беларусі завяршае перагаворы з Банкам развіцця Кітая па крэдыце на 3,5 млрд юаняў

9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінфін Беларусі завяршае перагаворы з Банкам развіцця Кітая па крэдыце на 3,5 млрд юаняў, паведаміў сёння намеснік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Белкавец на канферэнцыі Fitch Ratings "Беларусь у 2019 годзе: агляд па макраэканамічнай сітуацыі і банкаўскім сектары", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы плануем узяць $0,6 млрд на знешнім рынку (у 2019 годзе. - Заўвага БЕЛТА) па-за аблігацыямі. Першапачаткова разлічвалі на крэдыт Расійскай Федэрацыі. Сёння пытанне прадастаўлення расійскага крэдыту крыху адкладаецца, але ў якасці альтэрнатывы знайшлі варыянт з кітайскімі крэдыторамі (Банк развіцця Кітая. - Заўвага БЕЛТА), сёння завяршаем перагаворы і замесцім крэдыт РФ крэдытам з боку нашых кітайскіх партнёраў", - расказаў Андрэй Белкавец.

Агульны аб'ём плацяжоў па знешнім дзярждоўгу ў 2019 годзе ацэньваецца прыкладна ў аб'ёме $3,2 млрд. "Гэта планавая лічба, яна можа быць меншая. Мы закладваем патэнцыяльны рост плаваючых ставак, розніцу ў курсах", - растлумачыў намеснік міністра. У тым ліку $1,1 млрд складзе абслугоўванне знешняга дзярждоўгу, яшчэ $2,1 млрд - пагашэнне. Паводле слоў Андрэя Белкаўца, расходы на абслугоўванне пакрываюцца за кошт валютных даходаў бюджэту.

Як паведамлялася раней, Беларусь плануе да канца 2019 года прыцягнуць ад Банка развіцця Кітая крэдыт на 3,5 млрд юаняў, што ў эквіваленце складае больш за $500 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі