Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 лютага 2018, 11:50

Мінфін Беларусі не выключае магчымасці размяшчэння аблігацый на азіяцкім рынку

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства фінансаў Беларусі не выключае магчымасці размяшчэння аблігацый на азіяцкім рынку, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў перад пачаткам падагульняючай калегіі ведамства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ад размяшчэння аблігацый на азіяцкіх рынках мы не адмаўляемся. З улікам аб'ёму пагашэння нашага доўгу нам трэба працаваць над прыцягненнем рэсурсаў. Гэта работа вялася і ў мінулым годзе. Калі ўдасца ў гэтым годзе (размясціць аблігацыі. - Заўвага БЕЛТА) - будзе нядрэнна", - падкрэсліў намеснік міністра.

Юрый Селіверстаў адзначыў, што ўнутраны кітайскі рынак Беларусі цікавы. "Але там ёсць свае працэдуры, якія крыху адрозніваюцца ад тых, якія ёсць па выпуску еўрабондаў. Будзем працаваць", - растлумачыў ён.

Намеснік міністра нагадаў, што 15 лютага пачалося road show еўрабондаў у ЗША і Еўропе. "Нашы калегі цяпер у ЗША, потым будуць у Лондане. Зыходзячы са стратэгіі нашай работы, называць умовы (размяшчэння еўрааблігацый. - Заўвага БЕЛТА) да арганізацыі таргоў дачасна. З улікам таго, што ў мінулым годзе мы правялі шэраг сустрэч з інвестарамі ў канцы года, нам здаецца, што цяпер спрыяльная сітуацыя для размяшчэння", - расказаў ён.

Прадстаўнікі Мінфіна з 15 лютага праводзяць серыю сустрэч з патэнцыяльнымі інвестарамі ў ЗША і Еўропе. Арганізатарамі road show выступаюць Citi і Raiffeisen Bank International AG. Суарганізатарам - Банк развіцця Беларусі.

Прапануюцца да размяшчэння еўрааблігацыі, намініраваныя ў доларах, мяркуемым тэрмінам абарачэння 10-12 гадоў.

Як раней паведамлялася, Беларусь плануе размясціць еўрааблігацыі на $600 млн у I паўгоддзі 2018 года.

У 2017 годзе Беларусь размясціла еўрааблігацыі ў аб'ёме $1,4 млрд. Еўрабонды былі размешчаны двума траншамі даходнасцю на ўзроўні 7,125 працэнта і 7,625 працэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі